Вы тут

Маладзёжныя пітчынгі, сустрэчы з акцёрамі і вялікая афіша


У дзень адкрыцця XXVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» адбылася фінальная прэс-канферэнцыя. Удзельнікамі сустрэчы сталі вядомыя кінакрытыкі, рэжысёры і прадзюсары. Прысутныя пачулі прывітальнае слова, якое гасцям і арганізатарам фестывалю перадаў расійскі рэжысёр Мікіта Міхалкоў. 


Фота: БелТА

Адметнасцямі «Лістапада» ў гэтым годзе стануць паказы кіно ў рэгіёнах, сярод іншага — 6 лістапада актрыса Наталля Варлей разам са сваёй калегай Наталляй Бандарчук правядзе творчую сустрэчу ў Доме культуры ў Оршы. Фестываль ахопіць больш за 40 населеных пунктаў Беларусі. У рэгіёнах плануюць паказаць конкурсныя ігравыя карціны, фільмы з пазаконкурснай праграмы, «Залатой калекцыі» і «Найлепшыя мультфільмы свету». Таксама сёлетні «Лістапад» будзе накіраваны на моладзь: адбудзецца пітчынг, дзе маладыя рэжысёры змогуць падзяліцца сваімі ідэямі, а самыя лепшыя праекты атрымаюць фінансаванне.

Падчас прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Валерый ГРАМАДА адзначыў:

— Арганізацыяй нашага фестывалю займаецца Міністэрства культуры сумесна з Мінгарвыканкамам. Да пачатку «Лістапада» ўжо агучана шмат пахвальных лічбаў, якія паказваюць, што наш фестываль працягвае слаўныя традыцыі, закладзеныя адным з яго заснавальнікаў Расціславам Янкоўскім. Гэтыя традыцыі не толькі працягваюцца, але і прымнажаюцца. У 2022 годзе слоган фестывалю — «Сапраўдныя каштоўнасці». Усе фільмы, адабраныя ў конкурсныя і пазаконкурсныя праграмы, так ці інакш адлюстроўваюць тэму сапраўдных каштоўнасцей.

Зараз афіша фестывалю налічвае каля 100 стужак. У конкурсную праграму ўвайшлі 10 фільмаў ігравога кіно, 50 анімацыйнага (узначаліць яго журы рэжысёр-мультыплікатар, аўтар вядомых «Смяшарыкаў» Дзяніс Чарноў), 13 дакументальнага, а конкурс дзіцячага кіно «Лістападзік» прадставіць 9 работ. Як адзначыў генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі, журы прадстаіць складаная праца:

— У гэтым годзе журы працаваць няпроста, таму што вельмі моцная праграма. Некаторыя фільмы нават будуць спаборнічаць унутры сваіх краін: Расія і Кітай прадаставілі адразу некалькі стужак, і ўсе яны вельмі годныя.

У сваю чаргу праграмны дырэктар асноўнага конкурсу неігравога кіно Сяргей КАЦЬЕР звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе на фестываль была пададзена рэкордная колькасць заявак — 1360 стужак з 80 краін свету:

— Праграмы і фільмы, якія мы адабралі, сапраўды даставяць задавальненне нашым гледачам. Я ў гэтым упэўнены, бо карціны годныя, яны з’яўляюцца прызёрамі міжнародных кінафестываляў.

Фільмы, прадстаўленыя на XXVIII «Лістападзе», падораць гледачам не толькі яскравыя эмоцыі, але і прымусяць задумацца аб важных аспектах жыцця, падкрэсліў старшыня ХХVІІІ «Лістапада», народны артыст Беларусі Аляксандр ЯФРЭМАЎ.

У рамках фестывалю адбудзецца шмат цікавых падзей: так, Беларускі саюз кінематаграфістаў разам з замежнымі гасцямі адсвяткуе сваё 60-годдзе, таксама раскрыюць імя ўладальніка ўзнагароды Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве». Запланаваны пітчынг, удзел у якім прымуць праекты, прымеркаваныя да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэтым годзе фільмам, які адкрые «Лістапад», стане работа Наталлі Назаравай «Плакаць нельга». Стужка распавядзе аб рускай эмігрантцы ў Скандынавіі, сын якой не вярнуўся дамоў са школы.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.