Вы тут

Лукашэнка: Наша любімая Беларусь і яе выдатны працавіты народ вартыя самага перадавога і найлепшага


Традыцыйна напярэдадні 7 лістапада краіна атрымлівае падарункі — сацыяльна важныя аб’екты, новыя прадпрыемствы і навучальныя і медыцынскія ўстановы. Сёлета галоўным падарункам сталі заводы па вытворчасці камбікармоў і амінакіслот Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Сімвалічную кнопку запуску прадпрыемства ў Пухавіцкім раёне націснуў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пратэставаныя новыя вытворчасці, амаль год працуючы ў доследна-эсперыментальным рэжыме, паказалі добры вынік, у тым ліку і фінансавы. 


Больш, чым космас

Гэта не першы візіт кіраўніка дзяржавы на БНБК. Наведваючы прадпрыемства 10 жніўня 2020 года, ён высока ацаніў яго патэнцыял. «Такой вытворчасцю валодаюць адзінкі краін — усяго чатыры краіны, і сярод іх Беларусь. Гэта больш, чым космас. Космасам мы з савецкіх часоў займаемся,а гэта зусім новая вытворчасць», — падкрэсліў тады Прэзідэнт.

Будаўніцтва аб’ектаў аграпрамысловай вытворчасці БНБК пачала ў сакавіку 2019 года. Да канца 2021 года былі завершаны ўсе асноўныя аб’екты. Цяпер БНБК у рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі вырабляе больш за 50 відаў камбікармоў і прэміксаў для ўсіх полаўзроставых жывёл. Уся прадукцыя сертыфікаваная па міжнародных стандартах. Сёлета БНБК пачала паступова выходзіць на поўную загрузку вытворчых магутнасцей. 

Першым пытаннем ад Аляксандра Лукашэнкі па прыбыцці на прадпрыемства было на перспектыву — «Што далей рабіць будзем?». Прэзідэнт пацікавіўся, які ўдзел ў рэалізацыі праекта прымала Нацыянальная акадэмія навук, наколькі айчынная акадэмічная і прыкладная навука была гатова да «такога касмічнага будаўніцтва». Беларускі вучоныя мелі пэўныя напрацоўкі, але не было такой вытворчасці і попыту. Цяпер на базе БНБК у іх ёсць магчымасць прымяняць на практыцы свае напрацоўкі, развіваць айчынную мікрабіялогію, на што арыентуе кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на развіццё сыравіннай базы БНБК. «Гэта лакаматыў. Гэта не чужое. Гэта наша, роднае. І ў частцы надзялення зямельнымі рэсурсамі трэба ісці на ўмовы лепшыя», — сказаў ён. 

«Гэта стварыць — цуд»

Прэзідэнту далажылі аб перспектывах развіцця Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Але найперш ён падзякаваў кітайскім партнёрам за каласальную дапамогу і падтрымку: «Такую дапамогу могуць аказаць только налепшыя сябры». Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн падкрэсліў, што БНБК — гэта вельмі важны стратэгічны аб’ект, унікальны як для СНД, так і для Еўропы. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што спыняцца на дасягнутым ніхто не збіраецца. «Мы ж толькі палову зрабілі. А далей нашыя кітайскія сябры павінны нам яшчэ больш дапамагчы. Мы думаем пра лекі, якія гатовы вырабляць разам з кітайцамі», — сказаў ён. 

Прэзідэнт даручыў аграрыям забяспечыць БНБК збожжам. «Гэта наша будучыня. Нашы касманаўты, нават болей. У космас мы злятаем. Гэта не праблема. А вось гэта стварыць — гэты цуд», — падзяліўся ўражаннямі кіраўнік дзяржавы. 

