Вы тут

Рамантычны ўікенд ад Юлі Раманьковай


Дакрануцца да гузіка сапраўднага ліхтаршчыка, пазнаёміцца з побытам 13 стагоддзя, сустрэць рамантычны захад сонца і пачуць «запаветны напеў» Белавежскай пушчы.


Усё гэта можна зрабіць у гістарычным і музычным Брэсце.

Вандроўка па цудоўнаму гораду — падарунак майго каханага на Дзень нараджэння. У 22.40 у пятніцу мы сядзелі ў цягніку і частавалі нашага суседа па купэ святочным тортам з лавандай.

Раніца. Брэст. Вакзал. Дарэчы, першы будынак вакзала выглядаў як сярэдневяковы замак. Адкрыў яго імператар Аляксандр III. Парада: купіце ў любым кіёску «Белдрук» турыстычную карту. Так прыемна адзначаць алоўкам мясціны, дзе ўжо пабывалі.

Брэсцкая «пешаходка»

Вуліца Савецкая — самая папулярная ў горадзе. У сярэдзіне высіцца помнік 1000-лецця Брэста. Калі проста абысці яго кругам, можна дазнацца шмат цікавых фактаў пра горад. На гарэльефе 6 сюжэтаў. У прыватнасці, легенда заснавання Брэста, Грунвальдская бітва, выданне Берасцейскай Бібліі Радзівілам. Берасцейцы вельмі ганарацца сваёй гісторыяй і горадам. На вітрынах магазінаў, на вокнах ёсць вельмі стылёвыя і сучасныя наклейкі «Брест 1000 лет» з гербам.

Савецкая, 10 — адрас Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы. Цікава, што на месцы царквы першапачаткова знаходзіўся кафедральны Мікалаеўскі сабор, дзе была прынята Брэсцкая ўнія 1596 года.

Зусім недалёка ад брэсцкай «пешаходкі» на вуліцы Міцкевіча, 21/1 ёсць Зімовы сад. Ад яго мы былі ў захапленні! Там круглы год буяе зеляніна, растуць экзатычныя расліны (таксама ядавітыя), жывуць папугаі і рыбкі. Можна зрабіць прыгожыя фотаздымкі, надыхацца прыемным пахам і нават купіць экзатычную кветачку.

Брэсцкая крэпасць

Яе пачалі будаваць у 1833 годзе па ўказе імператара Мікалая I. Падчас Вялікай Айчыннай вайны абарона крэпасці працягвалася да канца чэрвеня 1941 года. У ліпені 1941 года там яшчэ змагаліся воіны-адзіночкі.

На тэрыторыі крэпасці ёсць скульптура «Смага», дзе людзі пакінулі поўную бутэльку вады, манумент «Мужнасць», руіны Белага палаца і інжынернага кіравання, Плошча Цырыманіялу з мемарыяльнымі плітамі і абеліскам-штыком, Холмскія вароты, гарнізонная царква і некалькі музеяў.

Шчыра раім наведаць Брэсцкі мастацкі музей. Раней там знаходзілася казарма, якая зараз засталася на карціне Пятра Данэліі «Апаленая вайной». Цяпер тут — больш за 500 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, народных мастацкіх рамёстваў.

Пабудовы 13 стагоддзя і кот, які прыносіць удачу

Самы незвычайны і ўнікальны музей — «Бярэсце». Там захавалася 28 пабудоў 13 стагоддзя! Цікавыя экспанаты — бразготка 12 ст., шахматная фігурка караля, мяч 13 стагоддзя і грэбень з 13 літарамі кірыліцы. Яшчэ ў музеі жыве кот Берасцейка. Ён прыносіць удачу і здзяйсняе жаданні.

Цеплаход і згублены тэлефон

Берасцейцы растапілі маё сэрца: вельмі добрыя і ветлівыя людзі. Дзесьці на Набярэжнай Францыска Скарыны я першы раз у жыцці згубіла тэлефон. На шчасце, берасцеец адказаў на званок і вярнуў прапажу.

