Вы тут

Знайсці правільны тон для размовы з маленькім чытачом


Ствараць дзіцячыя кнігі — асаблівая форма мастацтва, якая патрабуе вялікай уважлівасці да дэталей, разумення дзіцячай псіхалогіі, цярплівасці і ўмення тлумачыць простымі словамі. У аўтара кнігі «Вясёлы калаўрот», якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь», паэта і празаіка Змітрака Марозава, атрымліваецца знайсці правільны тон для размовы з маленькім чытачом.


Выданне падзелена на сем раздзелаў, кожны з якіх прасвечаны асобнай тэме, а апошні — загадкам. Героі тут не толькі людзі, але і жывёлы, птушкі, расліны. Кожны са сваім характарам. Заяц — жартаўлівы гарэза, які любіць выхваляцца перад іншымі і праз гэта трапляе ў недарэчныя сітуацыі.

...Сяду ў новы «мерседэс»,
Паімчу на ім праз лес
Дя сяброўкі — напрасткі,
Хай зайсдросцяць мне ваўкі!
Даўгавухі так спяшаўся,
Што з сасной пацалаваўся!...
Крочыць пешшу ён праз лес,
Бо не едзе «мерседэс»!

Вожыку падабаецца збіраць грыбы. Певень — упэўнены ў сабе спявак. Сарока — гучная балаболка, а ластаўка — клапатлівая маці, у якой з гнязда выпаў сын. Многія вобразы вельмі знаёмыя, але сустракаюцца і тыя, якія не адпавядаюць чаканням чытачоў. Напрыклад, козлік упарты, як і ў большасці казак, але сама сітуацыя, у якую ён трапіў, дастаткова незвычайная. Ён лічыць, што яму не падыходзяць яго акуляры, і менавіта таму не можа чытаць. Аднак на самай справе ён проста лянуецца, і акуляры тут ні прычым. Сітуацыі, у якія трапляюць звяры, напэўна, здараюцца з дзецьмі ў рэальным жыцці, а самі звяры нагадваюць чытачам іх сяброў, сваякоў і блізкіх.

У многіх творах аўтар вельмі дыдактычны. Напрыклад, верш «Горкі мёд» пра хлапчука, які захацеў паласавацца мёдам і залез у вулей, пачынаецца як адна са шкодных парад Рыгора Остэра, але настаўленне ад аўтара ў канцы верша мяняе яго тон з вясёлага на павучальны.

Могуць людзі і чмялі
Жыць у згодзе на зямлі.
Вось табе навука, братка,
Не чапай чмялінай хаткі.

Часта малодшым школьнікам падабаюцца вершы ў стылі Остэра. Аднак ім цікавыя і больш простыя вершы, у якіх галоўная сутнасць тлумачыцца прама. Дзе аўтар сам вызначае, што добра, а што дрэнна, паказвае наступствы кепскіх учынкаў. А вось у вершы «Маргарыта на лецішчы», наадварот, перад чытачом паўстае прыкладная і паслухмяная дзяўчынка, гонар бацькоў. Аднак у рэальнасці складана знайсці дзіця, якое б пайшло паліваць градкі замест гульняў з сябрамі.

У «Вясёлым калаўроце» ёсць месца і лёгкаму, сонечнаму гумару. Многія вершы прымусяць усміхнуцца не толькі дзіця, але і дарослага пры сумесным чытанні. У аўтара гэтых радкоў асаблі- вую ўсмешку выклікалі некалькі вершаў. Першы пра кошку, якая ўпарта не хацела вучыць чалавечую мову, і таму Янка-непаседа вырашыў, што прасцей будзе яму вывучыць каціную. Другі — пра ягадніка Лёшу, які падчас шляху дадому з’ядае ўсю сабраную маліну, а маці кажа, што маліна, мабыць, яшчэ не выспела. Трэці — пра Мілу, якая не баялася кракадзіла, але пачала плакаць, калі ёй на нос сеў камар. І чацвёрты — пра Петрыка, якому маці забараніла зазіраць у шафу, таму што там ляжыць пітон, а на самай справе хавала ад сына шакаладныя цукеркі:

Не знаходка — дзіўны клад,
Петрык той знаходцы рад.
Падышоў да маці ён:
Дзе яшчэ жыве пітон?

У гэтых гісторыях — сітуацыі, якія ў дзяцінстве адбываліся з кожным з нас і цяпер жывуць у нашых успамінах. «Вясёлы Калаўрот» не быў бы такім прывабным без работ мастачкі Веранікі Фурусавай. Бо спачатку кнігу ацэньваюць па вокладцы, тым больш дзіцячую. Вераніка выбірае яркія колеры і не дадае шмат непатрэбных дэталей. Яе малюнкі дзяцей, раслін і жывёл мілыя і прыгожыя, і нават гародніна на гэтых карцінах ажывае. Парсючок мірна спіць, морква сябруе з бураком, а патысон пераглядаецца з капустай.

«Вясёлы Калаўрот» — гэта гармонія тэкстаў і малюнкаў. Кніга будзе цікавая дзецям, якія захапляюцца чытаннем, а таксама іх бацькам. Яна акунае ў гумар і ўтульнасць, дорыць дзецям добры настрой і адказвае на многія пытанні, датычныя прыроды і навакольнага свету.

Валерыя ГАЎРУКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.