Вы тут

Разам з лялькамі-грэлкамі Анжалікі Воранавай у дамы ўваходзіць утульнасць


Разам з лялькамі-грэлкамі Анжалікі Воранавай у дамы ўваходзіць атмасфера утульнасці, чагосьці немітуслівага, надзейнага, вечнага.


Калі прыходзяць халады, у прафесійнага закройшчыка Анжалікі Воранавай абвастраецца прага творчасці. Яна дастае свае тканюшкі (менавіта так называе майстар запасы натуральных баваўняных абрэзаў) і прымаецца рукадзельнічаць.

— Упершыню занялася лялькамі гадоў 20 таму: дзеці былі маленькімі, хацелася падарыць ім адчуванне свята, — расказвае мая суразмоўца. — Пачала шыць пальчаткавых і пальчыкавых персанажаў для хатняга тэатра. Сама пісала сцэнары, развучвала з дачкой і сынам ролі, ладзіла паказы. Зараз дзеці ўжо дарослыя, але ўсё роўна падштурхоўваюць мяне да творчасці. Ды я і сама маю патрэбу ў ім.

Сёння прыярытэт Анжалікі — лялькі-грэлкі. Можна сказаць, яе хобі — з настальгіі па сапраўднаму, па дзяцінстве. Адны з самых яркіх яе ўспамінаў — летнія вакацыі ў бабулі, характэрныя пахі вясковай хаты, хатняя жыўнасць, адчуванне бесклапотнасці. Печ, сушаныя яблыкі, вязанкі цыбулі. На стале — горка найсмачных бліноў, варэнне, гарбата. Ці гэта не шчасце?

Лялька-грэлка — з аднаго боку рэч эстэтычная, для ўпрыгожвання побыту, а з другога — цалкам утылітарная, прызначаная для захавання гарбаты і ежы цёплымі. Для Анжалікі яе вырабы — сімвал сямейнага застолля, калі ўсе збіраюцца разам і ўзнікае адчуванне сапраўднага Дома, крэўнага і духоўнага сваяцтва, згуртаванасці і адзінства.

— Самы любімы этап творчасці ў мяне — зараджэнне і афармленне ідэі, калі ўзнікае вобраз, выяўляюцца рысы і касцюм персанажа, — прызнаецца суразмоўца. — Часам не магу дачакацца вечара, каб узяцца за шыццё, настолькі натхнёная задумай. Затое на этапе ўвасаблення задуманага лялькі нярэдка пачынаюць «капрызіць», дыктаваць нешта сваё — у выразе і рысах твару, у гардэробе і аксэсуарах. І я прыслухоўваюся да сваіх паненак, імкнуся дагадзіць. Для мяне яны жывыя. Калі завяршаю працу, ёсць жаданне з імі шчыра паразмаўляць. 

Абаяльныя, харызматычныя, у яркіх сукенках, фартухах, хустачках або каптурах. Што ні вобраз, то характар. Напэўна шмат хто пазнае ў іх рысы сваіх родных бабуль, якія падарылі пачуццё безумоўнага кахання, якое сагравае на працягу ўсяго жыцця. Звычайна лялькі-грэлкі Анжалікі Воранавай набываюць у якасці падарунка — родным, блізкім, сябрам. 

— Адна са знаёмых адвезла маю ляльку-грэлку як сувенір у ЗША, — успамінае майстар. — І падлетак у той сям’і, дзе яна гасцявала, не маючы ўяўлення аб прызначэнні гэтага прэзента, адзеў яго на галаву, прыняўшы за шапку. Па словах прыяцелькі, выглядала гэта вельмі пацешна. І я парадавалася творчаму падыходу амерыканскага тынэйджара. Галоўнае, каб людзям падабаліся мае вырабы, каб яны кагосьці ці нешта сагравалі, уносілі ў хату добры настрой, стваралі свята. Вядома ж, галоўнае, каб «не астывала ў кружцы гарбата, у хаце — ачаг, а ў сэрцы — каханне».

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадастаўлена Анжалікай ВОРАНАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.