Вы тут

З’яднанасць творчых сіл у «Карункавай гісторыі»


Выстаўка творчага тандэму Генадзя і Святланы Вяль працуе ў галерэі «Атрыум» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Брэсцкія мастакі прадставілі экслібрысы, графіку, выцінанкі і габелены. Большасць даволі розных работ вельмі цесна звязана з літаратурай, культурай і нацыянальнымі традыцыямі. Убачыць экспазіцыю «Карункавая гісторыя» можна да 15 лістапада. 


Генадзь Вяль «E. L. G. V.», 2022 г.

Член Беларускага саюза мастакоў, мастак-графік, педагог Генадзь Вяль — аўтар шматпланавы. Сярод тэхнік, у якіх ён працуе, — афорт, акватынта, сухая ігла, акварэль. Ведаюць яго не ў апошнюю чаргу як майстра экслібрыса. Арганізатары выстаўкі нагадваюць, што больш за трыццаць гадоў гравюры Генадзя Вяля прадстаўляюць мастацтва беларускага эстампа на рэспубліканскіх і міжнародных графічных выстаўках і конкурсах. 

Генадзь Вяль «Еўфрасіння Полацкая», 1994 г.

Графіка мастака даволі вытанчаная, змрочная і рэзкая. Ён аб’ядноўвае розныя плыні мастацтва, ствараючы арыгінальныя выявы, якія часам здольны ўстрывожыць, збянтэжыць. Генадзь Вяль імкнецца не ісці пратаптаным шляхам, паказвае прыклад, як пра тыя ж міфы і традыцыі можна гаварыць на ўласнай мове. Выклікаюць цікавасць у першую чаргу экслібрысы: Алега Судлянкова, Алеся Мемуса, Леаніда Анцімонава, Сяргея Брадовіча... Відавочныя і карпатлівая праца, і індывідуальны падыход аўтара да кожнага з герояў. 

Святлана Вяль «Дрэва жыцця», 2001 г.

Член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, дырэктар Брэсцкай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў імя А. А. Алонцава Святлана Вяль займаецца ручным мастацкім ткацтвам і выцінанкай. Яе работы часта аздабляюць выстаўкі, на якіх прадстаўляюць народную творчасць. На працягу многіх гадоў мастачка спрабавала розныя тэхнікі, эксперыментавала з усялякімі арнаментамі, аднак усё роўна вярнулася да свайго стылю, якому ўласцівыя зварот да беларускага ўзора, карункавыя акенцы, рамачкі, вітражная шматколернасць. Як правіла, работы мастачкі даволі вялікія і аб’ёмныя. 

Святлана Вяль «Палёт закаханай страказы», 2021 г.

Галоўнымі героямі сталі кветкі, птушкі, анёлы — своеасаблівыя жыхары ўласнага райскага саду Святланы Вяль. Яе выцінанка ў меру яркая, выбраныя колеры, як кажуць, хваляць адзін аднаго. Між тым асноўная характарыстыка выразкі з паперы гэтага аўтара — шчыльнасць малюнка без абцяжарвання. Нішто не перашкаджае арнаменту быць выразным і прыкметным. Габелен Святланы Вяль вельмі адрозніваецца ад яе выцінанкі: манерай апавядання, настроем, натуральна, самой кампазіцыяй. Больш стрыманыя, меланхалічныя, прасякнутыя ледзь улоўным смуткам, гэтыя работы ўспрымаюцца нечым дастаткова іншаземным, халодным. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

За мяжу з бацькамі і без іх. Дзіця можа выехаць, калі ёсць згода на аздараўленне

За мяжу з бацькамі і без іх. Дзіця можа выехаць, калі ёсць згода на аздараўленне

Лета — спрыяльны час, каб звазіць дзіця на канікулах адпачыць.