Вы тут

Ураджэнка Малдовы Надзея Ватаманюк цяпер грамадзянка Беларусі


Ураджэнка Малдовы Надзея Ватаманюк восем гадоў з відам на жыхарства прапрацавала загадчыцай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў пасёлку Ільіч Рагачоўскага раёна. Цяпер яна — грамадзянка Беларусі.


«Тры кубікі....» Вельмі засяроджана ўдакладняе лячэнне і дае ўказанне выканаць прызначэнне памочніку ўрача загадчык Ільічоўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Рагачоўскага раёна Надзея Ватаманюк. У яе ў падпарадкаванні 14 супрацоўнікаў. Урачэбны ўчастак вялікі — каля 1700 чалавек, з іх амаль 170 — дзеці да 18 гадоў. Абслугоўваюцца ў амбулаторыі жыхары Ільіча. Адносіцца да пасёлку і фельчарска-акушэрскі пункт вёскі Шапчыцы.

Заспець Надзею Аляксандраўну для інтэрв'ю ў будні дзень — вялікая праблема. Ды і ў выходныя яна часта на дзяжурстве. Пакуль ідзе па калідоры адрамантаванага будынка сельскай амбулаторыі, пацыенты на лавах у калідоры заціхаюць. І пераглядаюцца, здагадаўшыся, што да іх Аляксандраўны прыехаў карэспандэнт. Пакуль загадчыца амбулаторыі адпускае лекі ў аптэцы, «група падтрымкі» не вытрымлівае і выдае: «Пра свайго доктара чыталі ў газеце, бачылі пра і яе па тэлевізары!». «Яна — наша, родная», «нам без яе ніяк», «цяпер ні завошта нікуды не адпусцім», — паўтараюць ільічоўцы, быццам праз дыктафон журналіста хочуць «аслупаваць» любімага ўрача.

Вяртаецца, зрабіўшы ўказанне памочніку ўрача на ўчастку, Надзея Аляксандраўна. Нарэшце запрашае ў свой кабінет. Відаць, што не можа не расказаць, наколькі важная для яе падзея, якая адбылася. Гэта яе асабістае пасланне — падзяка лёсу, народу, краіне, якая прызнала яе сваёй.

— Я — сельскі лекар, разумееце, — з націскам на слове «сельскі» пачынае аповед Надзея Ватаманюк. — Быць грамадзянінам краіны, у якой працуеш, доктару асабліва важна. На сяле ты — чалавек дзяржаўны і нясеш адказнасць за жыцці іншых. Я для ільічоўцаў не толькі ўрач, але і псіхолаг, участковы, юрыст нават. Ведаю, што на мне адказнасць за сем'і, дзе выхоўваюцца дзеці. Бо ўсё навідавоку. Калі нехта чужы з'яўляецца ў пасёлку, я высвятляю, хто да каго прыехаў, калі трэба — тэлефаную ў сельвыканкам, бо наш пасёлак — не цэнтр сельсавета.

Родам Надзея Аляксандраўна з некалі рускамоўнага краю ў Малдове горада Бельцы. Бацька — рускі, а маці — малдаванка. Вучылася будучы доктар ў рускай школе. Скончыла медвучылішча. У 2006 годзе атрымала дыплом Кішынёўскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Па размеркаванні тры гады адпрацавала сямейным доктарам на вёсцы ў Акніцкім раёне Малдовы.

— Пачалі на рабоце прыціскаць, што размаўляць трэба толькі на дзяржаўнай мове, гэта значыць, на румынскай, а да рускай ставіцца негатыўна. Мая старэйшая дачка хадзіла ў школу, якая да пэўнага часу лічылася рускай, але сталі і там усіх схіляць цалкам пераходзіць на румынскую мову. Я і мае дзеці з-за гэтага адчулі вельмі сур'ёзны бар'ер, — расказала Надзея Ватаманюк.

У Беларусь, у Рагачоў, да гэтага пераехала і стварыла сям'ю родная сястра доктара. У 2013-м Надзея Аляксандраўна паехала да яе ў госці. І як многія, адразу палюбіла Беларусь. Вяртацца ў Малдову не захацела. Выбар дачкі падтрымалі бацькі, якія засталіся на радзіме.