Як адзначыў у сваім дакладзе генеральны дырэктра БНБК Данііл Урыцкі, шэсць гадоў таму ніхто нават і ўявіць не мог, што пасярод пустога поля размесціцца перадавое сучаснае прадпрыемства. Па даручэнні Прэзідэнта, збудаваць яго трэба было за 36 месяцаў. Шмат часу заняла падрыхтоўка дакументаў. Актыўнае будаўніцтва пачалося ў 2019 годзе. А яго разгар прыпаў на 2020 год, акурат на пандэмію каранавіруса. Але, нягледзячы на ўсе складанасці, фінансаванне і будаўніцтва БНБК не прыпынілася. Генеральным падрадчыкам праекта выступіла кітайская кампанія CITIC Construction. Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпрацыя стала адзіным яе праектам, які не спыніўся падчас пандэміі. Прэзідэнт заўважыў, што гэта мае вялікае значэнне для людзей. Па яго словах, у аснове многіх праблем ляжыць ковід. «У 2020 годзе пратэсты, хаджэнні, мяцеж і іншае. У аснове ляжыць ковід. Людзі многія тады не разумелі, што ім прапанавалі: „увесь свет ідзе такім чынам, а ён адзін“. А падагравалі ж: маўляў, спецыяльна „каб менш насельніцтва было, што хоча загубіць беларусаў“ і гэтак далей. Я ставіў пытанне: гэта штучна створаная сітуацыя ці натуральная? Зараз на 90 працэнтаў гавораць, што штучная. Навошта гэта было? Каб апусціць увесь свет і перш за ўсё Кітай. Апусціць эканомку, разваліць дзяржавы. А хто б узняўся на гэтым? Той, хто грошы друкуе. І яны надрукавалі нямала грошай. Сённяшняя інфляцыя — гэта інфляцыя створаная ЗША і збольшага Еўрасаюзам... Але галоўнае — такія, як наша — і такіх пераважная большасць — эканомікі павінны былі абрынуцца», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Але Беларусь не спыніла сваю вытворчасць і ўжо ў 2022 годзе да Дня кастрычніцкай рэвалюцыі ў краіне адкрываюцца дзясяткі і дзясяткі новабудоўляў, пачынаючы ад дзіцячых садкоў і заканчваючы касмічнымі праектамі. 

«І тое, што мы не закрыліся, і тое, што кітайцы тут будавалі (яны ж былі закрытыя, больш чым хто-небудзь), сведчыць аб тым, што мы зрабілі тады правільна», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Данііл Урыцкі дадаў, што на будаўніцтве працавалі пяць тысяч чалавек: дзве тысячы кітайцаў і тры тысячы беларусаў. 

Яшчэ адным даручэннем кіраўніка дзяржавы было паказаць, што на пілотным праекце можна вырабляць і прадаваць. Генеральны дырэктар БНБК далажыў, што даручэнне выканана: за час будаўніцтва выпушчана прадукцыі на 100 мільёнаў рублёў і яна ўся рэалізавана. 

У Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі запланаваны яшчэ адзін аб’ект — так званы праект перспектыўнага развіцця «БНБК-3». Ён прадуглеждвае арганізацыю вытворчасці вітамінаў, амінакіслот, прадуктаў крухмальнай, глюкознай вытворчасці. Гэта дасць магчымасць наладзіць выпуск прынцыпова новых як для Беларусі, так і для ўсіх краін СНД прадуктаў — вітамінаў (В2, В12, С) і новых відаў амінакіслот (валін, лейцын, ізалейцын). Плануецца, што гэта праект будзе рэалізаваны за пяць гадоў. Але Прэзідэнт арыентуе на тое, што трэба паскорыцца. «Калі скажаце пабудаваць за тры, пабудуем за тры», — адказаў гендырэктар карпарацыі. «Мы табе акажам усялякую падтрымку. Што ты скажаш, то і будзем рабіць. Нават я буду прыязджаць працаваць сюды. Калі за тры — гэта подзвіг», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Работа прадпрыемстваў БНБК, рэалізацыя новага праекта карпарацыі праводзяцца з падтрымкай аграрыяў. Прадпрыемства прыцягвае да сябе таленавітых спецыялістаў, у тым ліку, і маладых. І не забывае аб іх клапаціцца: будуецца жыллё, ствараецца сацыяльная інфрастуктура, актыўна развіваецца горад-спадарожнік Рудзенск. «Гэты праект павінен быць не толькі бізнес арыентаваным, але і сацыяльна арыентаваным», — адзначыў Данііл Урыцкі. На што Прэзідэнт заўважыў, што любы бізнес-праект павінен быць сацыяльна адказным. 

