Сустрэча з маладымі пісьменнікамі Беларусі адбылася напярэдадні ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Аўтары падчас імпрэзы чыталі свае вершы, расказвалі пра гісторыі іх напісання. У зале прысутнічалі студэнты філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта і курсанты Ваеннай акадэміі. Кожны меў магчымасць задаць пытанне творцам. Імпрэзу вяла член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ваенны журналіст, падпалкоўнік Узброеных Сіл Беларусі, тэлевядучая, сцэнарыст, блогер Ганна Чыж-Літаш.
«Госці нашага вечара маладыя, але дастаткова вопытныя пісьменнікі, з вялікай колькасцю напісаных рукапісаў, вершаў, кніг, — прадставіла Ганна гасцей імпрэзы. — Кацярына Роўда, паэтка, перакладчыца, Валерыя Саротнік — паэтка, празаік, перакладчык і Алена Басікірская, паэтка, журналіст; усе — лаўрэаты літаратурных конкурсаў».
Ганна Чыж-Літаш таксама належыць да кагорты маладых аўтараў. Яна падзялілася сваёй радасцю з прысутнымі — чарговай, дзявятай па ліку, кнігай, якая літаральна на мінулым тыдні пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».
«Мая новая кніга «101 спатканне, або Дзнённік вольнай жанчыны» напісана ў стылі дзявочага дзённіка, — расказала пісьменніца. — Твор будзе цікавы кожнай прадстаўніцы слабога полу, бо яна зможа зазірнуць углыб сябе. У кнізе апавядаюцца гісторыі маіх спатканняў, няўдачных раманаў, вясёлых, сумных, цудоўных — розных-розных. Усё ўзята з жыцця. Кнігу я прысвяціла ўсім жанчынам, дзяўчатам, якія хочуць кахаць і быць каханымі. Тут няма хэпі-энду, кожная частка — гісторыя жанчыны і яе ўзаемаадносін са светам мужчын. Хутка кніга паступіць у бібліятэкі, набыць яе можна ўжо ў ВД «Звязда», — анансавала Ганна.
Ганна Чыж-Літаш — аўтар пяці дэтэктыўных раманаў, галоўны герой якіх — падпалкоўнік Вінаградаў — а-ля наш беларускі Пуаро. У пісьменніцы ёсць яшчэ чатыры раманы. Яны на розныя сацыяльныя тэмы — аб жаночым лёсе, аб дзецях-інвалідах, падлетках, праблемах узаемаадносін і алкагалізму.
Маладая пісьменніца пачала пісаць чатыры гады таму падчас дэкрэту.
«І я лічу, нядрэнны вынік, — гаворыць творца. — Пішу ў асноўным па выходных, начах, бо ёсць асноўная праца. Пісьменніцтва — гэта больш хобі для душы. Будзем шчырыя — на пісьменстве шмат не заробіш, акрамя прызнання і поспеху, — смяецца яна.
Ганна — прыхільніца друкаванай кнігі. Яна абажае прыходзіць у бібліятэку, набываць кнігу ў краме і адчуваць цудоўны папяровы водар. Расказвае, што ў гэты момант быццам судакранаецца з чымсьці патаемным. Творца параіла ўсім часцей зазіраць у бібліятэкі і кніжныя крамы.
А вось Валерыя Саротнік вершы пачала пісаць з дзяцінства, а друкавацца пачала яшчэ са школы.
«Я перакладчык, прычым мастацкі, — прадставілася маладая паэтка. — Так адбылося ў жыцці, што я патрапіла ў хімічную лабараторыю і перакладала толькі аналітычную хімію, замест таго, каб перакладаць, напрыклад Эдгара По».
Аб гэтым Валерыя не шкадуе, бо мастацкімі перакладамі яна працягвае займацца, хоць і не так часта. У паэтэсы з’явіліся дзве кніжкі, за што яна ўдзячная Міхасю Башлакову і за яго гурток, які наведвала, дапамогу і падказкі. Адна кніжка ўжо ёсць у Купалаўскай бібліятэцы, падчас імпрэзы дзяўчына перадала і другую сваю кнігу.
Паэтка любіць усемагчымы сімвалізм і ўсялякія дзіўныя вобразы, якія ўвасабляе ў сваіх вершах. Яна пачытала свае лепшыя творы пра восень.
