Вы тут

«Контурная карта» на нагах: як спыніць варыкоз


У многіх жанчын пасля сарака гадоў на нагах з’яўляюцца сасудзістыя «зорачкі», а то і блакітныя сетачкі. Такая «контурная карта» на нагах сігналізуе пра варыкознае пашырэнне вен. Акрамя бачных праяў, аб захворванні гавораць ацёкі і стомленасць ног. Па сведчаннях дактароў, жанчыны пакутуюць на варыкоз нашмат часцей за мужчын. Важна своечасова скарэкціраваць лад жыцця, каб хвароба не прагрэсіравала.


Рухаемся без перагрузак

Варыкозная хвароба ўзнікае з-за парушэння цыркуляцыі крыві. Ваша задача — палепшыць кровазварот і ўмацаваць сценкі вен. Банальна, але для гэтага трэба рухацца. Сядзячы лад жыцця не прымусіць кроў бегчы хутчэй. Аднак нагрузка не павінна быць празмернай. Дактары рэкамендуюць прагулкіпехатой, фітнес без сілавых практыкаванняў, ёгу. Лепшы ваш сябар — ровар. А вось інтэнсіўна бегаць, скакаць непажадана. Не варта паднімаць цяжкасці — гэта прыводзіць да пашкоджання вен.

Скажам «так» басейну

Не варта злоўжываць саўнай, парылкай. А вось кантрасны душ прынясе карысць — ён умацоўвае вены. Дапаможа і басейн. Па сведчанні дактароў, плыўцы практычна не звяртаюцца са скаргамі на варыкознае пашырэнне вен.

Камфортны абутак

Давядзецца развітацца з абуткам, які прымушае ступню прымаць ненатуральнае становішча. Насіце тое, у чым нагам камфортна. На шчасце, дэвіз моды сёння — функцыянальнасць і практычнасць. «Не» — цеснаму абутку і туфлям на высокіх абцасах, якія перашкаджаюць нармальнаму кровазвароту. «Так» — зручным туфлям на нізкім абцасе, красоўкам, балеткам, абутку на платформе.

Аднак бываюць дні, калі мы не можам адмовіцца ад туфляў на ўлюбёных шпільках. Каб ногі адпачылі, ёсць простае практыкаванне. Прыйшоўшы дадому і зняўшы абутак, памыйце ступні прахалоднай вадой і пасядзіце 15 хвілін, прыўзняўшы ногі над паверхняй цела (можна пакласці іх на высокую падушку).

Кантралюем вагу

Уявіце, як цяжка даводзіцца нагам, а разам з імі і венам, калі наша вага залішняя. Пашкадуйце свой арганізм — пазбаўце яго ад лішніх кілаграмаў, гэта станоўча адаб’ецца і на вашым сэрцы, сасудах, суставах, не кажучы ўжо пра знешні выгляд. Азы правільнага харчавання: адмоўцеся ад фастфуду, занадта каларыйнай ежы, рафінаваных вугляводаў, ад вэнджанага, вострага, моцных мясных булёнаў, салёнай і кансерваванай прадукцыі. 

Якое харчаванне карысна для вен?

  • Перш за ўсё, з высокім утрыманнемвітаміну С. Вашы памочнікі — чорныя парэчкі, лімоны і апельсіны, ківі, шыпшыннік, маліны, памідоры, квяцістая капуста і іншыя плады саду і агарода.
  • Для паляпшэння крыватоку ў венах патрэбныя біяфлаваноіды — утрымліваюцца ў цытрусавых, вішні, шыпшынніку, чарнаплоднай рабіне, суніцах, вінаградзе.
  • Умацаваць сасудзістую сценку дапаможа руцін (вітамін Р) — ёсць у грэцкіх арэхах, чорных парэчках, абрыкосе, цытрусавых, зялёным чаі.
  • Дабратворна дзейнічае на вены вітамін Е. Лідары па яго ўтрыманні — раслінныя алеі. Нямала вітамінуў шпінаце, брокалі, яечным жаўтку, печані, арэхах.
  • Карысць прынясе часнок — гэта прафілактыка тромбаўтварэння.
  • Калі вы курыце, ад шкоднай звычкі надышоў час адмовіцца. Алкаголь венам таксама не памочнік — ён вядзе да страты вадкасці, ад чаго кроў гусцее.

Выконваючы гэтыя нескладаныя правілы, вы дапаможаце сабе быць здаровай і прыгожай.

Агата СЛАВІНА

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.