Вы тут

Каб расказаць дзецям пра беларускую мову цікава


Расказаць дзецям пра беларускую мову азёрнай старонкі так, каб зацікавіць спазнаннем яе асноў, матываваць на вывучэнне — задача не з простых, тым больш цяпер, у эпоху кліпа- вага мыслення. Кніга Сяргея Зелянко пад назвай «Таямніцы беларускай мовы», якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь» у серыі «Вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара», здольна прыва- іць увагу дзіцяці ўжо з першых старонак.


Рознакаляровыя малюнкі, фотаздымкі сучасных мегаполісаў з іх хмарачосамі, ілюстрацыі слынных айчынных дакументаў ранейшых эпох, выявы знакамітасцей і захапляльныя прыродныя ландшафты, карціны мастакоў, крыжаванкі і заданні на замацаванне матэрыялу (з правільным іх выкананнем у канцы кожнага раздзела) — тое, што не дае расстацца з кнігай, якую хочацца разглядаць, чытаць, разгадваць.

Раздзелы ў выданні падаюцца ад простых да больш складаных: «Беларуская мова сярод моў свету», «Словы родныя няродныя: запазычаная лексіка», «Знаёмыя незнаёмцы: сакрэты літар», «Літары-пярэваратні: аканне і яканне», «Сціслы аповед пра сціплы знак: націск», «Словы-дзедкі і словы-дзеткі: гістарызмы і неалагізмы», «Адным словам не сказаць: безэквівалентная лексіка» і «Этыкет па-беларуску».

Імпануе, што аўтар прапануе звесткі з сусветнай гісторыі, расказвае пра паходжанне моў, і беларускай у тым ліку, не абцяжарваючы складанымі для ўспрымання дзіцяці канструкцыямі і дэталямі, якія, магчыма, зацікавяць пазней. Асаблівасці слоў роднай мовы падаюцца ў параўнанні з украінскімі і рускімі, і такім чынам адразу відаць і падабенства, і адрозненні. Мінімальныя веды па гісторыі і геаграфіі, якія згадваюцца аўтарам між іншым, нязмушана, таксама будуць цікавымі для азна- ямлення альбо паўтарэння.

Далей дзецям прапануецца навучыцца адрозніваць запазычаныя словы. Прычым праз рознакаляровыя шрыфты ў тэксце гэта атрымліваецца наглядна і запамінальна. Ёсць на старонках выдання і правілы — яны пазначаны чырвонымі клічнікамі і рамкай, але гэта не штосьці новае, а тое, што ўдакладняе ўжо знаёмыя па школьных падручніках веды. Напрыклад: калі перад спалучэннем літар —ус і —ум на канцы слоў стаіць галосная, насуперак агульнаму правілу нескладовае «ў» не пішацца. Асабліва прыемна для юнага чытача будзе знайсці штосьці і асабіста пра сябе. Так, аўтар прыводзіць спісы запазычаных імёнаў, дзе адлюстраваны самыя распаўсюджаныя цяпер, і іх значэнні.

Не менш цікава распавядае аўтар і пра паходжанне алфавіта, прычым суправаджаюць тэкст тыя выявы, што зазвычай не мільгаюць у навучальных дапаможніках, але пашыраюць і ўпарадкоўваюць уяўленне аб добра вядомым: азбука кірыліцы, старонкі «Буквара» Спірыдона Собаля, першага з выдадзеных на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і Бібліі Францыска Скарыны, грэчаскі алфавіт. А знаёмячыся з гісторыяй напісання лічбаў, дзіця мае ўсе шансы адчуць сябе даследчыкам, спрабуючы расшыфраваць даты з фрагментаў летапісаў альбо запісаць сучасныя дні старажытным спосабам. «Наша мова — золата» — гэты сказ прапануецца расшыфраваць у адным з заданняў.

Сцверджанне з’яўляецца і асноўнай ідэяй выдання: усе матэрыялы, ад першай да апошняй старонкі, неабвержна пераконваюць у гэтым. Кніга адрасавана ўсім, хто вывучае беларускую мову, цікавіцца яе гісторыяй і развіццём. Яна будзе карыснай і школьнікам для ўзбагачэння і ўдасканальвання ведаў па роднай мове, і настаўнікам для падрыхтоўкі заняткаў, і арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы для правядзення тэматычных мерапрыемстваў, конкурсаў, віктарын, алімпіяд.

Таша ШПАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.