Вы тут

Калі суставы падводзяць, забыцца пра іх ужо не атрымаецца


Нават пры сучаснай інфармаванасці нярэдка сустракаеш тых, хто дрэнна ўяўляе, лячэннем якіх паталогій займаюцца рэўматолагі. І гэта пры тым, што з узростам візіт да спецыялістаў гэтага профілю становіцца практычна непазбежным. Хто і з якімі скаргамі часцей за ўсё прыходзіць да іх на прыём? Наколькі эфектыўнай і пры якіх умовах бывае тэрапія? 


Гутарым пра гэта з рэўматолагам Вольгай Дамашкевіч.

— Вольга Аляксееўна, ці дакладна, што рэўматолагі маюць справу, як правіла, з людзьмі сталага ўзросту?

— Пажылых сярод нашых пацыентаў, сапраўды, шмат. Звязана гэта з тым, што мы займаемся такой распаўсюджанай паталогіяй суставаў як астэаартоз. Гэта павольна прагрэсавальнае незапаленчае захворванне апорна-рухальнага апарата развіваецца з гадамі. Але мы маем справу і з запаленчымі захворваннямі, пераважна артрытамі: рэўматоідным, псарыятычным, рэактыўным. На іх церпяць часта маладыя мужчыны і жанчыны.

— З-за чаго ў маладых развіваюцца артрыты?

— Навука пакуль яшчэ не разабралася ў гэтых пытаннях цалкам. Рызыкі ўзнікнення некаторых паталогій павялічвае спадчыннасць. Трыгерам могуць стаць розныя вірусныя і бактэрыяльныя інфекцыі, стрэс і г.д. У апошнія два гады назіраем: у некаторых пацыентаў рэўматалагічныя аўтаімунныя захворванні справакаваў Covid-19.

— Мужчыны ці жанчыны часцей схільныя да запаленчых рэўматалагічных захворванняў?

— Жанчыны. Напрыклад, колькасць тых, хто пакутуе рэўматоідным артрытам, сярод іх у 2-3 разы больш, чым сярод мужчын. Пераважна маладыя жанчыны звяртаюцца да нас і з нагоды сістэмнай чырвонай ваўчанкі — вельмі шматаблічнага захворвання, якое адрозніваецца паразай розных органаў і сістэм. У мужчын часцей выяўляем хваробу Бехцерава і рэактыўныя артрыты. Распаўсюджанасць псарыятычнага артрыта ў мужчын і жанчын прыкладна аднолькавая.

— Артрозы ў жанчын напрамую звязаны з клімаксам?

— Так. Гарманальны фон зніжаецца, метабалічныя працэсы парушаюцца, у тым ліку і ў храстковай тканіне. Мужчыны сталага веку таксама часта пакутуюць артрозам. Сярод фактараў рызыкі ўзнікнення праблем з суставамі — дысгарманальныя парушэнні, залішняя маса цела, генетычная схільнасць, характар працы і т.д. Суставы «не любяць» працяглага знаходжання ў адным і тым жа становішчы, цяжкіх рэгулярных нагрузак, уздыму і пераносу цяжараў. 

— І артрыты, і артрозы складана паддаюцца лячэнню? 

— Практычна ўсе рэўматалагічныя паталогіі — хранічныя, лячыць іх дастаткова складана. Пачынаем, як правіла, з базіснай тэрапіі, каб дамагчыся рэмісіі ці нізкай актыўнасці. Калі гэта не атрымоўваецца, то пры аўтаімунных захворваннях злучальнай тканіны прызначаем генна-інжынерныя біялагічныя прэпараты новага пакалення. Пры першай і другой стадыях астэаартозу аснова лячэння — так званыя структурна-мадыфікуючыя прэпараты або хондрапратэктары, якія прымаюць курсамі некалькі разоў на працягу года. 

Але калі храсток сцёрты, то іх прыём малаэфектыўны, і варта звяртацца да эндапратэзавання суставаў. Нярэдка пацыентам з другой і трэцяй стадыямі астэаартоза рэкамендуюць лакальныя ін’екцыі (непасрэдна ў сустаў) гіялуронавай кіслаты. Дадаткова гэтай катэгорыі пацыентаў паказаны фізіятэрапеўтычныя метады, рэабілітацыйныя працэдуры. Спецыялісты карэкціруюць іх харчаванне і лад жыцця. Пры пастаноўцы дыягназу «астэаартроз» абавязкова штодзённа выконваць спецыяльную лячэбную фізкультуру. Сустаў сілкуецца, калі ён рухаецца. Без гэтага паталогія непазбежна ўзмацняецца. 

— Гэта значыць якасць жыцця пры незапаленчых захворваннях суставаў шмат у чым залежыць ад намаганняў і дысцыпліны самога пацыента?

— Бясспрэчна. Паміж тымі, хто прымае прызначаныя прэпараты, выконвае неабходны комплекс практыкаванняў, і тымі, хто ігнаруе рэкамендацыі, заўсёды бачыш розніцу. Дысцыплінаваным пацыентам часцей атрымоўваецца справіцца з болем і абмежаваннямі руху. Якасць іх жыцця дастаткова высокая. Калі не спыніць развіццё паталогіі, можна хутка прыйсці да інваліднасці.

— Як вы ставіцеся да рэкламы рознага роду апаратаў, якія гарантуюць поўнае збавенне ад праблем з суставамі?

— Перш чым набываць дарагую навінку, заўсёды лепш параіцца з доктарам. У кожнага апарата ёсць паказанні і супрацьпаказанні.

— За што вы любіце сваю спецыяльнасць?

— За складанасць. Сімптомы нашых пацыентаў часам не відавочныя, заблытаныя. Трэба ўмець супастаўляць розныя праявы хваробы, выяўляць прычынна-выніковыя сувязі, аналізаваць. Гэта як разгадаць рэбус. Вынік бывае цяжкадасягальны, але з-за гэтага ён тым больш каштоўны.

Для прафілактыкі астэаартрозу важна:

  • Нармалізаваць масу цела.
  • Адмовіцца ад шкодных звычак.
  • Займацца ЛФК, скандынаўскай хадзьбой, пілатэсам, ёгай, наведваць басейн. Каб не перагружаць суставы, пачынаць трэба з невялікай нагрузкі, павялічваючы яе па меры магчымасці.
  • Рацыянальна харчавацца.
  • Пазбягаць інфекцый і вірусаў.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадастаўлена суразмоўцай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.