Вы тут

Як пазбегнуць «ліній Марфея» на твары?


Сем-восем гадзін сну забяспечваюць нас бадзёрасцю і энергіяй на цэлы дзень. Здаровы сон беражэ жаночую прыгажосць, ствараючы ўмовы для рэгенерацыі клетак скуры. І ён жа «ўзнагароджвае» маршчынамі, калі мы спім у няправільнай позе.


Што гэта за «сонныя» маршчыны і як пазбегнуць іх з’яўлення?

Гэтыя даволі глыбокія зморшчыны на твары ўтвараюцца пасля 35 гадоў, калі скура губляе калаген і гіалуронавую кіслату, становіцца больш сухой і тонкай, а таму і больш адчувальнай да фізічных уздзеянняў. З’яўляюцца «лініі сну» звычайна ў тых, хто «ў абдымках Марфея» ляжыць на жываце або на баку. Такая поза вядзе да таго, што скура твару здушваецца і дэфармуецца, датыкаючыся да падушкі на працягу 7-8 гадзін.

У аматараў спаць на жываце церпіць скура ілба, з’яўляюцца вертыкальныя лініі паміж бровамі. Тыя ж, хто спіць на баку, рызыкуюць займець «гусіныя лапкі», носагубныя зморшчыны, маршчынкі каля рота.

Занадта высокая падушка гарантуе палоскі на шыі, а калі вы яшчэ і ўткнецеся ў падушку тварам, абдымаючы сваю «лепшую сяброўку», можаце займець поўны камплект маршчын. З часам яны становяцца ўсё больш выразнымі.

Каб добра высыпацца і не шкодзіць сваёй знешнасці, выбірайце правільную позу для сну. 

Найбольш карыснай для здароўя хрыбетніка і найлепшай для захавання гладкай скуры твару лічыцца поза на спіне. Далёка не ўсім яна падабаецца, аднак з часам звычка бярэ верх, і сон на спіне пачынае прыносіць прыемнасць і камфорт. Калі вы спіце тварам угару, раніцай будзеце выглядаць свежай, вочы не будуць прыпухлымі, а твар — пакамечаным.

Значэнне мае тканіна навалачкі, яна павінна быць дастаткова мяккай і тонкай, каб выключыць празмернае націсканне на скуру. Найлепшымі лічацца шоўк і атлас, падыдзе таксама сацін. Усе гэтыя матэрыялы гіпаалергенныя. Бавоўна, пры ўсіх яе перавагах, абумоўленых натуральнасцю, грубаватая і высушвае тонкую скуру твару.

Падушка не павінна быць занадта высокай. Варта патраціцца на адмысловую артапедычную падушку, якая карысная для здароўя, бо зроблена так, што падчас сну прымае форму галавы і шыі.

Не забывайце і аб клімаце ў спальні — празмерна сухое паветра спрыяе з’яўленню маршчын. 

Рыхтуючыся да сну, старанна ачысціце твар ад касметыкі — рэшткі макіяжу выклічуць раздражненне скуры. Сілкаванне і ўвільгатненне скуры з дапамогай крэмаў павінна праводзіцца не пазней, чым за гадзіну да сну, інакш крэм не паспее ўвабрацца. 

Вазьміце за правіла высыпацца кожную ноч, бо паўнавартасны сон амалоджвае, з’яўляецца магутным антыстрэсавым фактарам. А прызвычаіўшыся спаць у правільнай позе, вы будзеце прачынацца свежай, з гладкім тварам, без заломаў і «ліній Марфея».

Агата СЛАВІНА

Фота: pixabay.com

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».