Наступная госця літаратурнага вечара — Алена Басікірская. Аўтарка родам з Мёраў, што на Віцебшчыне. Уваходзіць у Саюз пісьменнікаў Беларусі, працуе журналісткай у газеце «СБ. Беларусь сегодня». У сваіх карэспандэнцкіх матэрыялах піша пераважна на медыцынскую тэматыку. А вось у творчасці дае волю розным тэмам — ад кахання да гумарэсак.
«З дзяцінства я да слова адносілася цёпла. Скончыла філалагічны факультэт педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. А вось папрацаваць настаўніцай давялося толькі год, больш сіл не хапіла, — падзялілася ўспамінамі Алена. — Перайшла ў газету, спачатку ў «Міёрскія навіны», паралельна вучылася ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Потым пераехала ў Мінск і ўладкавалася ў Выдавецкі дом «Беларусь сегодня».
Вершы аўтарка пачала пісаць, калі, па яе словах, надышоў трывалы грунтоўны перыяд — заканчэнне школы. У 2015 годзе дзяўчына ўступіла ў Саюз пісьменнікаў. Да гэтага часу ўжо выйшла яе першая кніжачка «Споведзь», якую яна выдавала самастойна. Алена ўзгадала Міколу Шабовіча, з якім пазнаёмілася падчас вучобы ва ўніверсітэце. Дзякуючы яму дзяўчына пачала ўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах. Менавіта Мікалай Віктаравіч пазнаёміў маладую паэтку са старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Міхасём Пазняковым, што стала новым штуршком у яе творчым жыцці.
Для паэткі, лаўрэаткі прэстыжнай прэміі «Садружнасць дэбютаў» Кацярыны Роўды таксама немалое значэнне мае літаратурныя знаёмствы. Свой першы верш Кацярына пабачыла ў друку ў 27 гадоў. Дзякуючы сваім творчым настаўнікам — Міколу Шабовічу, Дзмітрыю Пятровічу, Міхасю Пазнякову і многім іншым масцітым творцам — адбывалася станаўленне яе паэтычнага таленту.
Першым слухачом для Кацярыны была бабуля, якая, на жаль, пайшла з жыцця, аднак да гэтага часу творца адчувае яе прысутнасць і падтрымку.
«Якой бы я ні была няўдачніцай, слабой, няўмелай... Кім бы я ні была, а змяніла я шмат прафесій — працавала і ў гандлі, і на заводзе „Керамін“, — мяне падтрымлівала бабуля. Я ведала заўсёды, што як мінімум адзін чалавек мяне разумее і чуе», — падзялілася літаратарка.
Асноўным рухавіком сваёй творчасці Кацярына лічыць каханне. Па словах творцы, бывае, яно і балючае, і ў той жа час змяняе чалавека. Прысутным яна пачытала вершы не пра шчаслівае каханне, як робіць звычайна, а пра горыч, што часам прыносіць гэтае пачуццё.
Паэтка прызналася ў любові свайму роднаму філфаку, які заканчвала завочна, сумяшчаючы студэнцтва з мацярынствам. Для шматдзетнай маці гэта быў нялёгкі час, але плённы ў плане знаёмстваў і творчасці.
Маладая аўтарка параіла ўсім творчым людзям быць шчырымі і, калі пішыцца, — абавязкова пісаць. Яна лічыць, што кожнаму трэба наведаць Фундаментальную бібліятэку БДУ, дзе, дарэчы, працуе супрацоўніцай аддзела гуманітарна-асветніцкай работы і папулярызацыі кніжных помнікаў. Аматараў жа слова запрасіла ў літаратурны клуб «КЛУмБа», якім кіруе. Тут выдаюцца аўтарскія кнігі, ставяцца паэтычныя спектаклі, праходзяць вечары памяці паэтаў і пісьменнікаў.
Літаратурны вечар завяршыўся агульным здымкам маладых паэтак з удзельнікамі мерапрыемства, аглядам экспазіцыі кніг маладых аўтараў і, вядома, пажаданнямі поспеху ў творчых пачынаннях.
Надзея ЗУЕВА.
Фота аўтара
У сталіцы адкрылася ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш.
«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».
«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.