Заданне на зіму — развіць рыбагадоўлю

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вытворчасцю камбікармоў для патрэб аграпрамысловага комплексу. Прадукцыя ўжо экспартуецца. У прыватнасці, Прэіздэнту прадэманстравалі лінейку камбікармоў для развядзення рыбы. З улікам наяўнасці ўласных камбікармоў, Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне падумаць над развіццём гэтай галіны. Губернатарам даручана больш канкрэтна вывучыць гэты кірунак дзейнасці і за зіму ўнесці канкрэтныя прапановы. 

Азнаёміўся Прэзідэнт і з працэсам вытворчасці кармоў для буйной рагатай жывёлы, свіней і птушкі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што вынікі ў аграпрамысловым комплексе ў тым ліку стануць крытэрыем і паказчыкам якасці, а таксама запатрабаванасці ўсёй гэтай вытворчасці

«Падарунак, які зрабілі сваімі рукамі і сваім розумам»

У прысутнасці працоўнага калектыва БНБК і спецыялістаў, якія яе будавалі, Аляксандр Лукашэнка націснуў сімвалічную кнопку запуску прадпрыемства. Разам з ім гэта зрабілі віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец, пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн і генеральны дырэктар БНБК Данііл Урыцкі. Пасля запуска Прэзідэнт разам с супрацоўнікамі БНБК абмеркавалі многія надзённыя і жыццёвыя тэмы. 

Сярэдні ўзрост працаўнікоў БНБК — 35 гадоў. Таму Прэзідэнт нагадаў маладым людзям, чаму ў Беларусі адзначаецца Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі. «Я зыходзіў найперш з таго, што наша гісторыя мінулага стагоддзя заснавана на нейкіх прынцыпах. Мы да 7 лістапада заўжды рабілі народу падарункі. Канец года практычна, сельгасработы завяршаюцца. І адной з матывацый, каб пакінуць у нас гэтае свята была якраз была гэтая. Прывыклі людзі атрымліваць падарункі ад улады, адзін ад аднаго. Давайце гэта пакінем», — расказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, штогод і сёлета вялікія начальнікі і Прэзідэнт у тым ліку едуць у працоўныя калектывы, едуць у раёны, абласныя цэнтры, буйныя гарады, каб адкрыць новыя патрэбныя людзям і краіне аб’екты. 

«Наша краіна і яе народ атрымалі цудоўны падарунак. Падарунак, які мы зрабілі сваімі рукамі і сваім розумам. У рэспубліцы створана Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, аналагаў якой няма ні ў Еўропе, ні на постсавецкай прасторы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, стварэнне БНБК разам з кітайскімі партнёрамі — гэта сведчанне найвышэйшых адносін дзвюх краін — Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што БНБК — знакавы праект па глыбокай перапрацоўцы збожжа з атрыманнем незаменных амінакіслот. Гэта высокапрадуктыўныя камбікармы і прэміксы, ў якіх маюць патрэбу аграрыі ўсяго свету. Ён нагадаў свае словы аб тым, што санкцыі і крызіс — гэта цяжкі час для эканомікі, але гэта час магчымасцяў. «Вы якраз у гэты крызіс выкарыстоўвалі магчымасць. Сёння на нашым галоўным рынку, перш за ўсё ў Расійскай Федэрацыі тое, што вы робіце, з рукамі і нагамі гатовы купляць і па прыстойных цэнах. Вы калектыў, які выкарыстоўваў гэтыя магчымасці», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што гэтымі магчымасцямі скарыстаўся увесь аграпрамысловы комплекс. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што збожжа ў цяперашніх умовах — гэта новае сусветнае золата. А тое, што вырабляе БНБК, — без перабольшання сапраўдныя аграненыя брыльянты. Пры поўнай загрузцы прадпрыемства ў 2023 годзе прадукцыі на прадпрыемстве будзе выраблена на 1,3 мільярда рублёў, сказаў беларускі лідар. Па яго словах, дадзеная вытворчасць вырашыць некалькі важных эканамічных пытанняў. Першае — забеспячэнне жывёлагадоўлі неабходнымі камбікармамі і амінакіслотамі. Гэта дазволіць мінімізаваць імпарт і нарасціць экспарт. Другое — стварэнне новых працоўных месцаў. «Як мне дакладваюць, на дадзены момант на прадпрыемстве працуе каля 1700 чалавек. Гэта добрыя працоўныя месцы.. А сярэдняя заработная плата складае больш за 2 тысячы рублёў. Але як мне абяцана, хуткім часам вы дасягне таго ўзроўню, які быў пастаўлены мною яшчэ да пачатку будаўніцтва — 2,5 тысячы. І гэта не мяжа», — сказаў Прэзідэнт.

