Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Вучыся, нябожа, вучэнне паможа...»


«Вучыся, нябожа, вучэнне паможа...»

Жыццё ў вёсцы заўсёды было адметным. Ну хоць сабе і пасядзелкамі... Праўда, улетку на іх часу няма (і ніколі не было, хіба ў нядзельку людзі на лаўках збіраліся), а вось доўгімі асеннімі ды зімовымі вечарамі любілі вяскоўцы схадзіць на сяло.


Фота: pixabay.com

У нашай хаце такой «пасялухай» найчасцей была цётачка Маня, татава сястра. Колькі ж яна ведала баек ды розных гісторый!.. Я нейкі час захаплялася аповесцю Алены Васілевіч «Расці, Ганька». Начытаюся, помню, пра яе прыгоды, і давай расказваць. Цётка тады паслухае, на кніжку паглядзіць ды скажа: «Там — твая Ганька, а тут — цётка Манька. Я вось пра сябе раскажу».

І ўсё: вечар гумару ў нас распачаўся, хоць гаварыла госця досыць сур'ёзна. Пра тое, напрыклад, як сваёй маме есці ў поле насіла.

— Я тады дурная была, — уздыхала расказчыца, — за чыстую манету ўсё прымала. Дык во слухайце. Мама ў той дзень спяшалася ў поле, сказала мне, што работы шмат, што дамоў на абед ёй далёка ісці, дык ты ўжо, дачушка, хоць хлеба мне прынясі — на раз укусіць.

Для мамы? У поле? Ды я ж гэта з радасцю, лёгка! Я ледзь дачакалася, калі той абед!

З печы сама дастала чыгунок з нейкім супам — наліла сабе ладную місачку, з'ела. Адрэзала скваркі і дзве лусты хлеба. Адну з'ела, запіла малаком, другую маме ўзяла і подбегам на тое поле...

А яно і сапраўды ад нас далекавата. Я, пакуль ішла, некалькі разоў спынялася, адпачывала, глядзела на маміну лусту хлеба ды прыкідвала, што там не на раз укусіць, — там болей!..

Каб меней зрабіць, я па дарозе стала надкусваць...

Але ж вось яно, тое поле. Я прыйшла да мамы. Яна рада мне. Пытае:

— А што ж ты, дачушка, з пустымі рукамі?

— Не з пустымі, — кажу і кулачок расціскаю: на, маўляў, ты ж прасіла на раз укусіць?

Мама паглядзела на мяне, на той хлеб, і ўсміхаецца:

— А ты, мая маленькая, што ў абед ела?

Я давай прыпамінаць ды ўголас пералічваць: суп, скварку з хлебам, малако... І так мне пры гэтым сорамна стала, хоць пад зямлю праваліся!..

Мы з мамай разам заплакалі.

...З цётчынага прызнання, што яна дурная была, пачыналася яшчэ адна цікавая гісторыя:

— Аднойчы я па сцежцы, па полі ішла, а баба Ульяна буракі там палола. Згледзела мяне, разагнулася ды кажа:

— Маня, ты ж ладная ўжо дзяўчынка? А прайшла — не павіталася... Нядобра так.

Я вушы навастрыла: а як жа добра, як трэба было?

— Трэба, — кажа бабуля, — запыніцца крыху каля чалавека, «дзень добры» яму аддаць. А калі той нешта робіць, сказаць яму: «Памагай бог!» Запомніла?

Было б там што запамінаць!

Прайшла я метраў з дзесяць наперад, развярнулася і назад. З бабуляй параўнялася.

— Дзень добры! — кажу. — Памагай бог!

Яна ў адказ мне:

— І табе, дзіцятка, дзень добры!.. Дзякуй! Малайчына, Манечка!

Спадабалася мне гэта пахвала! Ды так, што пакруцілася я каля поля і зноў па той сцежцы да бабулі іду. Кажу:

— Дзень добры!..

Ну і далей — пра бога, а бабуля ў адказ толькі ўсміхнулася — нічога не сказала.

Мусіць, думаю, не пачула, яна ж старая... Таму я прайшлася яшчэ раз... І яшчэ: ужо гучней віталася.

І бабуля такі пачула!

Ужо не помню, якімі словамі, але ж сказала мне, што людзі разумныя — і дзеці, і дарослыя — вітаюцца з чалавекам адзін раз...

Я вось гэта на ўсё жыццё запомніла і потым віталася так, як трэба. Паразумнела крыху.

...З падачы цётачкі Мані разумнелі, вучыліся думаць і мы, потым — нашы дзеці. Можа, яе ўрокі і нейкім чужым спатрэбяцца?

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

г. Узда


Не сілай, дык хітрасцю, або Таемная зброя жанчын

...Пачну здалёк — звычка ў мяне такая.

Як ні выхоўвай чалавека, як ні даводзь яму, што можна, што нельга, — ён усё роўна, калі вострая патрэба ці нешта недзе дрэнна ляжыць, — спрабуе ўзяць, прысабечыць, бо яно ж і праўда (згадзіцеся!): «Няма лепей, як украдзеш, няма горш, як зловяць».

Крадзяжы, праўда, вельмі розняцца: найперш — сваімі маштабамі. Але ж апаска застаецца адна: каб, крый бог, не злавілі! Дзеля таго (я тэлевізар гляджу, газеты чытаю) ствараюцца злачынныя групоўкі, падрабляюцца вельмі важныя дакументы, выдумляюцца розныя схемы, аферы...

