Вы тут

У Лепелі завяршылася рэалізацыя буйнога сацыяльнага праекта


На Віцебшчыне, у Лепелі, завяршылася рэалізацыя буйнога сацыяльнага праекта, накіраванага на паляпшэнне якасці абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі, аналагаў якому няма ў краіне.


Фізічная рэабілітацыя пад кантролем інструктара-метадыста Алесі Кулак.

Праект з'яўляецца вынікам гуманітарнага супрацоўніцтва Лепельскага райвыканкама з Міжнародным дабрачынным грамадскім аб'яднаннем «ЭкаБудаўнік». Замежную бязвыплатную дапамогу аказала нямецкая дабрачынная арганізацыя «Дамы замест Чарнобыля». З 2016 года ажыццяўлялася яго паэтапная рэалізацыя: у 2018-м быў адкрыты Цэнтр сацыяльна-працоўнай, бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў Лепельскага раёна; у верасні 2021-га на базе Цэнтра адкрыты садоўніцкая і кулінарная майстэрні, у верасні бягучага года ў інфраструктуры горада з'явіўся новы аб'ект — Цэнтр сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі, навучання, пражывання інвалідаў і часовага прытулку. Гэтыя ўстановы — першыя ў Беларусі не толькі па стварэнні ўмоў для ўсебаковай падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і па комплексе рэабілітацыі.

Чаму менавіта Лепель быў абраны пляцоўкай для рэалізацыі праекта? Паміж райвыканкамам, дабрачыннымі арганізацыямі «ЭкаБудаўнік» і «Дамы замест Чарнобыля» вядзецца актыўнае супрацоўніцтва яшчэ з 2006 года: тады ў старым Лепелі для сем'яў, якія пацярпелі ад чарнобыльскай трагедыі, пабудавалі 28 дамоў сямейнага тыпу. Плённае супрацоўніцтва, размяшчэнне горада на трасе М-3, прыгожыя лепельскія краявіды, а, галоўнае, праект раённага Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які тады існаваў на паперы, прывялі да будаўніцтва двух сацыяльных цэнтраў, аналагаў якім пакуль няма ў рэспубліцы.

У Цэнтры сацыяльна-працоўнай, бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў створаны 9 працоўных майстэрань рознага кірунку: швейная, па вырабе сувенірнай прадукцыі, свечак і мыла, па механічнай зборцы штэпсельных вілак, бісерных і папяровых вырабаў. А ў верасні мінулага года ўрачыста адкрылі яшчэ садоўніцкую і кулінарную майстэрні. Першая ўяўляе сабой тры полікарбанатныя цяпліцы і аранжарэю для вырошчвання расады, другая — міні-кафэ, у якім працуюць сем наведвальнікаў цэнтра. З 12 гадзін дня кафэ пачынае гандаль, але аб'ёмаў духмянага печыва па сімвалічных цэнах пакуль не хапае для задавальнення вялікага попыту лепяльчан.

Акрамя працоўнай рэабілітацыі, наведвальнікі цэнтра — зараз гэта 61 чалавек — актыўна рэалізоўваюць творчы, разумовы і фізічны патэнцыял у гуртках па інтарэсах, а для людзей з аддаленых населеных пунктаў арганізаваны падвоз. У майстэрнях людзі з абмежаванымі магчымасцямі праходзяць не толькі рэабілітацыю, але і навучанне, па выніках якога могуць быць працаўладкаваны ў арганізацыі раёна — такіх добрых прыкладаў у гісторыі ўстановы шэсць. Яшчэ адзін вынік штодзённай работы па адаптацыі інвалідаў у грамадстве — некалькі сямейных пар, якія знайшлі адно аднаго менавіта ў цэнтры, сярод іх — Вольга і Сяргей Мартыновічы.

Зусім нядаўна — у верасні 2022 года — расчыніў свае дзверы Цэнтр сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі, навучання, пражывання інвалідаў і часовага прытулку, які пабудавалі за год. Будынак, як і папярэдні, узведзены з экалагічных матэрыялаў — гліны, дранкі і трыснягу, што дазваляе захоўваюць цяпло зімой і прахалоду летам. Унутры — гасцёўня з выхадам на тэрасу, кухня, «крызісны» і спальныя пакоі, умовы максімальна набліжаны да хатніх.

Цэнтр разлічаны на адначасовае знаходжанне шасцярых чалавек, прычым мажлівасць часовага прытулку могуць выкарыстаць не толькі жыхары Лепельшчыны, але і ўсёй Віцебскай вобласці. Адзінокім інвалідам першай і другой групы Цэнтр прапануе кругласутачнае абслугоўванне з поўным комплексам матэрыяльна-бытавога забеспячэння бясплатна; для людзей гэтай жа катэгорыі, у якіх ёсць сем'і, гэта каштуе 85 працэнтаў ад пенсіі па інваліднасці. Максімальны тэрмін знаходжання — 6 месяцаў. Для пастаяльцаў арганізавана чатырохразовае харчаванне, чатыры сацыяльныя работнікі суправаджаюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі на заняткі ў працоўныя майстэрні і гурткі, на культурна-масавыя мерапрыемствы, дапамагаюць спраўляцца з бытавымі цяжкасцямі.

Галоўнай мэтай калектыву цэнтра з'яўляецца дапамога наведвальнікам у грамадскай адаптацыі, прафесійнае навучанне і рэалізацыя жыццёвага патэнцыялу, асаблівы ўхіл робіцца на маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія акрамя ўсяго могуць знайсці не толькі сяброў, але і сваё месца ў жыцці. Зараз у цэнтры пражывае адзін мужчына з Лепеля, аднак хуткада яго далучацца суседзі.

Цэнтр адаптацыі стаў фінальным этапам праекта «Нарошчванне патэнцыялу ў рабоце з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі з дапамогай мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі і пашырэння майстэрань». На базе структурных адзінак раённага ТЦСАН рэгулярна ладзяцца семінары для сацыяльных работнікаў вобласці з мэтай пераймання вопыту ў калег. Ужо зараз можна высока ацаніць эфектыўнасць і патрэбу работы двух цэнтраў і адзначыць, што такія ўстановы павінны быць у кожным абласным цэнтры.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Віцебскія весткі»

Загаловак у газеце: Па-за межамі магчымасцяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».