Па словах беларускага лідара, галоўная задача, якая стаіць перад кіраўніцтвам, — забяспечыць стабільную і эфектыўную працу гэтага цудоўнага і вельмі перспектыўнага прадпрыемства, знаходзіць партнёраў як на ўнутраным, так і на знешніх рынках.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на яшчэ адзін важны аспект: «Я доўга размаўляў з кіраўніком Акадэміі навук, вашым кіраўніцтвам. Для мяне было вельмі важна, хто тут наперадзе: вы, вытворцы, у вас навука развіваецца ці Акадэмія навук? Спрэчка не скончылася. Думаю, гэты абмен досведам вытворчай навукі і акадэмічнай дасць вельмі добры эфект. Акадэмічная навука, біятэхналогіі не маглі развівацца ў Беларусі паскоранымі тэмпамі, бо не было вытворчасці. Калі з’явілася такая вытворчасць, я ўпэўнены, і навука будзе развівацца сямімільнымі крокамі». 

«Стварэнне БНБК супастаўнае з будаўніцтвам атамнай станцыі, касмічнымі праграмамі. Вы ведаеце, мы запускаем свае спадарожнікі ў космас, рыхтуем яшчэ адзін чарговы і стварылі высокапрадукцыйны айцішны парк. Мы ўжо сёння маем айцішнікаў на кожнай вытворчасці», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што і на БНБК усё пабудавана на айцішных тэхналогіях. Некаторыя вытворчасці абслугоўвае ўсяго сем чалавек, усю работу робіць тэхніка. 

«Я Даніілу (Урыцкаму — дырэктрау БНБК — прым.) сказаў, што ў космас магу яго хоць заўтра запусціць, туды назад, не ў адзін бок. Гэта не праблема. А вось стварыць такую вытворчасць, гэта значна складаней», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

«Нам ва Украіне рабіць няма чаго» 

Прэзідэнт звярнуў увагу на яшчэ адну рэч, каб, па яго словах, вярнуць у 2020 год, калі ўсе былі розныя. Ён нагадаў, як тады альтэрнатыўшчыкі прапаноўвалі закрыць Беларускую атамную электрастанцыю. Людзі на гэта павяліся, гулялі на полі і на карысць захаду. «Я падводжу вас да такой думкі. Колькі атамных электрастанцый плануе пабудаваць Польшча? Польшча, адкуль ішлі гэтыя пратэсты і адкуль падштурхоўвалі нашае грамадства зачыніць нашу станцыю. А Польшча запланавала тры атамныя электрастанцыі з наступнага года пачынаць будаваць. Чаго нас прымушалі закрыць гэтую станцыю? Цяпер вы зразумелі, што атамная станцыя — гэта падарунак для беларусаў, гэта выратаванне, таму што на захадзе электрычнасць эканомяць як могуць. Калі б еўрапейцы ўбачылі, што ў нас так гарыць святло, яны б жахнуліся», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. 

«Мы патаннілі электраэнергію для сваіх людзей. У нас будзе лішак электраэнергіі. А без электрычнасці не можа быць эканомікі. Павядзіся мы тады на гэтыя заклікі, дзе б мы былі?», — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. 

Адсюль вынікае яшчэ адно падобнае пытанне, актуальнае ўжо для 2022 году. Тыя, хто прапаноўваў закрыць атамную электрастанцыю, сёння крычаць: «Лукашэнка вырашыў паслаць ва Украіну сваіх вайскоўцаў». «Ужо 1200 разоў казаў, што ў мяне такіх планаў няма. Калі хтосьці хоча паехаць — едзьце, але я не раю. Але насамрэч, хто пасылае туды людзей? Сядзяць за мяжой. Паклікалі туды пратэстуноў нашых, якія тут учынялі злачынствы ў 2020 годзе. Яны туды паехалі, а карміць іх ніхто там не будзе. Яшчэ хлынулі з Украіны бежанцы — дзяваць няма куды. І што вы думаеце? Хутка пастроілі — і на фронт. Ваююць яны, ці то полк Каліноўскага, ці то полк Пагоня, дзе 80 ці 50 чалавек...», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. І прывёў у прыклад, як пры масіраваным артылерыйскім удары загінулі некалькі чалавек з такіх палкоў. 

