Вы тут

На полі рэальным і віртуальным. Як гэта — быць перадавым механізатарам і паспяховым цік-токерам


На палях Віцебскай вобласці вядзецца пад'ём зябліва. На сёння ў паўночным рэгіёне ўзаралі амаль 60 тысяч гектараў плошчаў з запланаваных 257 тысяч. Гаспадаркі актыўна нарошчваюць тэмпы, каб значна зменшыць аб'ёмы вясенніх палявых работ.


У Віцебскім раёне неабходна ўзараць 20 тысяч гектараў плошчаў, пакуль з запланаванай колькасці аброблена амаль 8,5 тысяч. Механазітары працуюць ад відна да відна, каб паспець падрыхтаваць глебу да першых маразоў. Ва ўнітарным прадпрыемстве «Рудакова» на пад'ёме зябліва задзейнічаны тры атрады з дзесяці трактараў, за якімі замацаваны галоўныя спецыялісты гаспадаркі. У адным з такіх сельскагаспадарчых дэсантаў на энерганасычаным «Кіраўцы К7» шчыруе механазітар з 18-гадовым стажам Ігар Масалаў, якога ведаюць на Віцебшчыне не толькі па высокіх працоўных дасягненнях, але і па акаўнце ў Тік-Ток, дзе сёння звыш 22 тысяч падпісчыкаў.

Мы сустрэліся з Ігарам Міхайлавічам на полі каля садовага таварыства «Лясная паляна»: з-за хмызняку выплыў вялікі чырвоны трактар з бліскучым дзесяцікорпусным плугам. Здзівілася яшчэ, што механізатар выйшаў з кабіны ў адной футболцы і шортах. На нямое пытанне ў маіх вачах з усмешкай растлумачыў, што ўнутры трактара атмасфера летняя, працуй — не хачу. Яно і праўда: «Кіраўцу» толькі пяць гадоў, як і прычапному агрэгату, але вонкавы і ўнутраны выгляд тэхнікі бліскучы — у гэтым заслуга руплівага гаспадара.

Ігар Міхайлавіч родам з Бешанковіцкага раёна, прафесійны выбар у бок сельскай гаспадаркі зрабіў не адразу, але сам сямейны летапіс падказваў, што трэба: бацька шмат гадоў адпрацаваў трактарыстам у калгасе «Вядзерава», дзядзька — таксама, маці Ігара была галоўным эканамістам у гэтай жа гаспадарцы, бабуля — загадчыцай зернесушыльнага склада. Пасля школы атрымаў спецыяльнасць токара-фрэзероўшчыка, пасля арміі адчуў, што абраная прафесія не па душы і прайшоў сельскагаспадарчыя курсы, атрымаў вадзіцельскую катэгорыю. З 2004 года пачаў пісаць працоўную біяграфію ў «Вядзерава», а пасля лёс звёў яго з Віцебскім раёнам: паехаў в камандзіроўку, тут і застаўся. Ва ўнітарным прадпрыемстве «Рудакова» шчыруе ўжо адзінаццаты год, гаспадарка выдзеліла маладой сям'і кватэру.

Масалаў задзейнічаны на ўсіх этапах падрыхтоўкі глебы, у гарачы сезон нараўне з камбайнерамі шчыруе з ранку да вечара. З пачатку асенніх палявых работ падрыхтоўваў глебу пад сяўбу азімых культур, за чырвоным трактарам Масалава з гарэзлівым надпісам на лабавым шкле «Валацуга» ледзьве паспявалі тры сеялкі. Зараз, не збаўляючы набраных тэмпаў, паднімае зябліва — замест дзённай нормы 18 гектараў з лёгкасцю асвойвае 30. Неаднаразова Ігар Міхайлавіч станавіўся пераможцам раённых галіновых спаборніцтваў, у скарбонцы ўзнагарод ёсць і першае месца ў вобласці на конкурсе сярод аратых.

Дома пасля цяжкага працоўнага дня мужчыну чакае сям'я: жонка Вольга і двое сыноў Андрэй і Дзямід. Вольга таксама працуе ў «Рудакова», але на цяплічным камбінаце — вырошчвае памідоры. Старэйшы сын Андрэй захапляецца футболам, а малодшы — таткіным трактарам. Чатырохгадовы Дзямід не мінае ні аднаго зручнага выпадку, каб паездзіць з бацькам. У вольны час, хаця зараз яго амаль не бывае, — тры месяцы механізатар працуе без выхадных, — Ігар Міхайлавіч захапляецца рыбалкай. Разам з Андрэем ставяць свае рэкорды на рыбнай ніве: судак амаль на 4 кілаграмы, з чарговага «ціхага палявання» прывезлі з сынам 13 кілаграмаў ляшчоў. А яшчэ мужчына падзяліўся, што ў мінулым годзе завёў акаўнт у Тік-Ток, сёння ў механізатара-блогера ўжо звыш 22 тысяч падпісчыкаў. Галоўны герой відэаролікаў — яго жалезны конь «Кіравец», або, як яго ведае аўдыторыя, «Валацуга». Масалаў здымае вясёлыя палявыя моманты і расказвае, што ў многіх яго калег таксама ёсць такое захапленне. Пазітыў і бадзёры настрой Ігара Міхайлавіча, які ідзе ад яго па жыцці нават у гарачыя палявыя сезоны, перадаецца праз экран і натхняе на працоўныя дасягненні іншых работнікаў сельскай гаспадаркі. Галоўнае, лічыць Масалаў, падыходзіць да кожнай справы з натхненнем і ўпартасцю, тады і на сэрцы лягчэй, і душа радуецца.

Яшчэ ў верасні працоўны дзень механізатара пачынаўся з шасці гадзін раніцы і працягваўся амаль да адзінаццаці гадзін вечара — дазваляла надвор'е. Зараз трактарыст таксама працуе да позніх прыцемкаў, хапаючы кожную хвіліну, каб пакінуць на полі свежыя чорныя разоры. У яго нават асабісты працоўны распарадак: а палове сёмай завёў тэхніку і шчыруе да абеду, пасля гадзінка адпачынку — і зноў да вечара за штурвал. Галоўным у сваёй прафесіі лічыць упартасць і ўвагу да кожнага моманту: ці то адкручаная гайка, ці то цяжкі ўчастак поля — усё павінна быць якасна. А яшчэ — пазітыўны настрой па жыцці, якім за паўгадзіны механізатар зарадзіў і мяне.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?