Вы тут

На «Беларусь 3» — «Няўлоўныя мсціўцы». Усё пра незвычайнае для СССР кіно


Гледачам і ў галаву не прыходзіла, што «няўлоўныя» маглі так і не з'явіцца на савецкіх кінаэкранах. Бо супраць іх гулялі не толькі разумныя і хітрыя «вашы благароддзі», але і яго вялікасць выпадак... На здымках юныя акцёры не раз аказваліся на валаску ад гібелі. І ўсё гэта для таго, каб у выніку ўступіць у схватку з мастацкім саветам кінастудыі, якому фільм катэгарычна не падабаўся. Больш падрабязна пра закуліссе працэсу стварэння кінастужкі гледачы сацыякультурнага тэлеканала змогуць даведацца з дакументальнага фільма «Вялікае кіно. Няўлоўныя мсціўцы», таксама ў эфіры з 5 да 7 лістапада запланаваны паказы ўсіх трох частак гэтай кінаработы.


Першы фільм так і называўся — «Няўлоўныя мсціўцы». Яго рэжысёр Эдмонд Кеасян зняў у 1966 годзе... Героіка-прыгодніцкая кінастужка, дзе зняліся Васіль Васільеў, Віктар Касых, Валянціна Курдзюкова, Міхаіл Мяцёлкін, Іна Чурыкава і шэраг іншых акцёраў, распавядае пра прыгоды чатырох падлеткаў у гады Грамадзянскай вайны па аповесці Паўла Бляхіна «Чырвоныя чарцяняты» (1921 г.). У сваім творы аўтар імкнуўся рамантызаваць барацьбу за ўладу. Аповесць мела настолькі вялікую папулярнасць, што яе нават ставілі ў тэатрах па ўсёй краіне. У 1923 годзе з'явіўся аднайменны фільм рэжысёра Івана Перэсціяні. А вось ужо «Няўлоўныя мсціўцы», паводле адной легенды, свайму з'яўленню абавязаныя нейкаму начальніку кінастудыі «Масфільм», які быў апантаны ідэяй зняць айчынны вестэрн на хвалі папулярнасці амерыканскай «Цудоўнай сямёркі».

Калі распачаліся здымкі «Няўлоўных мсціўцаў», імя іх рэжысёра ўжо было вядомае па такіх работах як кінастужка «Лесвіца», кароткаметражка «Тры гадзіны дарогі», камедыя «Кухарка». І цяпер Эдмонд Кеасян вырашыў паспрабаваць сябе ў новым жанры, які потым крытыкі ахрысцілі істэрнам па аналогіі з вестэрнам. Першапачаткова фільм рэжысёрам задумваўся як казка для яго шасцігадовага сына. Быў напісаны сцэнарый пад назвай «Знак чатырох», дзе аўтары змянілі арыгінальны сюжэт: у тым ліку з'явіўся чацвёрты герой, хоць у кнізе іх трое. Канчатковая назва кінастужкі ўзнікла ўжо на здымачнай пляцоўцы. Вобраз саміх мсціўцаў зборны, і ўсё ж пасля прагляду фільма яго героям хацелася адпавядаць...

Што да пошуку акцёраў на галоўныя ролі, то спачатку іх планавалі набраць з прафесійных студэнтаў УДІКа, аднак потым давялося шукаць тую самую чацвёрку па спартыўных школах, цыркавых вучылішчах, іпадромах. Напрыклад, актрысу на роль Ксанкі знайшлі ў спартзале, ёю стала кандыдат у майстры спорту па спартыўнай гімнастыцы 14-гадовая Валя Курдзюкова.

Адметны фільм яшчэ і тым, што ў ім трукі (іх было 43) выконвалі самі акцёры. Так, Віктар Касых згадваў некаторыя эпізоды, пасля якіх цудам выжыў: «...Там я спыняю коней, якія шалёна скачуць. Я тады няўдала выскачыў на дарогу, і коні ўзялі ўбок. Аглобляй мяне збіла з ног, і ўся тачанка праехала па мне. Складана ў тое паверыць, але тады я самастойна ўстаў на ногі». Наогул, рэжысёр вельмі адказна ставіўся да падрыхтоўкі сваіх галоўных герояў. Чацвёрку амаль тры месяцы ўзмоцнена трэніравалі ў самба, верхавой яздзе, плаванні. Валя хацела не адставаць ад таварышаў у кадры, таму таксама плавала і нырала, а ў выніку ў дзяўчыны забалелі вушы і яна трапіла ў бальніцу. Але самым небяспечным лічыцца эпізод, дзе цягнік прарываецца праз мост, што гарыць. Там героі ігралі ў кампаніі самога рэжысёра, які быў задзейнічаны як машыніст цягніка.. А пасля ўжо з'явіўся і працяг легендарных прыгод — фільмы «Новыя прыгоды няўлоўных» (1968 г.) і «Карона Расійскай імперыі, або Зноў няўлоўныя» (1972 г.). Апошні фільм, як і першы ў свой час, стаў лідарам у пракаце, сабраўшы аўдыторыю ў 60 мільёнаў гледачоў.

Алёна ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?