«Дык хто пасылае туды на смерць людзей? Гэта таксама нечыя дзеці, а скардзіцца няма каму. Я як Прэзідэнт туды людзей не пасылаў, нам ва Украіне рабіць няма чаго і пасылаць ваяваць туды людзей нам няма неабходнасці. Чаму мяне абвінавачваюць? Бо самі пасылаюць туды гэтых хлопцаў», — канстатаваў беларускі лідар. 

«Думайце сваёй галавой»

БНБК — адзіны праект кампаніі CITIC Construction, які падчас пандэміі будаваўся. Больш кітайцы нідзе не будавалі ніякіх аб’ектаў. «Таму што мы ў свой час эканоміку не закрылі, „наморднікі“ не надзелі. Вы бачылі маю пазіцыю: 19 разоў я быў у чырвоных зонах, а ў апошнія разы я маску не надзываў, заходзячы ў рэанімацыю, дзе былі вельмі хворыя людзі. Я дэманстраваў вам, што нам навязваюць не тое, што трэба. Тыя, хто задумалі гэтую пандэмію і ковід, яны хацелі абрынуць краіны і абрынуць эканоміку. Зачыніліся, эканоміка спынілася, і эканоміка не паднялася. І шмат у якіх дзяржавах так. Амерыканцы хутка паднімуцца, яны друкуюць долары. І яны падняліся. Для іх гэта добры рынак збыту. І потым, яшчэ рана пра гэта казаць, але хутка вы ўбачыце, што стаяла за гэтай пандэміяй, хоць ужо пачынаеце адчуваць. Мы не зачыняліся і не парыліся. Я вас спрабаваў ад гэтага адарваць, калі казаў пра трактар, што людзі на сяле менш хварэюць, калі казаў, пра сто грам, хоць сам не п’ю», — падзяліўся Прэзідэнт. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы выстаялі, таму і пабудавалі такі аб’ект, як БНБК. І сёння, акрамя гэтага прадпрыемства, ёсць што прапанаваць у якасці падарунка да 7 лістапада. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што звяртае людзей у тыя часы, каб яшчэ раз папрасіць кожнага думаць сваёй галавой. «Не паддавайцеся ні на якія пасылы. Не слухайце гэтую брахню. Я хачу, каб вы мелі добрае месца працы, цікавае месца сваёй працы, каб вы ганарыліся сваёй працай, і каб пасля вас сюды прыйшлі вашыя дзеці працаваць. Свет настолькі ашалеў, настолькі адурэў, настолькі цесны, што ўжо вам сёння, маладым людзям, трэба думаць, дзе будуць працаваць вашыя дзеці. Дай Бог, каб вашыя дзеці мелі такуюпрацу, як вы. Тут ж ёсць усё, што ад мукамольнай вытворчасці, якую спрадвеку мы асвоілі да найвышэйшых біятэхналогій. Калі ласка, рабіце. Але жывіце сваім розумам», — звярнуўся да працоўнага калектыва Прэзідэнт. 

Таксама Прэзідэнт шчыра адказаў на пытанні супрацоўнікаў прадпрыемства. 