А вось некалі ўсё прасцей было: сцягнуў што надумаў — і ходу: альбо ўцякай з усіх ног, альбо хавайся ў бульбу, як той казаў.

Зрэшты, знаёмыя цёткі яшчэ адзін ход прыдумалі.

...Тая зіма ў пачатку 1960-х неяк дужа зацягнулася. Вяскоўцы (і найперш адзінокія жанчыны, удовы) усе прыпасы кароўкам скармілі: у многіх напрадвесні — каб жменька сена!
А там, глядзіш, ні ахапка саломы… І не возьмеш нідзе: у каго пазычыш, калі кожнаму самому трэба, дзе тавар гэты купіш, ды і за што?

Карацей, адно застаецца: да калгаснага стога схадзіць, ношку-другую адтуль прынесці.

Лёгка сказаць, а вось зрабіць… І грэх жа, і сорам, і цяжка, і страшна, асабліва — жанчынам ды маладым і калі па адной ісці, а вось гуртам...

Гэтыя цёткі ўшасцёх сабраліся. У поле, да стога, ужо цямком пайшлі. Ношкі навязалі — як падняць! За плечы ледзь пазакідалі — цягнуць у бок сяла. Нават блізка падышлі, калі ззаду ў іх фары бліснулі: няйначай брыгадзір з новым старшынёй рэйд праводзяць?! Значыць, тут жа зловяць іх, і тады ўжо ўсё: суд, пакаранне, гамон... Цёткі ў паніцы, што ж рабіць?..

Толькі найстарэйшая, удава Лізавета, розум не траціць. Камандуе: «Ношкі — у канаву! (Самім туды позна. І мелка...) Спадніцы — уверх! Спраўляем патрэбу».

Адна, малая, і без загаду — ад страху ўжо наспела!

Нехта з жанчын прысеў, а трое (зусім выпадкова) радочкам сталі — у позе «высокага старту»)...

Старшынёўскі «козлік» наблізіўся, трохі прытармазіў і наперад — куляй!..

Як даведаліся цёткі пазней, разгубіўся малады старшыня ад такога відовішча, толькі потым, ад'ехаўшы, у брыгадзіра спытаў:

— А што гэта было?

Той (з хітрынкай):

— Дык можа, вернемся — паглядзім?

— Не, брат! .. Бабы... Ну іх у балота! Возьмуць ды яшчэ што пакажуць...

Карацей, пабаяўся старшыня: ведама, новенькі і малады яшчэ — нават нежанаты быў. А вось брыгадзір — дык той вярнуўся б. Казаў, што цікавае «кіно» было, што яго, вось такое, наўрад ці болей убачыш.

...Што датычыцца шасцёркі жанчын, то салому яны, вядома ж, не кінулі — дацягнулі да двара Лізаветы (ён найбліжэйшы быў) і ўжо там адвялі душу — сталі рагатаць. Прычым з радасці: і саломы ж прынеслі, і ад начальства не ўцяклі, не схаваліся — спрацавала хітрасць, таемная жаночая зброя.

...Вось гэтак па вёсках людзі жылі: здаралася, кралі патрошку, каб выжыць. І святкавалі, калі не зловяць. Цяжка ім было, але чамусьці і весела.

Соф'я ВАРОНІНА

Быхаўскі раён


Культурная гаспадыня

...Тое, што Колька, сірата з нашай вёскі, з медалём скончыў школу, дзівам не было. Тут абодвух дзядоў яго добра ведалі, абедзвюх бабуль шанавалі, маці таксама рэдкай працаў-
ніцай была.

Не здзівіла людзей і тое, што пасля школы сынок у Мінск паехаў, што з першага заходу, як той казаў, здаўшы адзін экзамен, у акадэмію паступіў, што там жа, праз пяць гадоў вучобы, чырвоны дыплом атрымаў.

А вось тое, што неяк хутка і без аніякага блату аказаўся ў найвышэйшых уладных колах, для вяскоўцаў было ўжо нечакана. Як і тое, што пасля таго Колька амаль не змяніўся: нос не задзіраў, па-ранейшаму прыязджаў у вёску, выкідваў гной, да калень закасаўшы порткі, босы хадзіў за плугам, за лета ўмудраўся накошваць сена і сваім, і бабуліным каровам, зрэдку браў чарку з дзядамі і школьнымі сябрамі.

Дык вось, аднойчы адзін з іх Колю (ужо разам з жонкай) у госці да сябе запрасіў. З такой нагоды ўжо сябрава жонка вячэру прыгатавала. Кампанія з чатырох чалавек хораша пасядзела: жанчыны добрага шампанскага выпілі (госці прынеслі), мужчыны — пляшку гарэлкі... Адной, як водзіцца, ім малавата было.

— Любка, падай нам другую, — скамандаваў гаспадар сваёй палавіне. — Там, у секцыі, у бары стаіць.

— Стаіць — хай стаіць, — з форсам адказала жонка. — Можа, лепшы хто прыйдзе... Чым тады частаваць?.. А вы шампанскае во дапіце.

Што ў гэтай гісторыі нават для вёскі смешным было, дык гэта тое, што з «сябравай» хаты вынес яе, вядома ж, не Коля, не яго жонка, не маці. Любка сама ўсім расказала, якая яна разумная, якая добрая, беражлівая гаспадыня.

І сапраўды...

Алена ЦАРЫК

г. Мінск


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж (і Міхаіла Жванецкага): нічога страшнага, калі з цябе смяюцца... Куды горш, калі над табой плачуць.

Але ж гэта, дай бог, не пра нас?

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.