Мы нават паспелі на цеплаход, актуальны расклад якога ёсць на набярэжнай. Гэты карабель — падарунак Брэсту з Алімпіяды-80. На Заходнім Бугу сустрэлі самы рамантычны і прыгожы захад сонца, павіталі людзей на беразе.

Белавежская пушча

Аўтобус да Белавежскай пушчы едзе 1,5 гадзіны з перапынкамі: квіткі можна набыць на аўтамабільным вакзале Брэста. Пакуль едзеце, ўважліва глядзіце ў акно: мелькам убачыце Камянецкую вежу.

Спачатку мы трошкі разгубіліся. Куды ісці? На стэндзе — шмат маршрутаў, большасць з якіх — веласіпедныя. Ёсць магчымасць — бярыце веласіпеды з сабой, сэканоміце. Але і для пешаходаў ёсць цікавыя маршруты. Раскажу пра наш.

«Азёрнае кальцо» — самы просты (але не менш цікавы) пешаходны маршрут. Па прыгожаму сасноваму лесу дайшлі да возера Плянта-1, пасядзелі ў альтанцы. Потым звярнулі на сцяжынку, па якой дакладна не праехаць на веласіпедзе. Пабачылі зялёнае, магічнае возера Плянта-2, якое амаль пераўтварылася ў балота. Казка, і няма ні воднага чалавека! Пайшлі далей і дакрануліся да гітанскага ядлоўца. Калі вы пойдзеце яшчэ далей, то апыніцеся ў яловым лесе, на возеры Плянта-3 і ўбачыце пасадкі дуба паўночнага.

Раім схадзіць да вальераў і паглядзець на жывёл: воўкі, мядзведзі, алені, вельмі прыгожыя коні і наш сімвал — зубр (нават і маленькі). На касе для іх прадаецца корм. Карміць хлебам забаронена, ад гэтага ў іх баліць жывот!

Нават некалькі гадзін у Белавежскай пушчы падарылі незабыўныя эмоцыі! Адназначна вырашылі вярнуцца сюды яшчэ не адзін раз.

Па вуліцы Леніна

У Брэсце мы завіталі ў незвычайную брэсцкую пельменную: зусім побач з вакзалам. Пакаштавалі варэнікі з бульбай і грыбамі, а яшчэ пельмені з чырвонай рыбай! Прыемная атмасфера, вельмі смачная (і недарагая) ежа і напоі.

Напаследак прайшліся па вуліцы Леніна, дзе таксама шмат цікавасцей. Напрыклад, будынак банку 1926 года, межавы знак, які «... границей служил между землями города и крепости с 1836 г. по 1915 г», брэсцкі нулявы кіламетр, прыгожы і лаканічны Касцёл Узвышэння Святога Крыжа...

На ліхтарах

Беглі зноў на Савецкую. Перад вачыма пранёсся прыгожы Кафедральны сабор святога Сімеона — самы стары праваслаўны храм Брэста. За паўтара стагоддзя існавання ён ні разу не закрываўся. У гэтым саборы копію крыжа Еўфрасінні Полацкай асвяціў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Вечарам на Савецкай — нібыта на канцэрце. Выступы на любы смак: замежныя і аўтарскія песні пад укулеле, сучасныя хіты пад гітару і барабаны, класічныя мелодыі на скрыпцы, танцавальная група. Здавалася, увесь Брэст выйшаў паслухаць музыкантаў, некаторыя нават залазілі на ліхтары, каб убачыць гітарыста!

Ах да! Знакаміты ліхтаршчык працуе на Савецкай кожны вечар. Сапраўды так цікава назіраць за гэтым незвычайным заняткам. Ліхтаршчык вітаўся і абдымаўся са знаёмымі прадаўцамі, заходзіў у месныя кафэ. Нікому не адказваў у фотаздымках і пазіраваў, калі запальваў чарговы ліхтар. А яшчэ можна дакрануцца да яго гузіка, загадаць жаданне, каб зноў вярнуцца ў Брэст.

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».