Дэфіцыту не будзе

Аднак перш чым напрамую спытаць у кіраўніка дзяржавы тое, што іх хвалюе, працоўныя падзякавалі Прэзідэнту за падтрымку ўнікальнай вытворчасці. Асаблівую падзяку супрацоўнікі прадпрыемства таксама адрасавалі кіраўніку дзяржавы ў сувязі з навядзеннем парадку з цэнамі і спыталі, ці можна быць спакойнымі ў тым, што беларусы не сутыкнуцца з дэфіцытам тавараў на прылаўках крам. «Можаце! — заверыў Прэзідэнт. — Вы ведаеце, хто імкнецца раздуць гэтую эйфарыю. Гэта тыя, каго „ўдарылі па руках“. А іх нямала: іпэшнікі, кіраўнікі крам — заўмагі, як раней казалі». «Не хвалюйцеся за дэфіцыт. Мы кантралюем гэтае пытанне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лаканічны: «Той, хто хоча нармальна жыць, той жыве». Час складаны, пагаджаецца ён, але гэта яшчэ і час магчымасцяў. Каму не хапае грошай, магчымасць зарабіць ёсць. Іншая справа, што лёгкіх грошай не бывае. Хочаш нешта мець — трэба варушыцца. 

Прэзідэнт шчыра прызнаўся: ён не можа глядзець спакойна на вялікі разнабой у заробках. Калі ў адным магазіне загадчык атрымлівае 75 — 95 тысяч долараў у месяц, а прадавец, кантралёр-касір — 1200 рублёў. «У аснове павінна ляжаць справядлівасць, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Не эканамічная катэгорыя, але вельмі важная для людзей. Усіх прывядзём у пачуцці, выпрацуем адпаведныя правілы, дакументы.» 

Іншая справа — не ўсе хочуць працаваць па новыя правілах. «Некаторыя кажуць: мы кінем і пойдзем кудысьці, — удакладняе кіраўнік дзяржавы і адразу дае параду: — Перш чым пайсці, вы патэлефануйце ў Польшчу беглым і ў Літву, спытайце, ёсць там месца, куды сысці. Вы не ведаеце, колькі з іх просіцца назад. Я нікому не забараняю вяртацца. Як з’ехалі, так і вяртайцеся. Але калі вінаватыя, па законе трэба адказваць. Калі толькі нехта дэманстрацыйна, ці то іпэшнік, ці то заўмаг або яшчэ нехта, кіне работу — наручнікі. Чаму? Бо такім чынам вы спрабуеце дэстабілізаваць грамадства. Вы прыйшлі працаваць у краму — працуйце. Вы хацелі пабудаваць краму, мы ж вам дазволілі і дапамаглі: крэдыты далі і іншае. Як гэта вы цяпер усё кінеце і пойдзеце?» 

У той жа час, як адзначыў Прэзідэнт, амаль ніхто з іншаземцаў, якія ствараюць на нашым рынку бізнес, не ўцёк. Калі іх планы памяняюцца, вялікай бяды не будзе — на іх месца прыйдуць нашы, беларускія, вытворцы. «Калі ёсць пэўная праблема — цябе заўтра ва ўрадзе, у міністэрстве прымуць, — працягвае Прэзідэнт у дачыненні да тых, хто плануе пакінуць рынак. — Па цэнах штосьці не складваецца — палічым — мы лічыць умеем». Калі нехта не хоча працаваць, сыходзіць трэба годна. Інакш — на такія выхадкі ва ўлады ёсць свае рычагі. «Свята месца пуста не бывае, — згодны з народнай мудрасцю беларускі лідар. — Адзін сышоў — прыйдзе іншы. Не будзе ніякага дэфіцыту. Ніякага! Мы ў стане сёння забяспечыць свой народ усім неабходным. І яшчэ суседзям прадаць па добрай цане». 

Галоўная мара Прэзідэнта 

Працоўных хвалявала і яшчэ адно пытанне: сацыяльная інфраструктура горада-спадарожніка (Рудзенска) не паспявае за БНБК. Жыхары маюць патрэбу ў дзіцячым садку, школе і паліклініцы. «Усё, што трэба, пабудуем і зробім, — паабяцаў Прэзідэнт. — Усё, што трэба, у патрэбны час зробім». Аляксандр Лукашэнка расказаў, што цікавіўся пытаннем сацыяльнай інфраструктуры. Насельніцтва рэгіёна будзе расці, таму, натуральна, тут з’явяцца і дзіцячыя садкі, і школы. «Для нас не праблема пабудаваць, аднак калі гэта будзе патрэбна, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяравы. — Будзеце нараджаць — будуць і дзіцячыя садкі. Мы цяпер выбудоўваем сацыяльныя праграмы па жыллі. Шматдзетныя — у прыярытэце. На працягу года, максімум двух, мы абавязкова забяспечым шматдзетных жыллём, бо гэта больш важна, чым БНБК. Дэмаграфічная бяспека — гэта незалежнасць нашай краіны».