— Першае, што мне вельмі спадабалася ў Беларусі, — няма моўнага бар'еру і цябе не абвінавацяць, калі размаўляеш па-руску. Мяне парадавалі шыльды на рускай мове, бо не трэба ламаць галаву, як перакласці. Спадабаліся палі і дагледжаныя сельскія населеныя пункты. Здзівілі малыя архітэктурныя формы ў вёсках, якія я проста не магла ўявіць раней. Калі сястра расказвала, што дзяржава дапамагае ў аздараўленні дзяцей, аплаце харчавання ў школе і садку, што гурткі і секцыі ёсць бясплатныя, я не верыла сваім вушам. Беларусы проста не разумеюць, як ім пашанцавала, што яны нарадзіліся ў гэтай краіне, — пераканана мая суразмоўца. — Я разумею, што Беларусь — адзіная краіна, дзе я буду патрэбная як спецыяліст і дзе будуць патрэбныя мае дзеці.

У 2013 годзе Надзея Ватаманюк вырашыла не марнаваць час, а пайсці ў Рагачоўскую цэнтральную райбальніцу, каб высветліць, ці можна ў Беларусі атрымаць работу медыку з дыпломам іншай краіны.

— У аддзеле кадраў у той самы момант знаходзіўся галоўны ўрач райбальніцы. Я патлумачыла, што ў Малдове працавала на вёсцы сямейным урачом, там так называўся ўрач агульнай практыкі. Адказалі, што гэта не праблема. Ёсць месца ўрача агульнай практыкі ў пасёлку Ільіч, дзе доктар якраз збіраўся выходзіць на пенсію, — згадвае Надзея Аляксандраўна.

Спатрэбілася пацвердзіць дыплом урача ў Мінску. Неабходна было таксама атрымаць новы дыплом інтэрнатуры, таму што малдаўскі тут не прызнаецца. Надзея напісала ліст у Міністэрства аховы здароўя Беларусі і атрымала дазвол здаваць іспыт па спецыяльнасці «Урач агульнай практыкі» без праходжання інтэрнатуры як спецыяліст, які ўжо мае працоўны стаж па гэтым профілі.

— Экзамены вытрымала, атрымала від на жыхарства і з мая 2014 года заступіла на службу. За час, пакуль афармляла дакументы, мне ні разу ніхто не адмовіў у дапамозе і ў неабходнай кансультацыі. Міграцыйнай службе асобны нізкі паклон. У мяне было малдаўскае вадзіцельскае пасведчанне, растлумачылі, што трэба пераздаць экзамен, — і ўсё, — удакладняе Надзея Аляксандраўна і звяртае ўвагу на тое, што менавіта ў такіх момантах разумееш, як важна, калі працуе закон, калі ўсё дакладна і ўсё выконваецца.

У Ільіч прыехала Надзея Ватаманюк жыць разам з дочкамі — Кацярынай і Машай. Атрымалі арэнднае жыллё — дом каля амбулаторыі. Малодшая дачка пайшла ў першы клас, старэйшая (цяпер студэнтка Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта) — у сёмы.

Маша атрымала грамадзянства разам з мамай. Спадзяецца, не доўга чакаць атрымання грамадзянства і Кацярыне — студэнту-медыку.

Самымі першымі, з кім навіной аб доўгачаканым беларускім грамадзянстве падзялілася вясковы доктар, былі яе бацькі.

— Калі мне патэлефанавалі з навіной з Мінска, я вяла прыём. Ад радасці нават не запомніла, як пацыент прадставіўся. Не магла ўсвядоміць, што гавораць. Выслухала, а потым выйшла на калідор і закрычала: «Ура!», — прызнаецца Надзея Аляксандраўна, на працы вельмі сур'ёзная і максімальна сабраная. — Прайшло ўжо колькі дзён, а я да гэтага часу не магу ўсвядоміць, што спраўдзілася мая мара. Бо калі для ўсіх радзіма — дзе нарадзіўся, то для мяне радзіма — месца, дзе я спатрэбілася людзям.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Рагачоўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.