Прэзідэнт заявіў, што неабходна забяспечыць прырост насельніцтва, таму ў бліжэйшы час будуць перагледжаны ўсе льготы. Дзе гэта будзе магчыма, яны будуць перанесены на шматдзетных, ваеннаслужачых — тых, хто не можа займацца бізнесам.

Адна з супрацоўніц прадпрыемства, якая не так даўно вярнулася з Украіны, дзе працавала, у родную Беларусь, расказала, што цяпер яна шчаслівая: ёсць і сям’я, любімая работа, сваё жыллё — галоўнае, на радзіме. А ці шчаслівы Аляксандр Лукашэнка, спытала яна. Прэзідэнт адказаў, што будзе шчаслівы, калі з яго роднай Украіны (адтуль у тым ліку яго карані) людзі не будуць бегчы так, як цяпер. «Аднак гэта нашы людзі, і колькі трэба, мы будзем людзей прымаць, карміць, лячыць», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Напрыканцы сустрэчы кіраўнік дзяржавы сказаў, што самая галоўная яго мара — каб не было вайны. «Я хачу, каб мы спакойна жылі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму давайце працаваць, спакойна жыць. І як я ўжо казаў — займайцеся сваёй справай. Ні ў якім разе не дапускайце нават самай малой расхлябанасці, недысплінаванасці, што прывядзе абавязкова да дэстабілізацыі абстаноўкі. Гэтым з радасцю скарыстаюцца нашы праціўнікі».

Калектыў БНБК не адпусціў кіраўніка дзяржавы без падарунка. Прэзідэнту падарылі эксклюзіўны абедзенны стол. У яго цэнтры, пад шклом, са збожжа выкладзены ўзор. Як патлумачыў гендырэктар прадпрыемства Данііл Урыцкі, па кітайскай традыцыі падарунак сімвалізуе бясконцае шчасце: круглы стол, без вуглоў, разлічаны на восем персон, гэтая лічба сімвалізуе бясконцасць. Згодна з беларускай традыцыяй, ён сімвалізуе багацце і ўрадлівасць — аб гэтым сведчыць стылізацыя стала пад айчынную вышыванку. Падарунак звязаны і з тэхналогіямі. Белая драўніна — тэхналогія, звязаная з тысячагадовай гісторыяй Беларусі. Са збожжа, якім аздоблены стол, на БНБК вырабляюць амінакіслоты, а гэта ўжо тэхналогія XXI стагоддзя. 

У тэму

Чарговы яркі ўзор супрацоўніцтва Беларусі і Кітая 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Се Сяоюн у размове з журналістамі назваў БНБК стратэгічным аб’ектам у біялагічнай галіне Беларусі. «Я хачу падкрэсліць, што кітайскі Урад надае вялікае значэнне гэтаму праекту. І работы выконвала адна з найлепшых кітайскіх кампаній. Усё гэта сведчыць аб высокім узроўні адносін Кітая і Беларусі. Можна сказаць, гэты грандыёзны праект — чарговы яркі ўзор і новая візітная картка гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Кітайска-беларускія адносіны знаходзяцца ў добрай стадыі свайго развіцця. Сёлета мы ўстанавілі новы рэкорд — за дзевяць месяцаў гэтага года рост тавараабарот паміж нашымі краінамі па нашай статыстыцы склаў больш за 25.8 працэнта. І, акрамя гэтага, нашы сумесныя ініцыятывы „Адзін пояс — адзін шлях“ таксама дасягнулі вынікаў. Нашымі краінамі пабудаваны індустрыяльны парк „Вялікі камень“, ён ужо стаў узорным праектам на „Шаўковым шляху“. Цяпер у ім 99 рэзідэнтаў з 15 краін. Нягледзячы на егатыўныя наступствы эпідэміі і іншых фактараў, абстаноўка ў „Вялікім камені“ паляпшаецца з кожным днём», — сказаў Се Сеоюн. 

Валерыя СЦЯЦКО

Вераніка КАНЮТА

Пухавіцкі раён

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».