Вы тут

Блінцы, векавая ліпа і лялька-вяснянка


На пачатку лістапада, на які прыпадае дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, традыцыйна ладзіцца свята Каласавіны. У юбілейны, 140-ы, год з дня нараджэння паэта мерапрыемствы прайшлі з асаблівым размахам. У Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак каля помніка песняру, прайшла навуковая канферэнцыя, а ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі творцы пачала работу часовая экспазіцыя «Інскрыпты Якуба Коласа». Але гэта далёка не ўсе святочныя падзеі, на якія супрацоўнікі музея і сваякі паэта сардэчна запрасілі ўсіх прыхільнікаў творчасці пісьменніка. Шмат падзей адбылося і на малой радзіме класіка, у Стоўбцах і Мікалаеўшчыне. Аб падарожжы ў мясціны Коласа чытайце ў рэпартажы «Звязды».


Пасля адкрыцця помніка Коласу ў Стоўбцах удзельнікі Каласавін накіраваліся далей у родныя мясціны песняра. У такі прыгожы дзень нават дарога не можа быць сумнай: у аўтобусе гучалі вершы класіка, абмяркоўваліся сэнсы ягоных твораў, а нехта жартаваў: «Калі пасажыры не працытуюць на памяць урывак з «Новай зямлі» — у аўтобус не пусцім». Так пад сяброўскія размовы мы дабраліся да Акінчыц, месца, дзе нарадзіўся будучы паэт. Гасцей сядзібы сустракалі песнямі ды прымаўкамі.

Людзей, якія жадалі наведаць радзіму паэта, аказалася шмат. У розных куточках сядзібы адбываліся невялікія тэатралізаваныя сцэнкі. Так, у самой хаце можна было пачаставацца хатнімі прысмакамі — яйкамі, салам і квасам: «Калі ласка, бярыце, ешце», — частавалі гасцей бабулі ў народных касцюмах. Ва ўтульнай вясковай хаце, калі вакол чуваць смех, а на печцы сядзяць дзеткі, нават забываеш, што ты ў музеі. Здаецца, быццам прыехаў да сваякоў.

На двары таксама было шматлюдна, там не проста частавалі блінамі, а пераносілі гасцей у сусвет паэта. Навуковы супрацоўнік філія-
ла Мікалаеўшчына Вольга Шавель разам з маленькімі памочнікамі разыграла сцэнку з «Новай зямлі»:

— Маленькія каласкі і матуля Ганна з імі! Шаноўнае спадарства, бачыце, якую сямейку яна выгадавала! Свята ў нас сёння, гасцей шмат. А што мы робім на свята? Бліны пячом!

Дазнаўшыся аб працэсе прыгатавання прысмакаў і пакаштаваўшы іх, мы адправіліся ў Альбуць. Менавіта гэтая мясціна сфарміравала Якуба Коласа як паэта. Класік успамінаў, што Альбуць вызначалася надзвычай цікавай прыродай ды незмаўкальнымі гутаркамі. Мясціна пашырыла запас ведаў песняра аб людзях і жыцці, а таксама дала багаты матэрыял для назірання.

Колас вылучаў Альбуць недарэмна. Сядзіба сустрэла нас цішынёй ды яловымі галінкамі, увешанымі дажджавымі кропелькамі. Ідучы па драўляным мастку, мы любаваліся восеньскім небам, што адбівалася ў рачулцы. Цішыню перарваў баян прывітальнай песняй музыкаў. Гасцей свята сустракалі таксама гасцінна. Гэтым разам нас частавалі аладкамі з мёдам, а самым смелым прапаноўвалі нават гарэлку: «Набірайцеся добрай энергетыкі пад нашымі дубамі».

Філіялы дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа не лічацца закансерваванымі — гэта значыць, што экспазіцыя ў іх аднаўляецца і дапаўняецца. А як інакш? Коласазнаўцы, якія плённа працуюць над вывучэннем біяграфіі і творчасці пісьменніка, даведваюцца аб новых старонках з жыцця класіка. Як распавяла Вольга Шавель, экскурсіі ў сядзібах адбываюцца рэгулярна: людзі прыязджаюць з розных куточкаў Беларусі і суседніх краін. А ў юбілейны год наведвальнікаў стала яшчэ больш. Ёсць і прыгожыя традыцыя: у Смольненскай сядзібе каля бюста Якуба Коласа першакурснікі Нясвіжскага педкаледжа атрымліваюць студэнцкія білеты.

Надыходзіць час адпраўляцца далей, але госці ніяк не могуць адарвацца ад прыгажосцяў Альбуці. Пад дрэвамі ў траве схаваліся познія восеньскія падасінавікі і баравікі. Мы пашкадавалі, што не ўзялі з сабой кошыкі.

Нашым апошнім прыпынкам у падарожжы стала Смольня. Там Якуб Колас упершыню сустрэўся з Янкам Купалам. Класікі сябравалі ажно трыццаць гадоў, да смерці Купалы ў 1942 годзе. Аб сяброўстве паэтаў захавалася шмат цікавостак. Акрамя таго, што яны вельмі любілі гуляць у шахматы, часта разам наведвалі лазню, якая знаходзілася непадалёк ад дома Коласа ў Мінску.

— Колас прыехаў у сядзібу на летні адпачынак і адразу напісаў ліст да Купалы, — расказала Вольга Шавель. — Яны вельмі паважалі адзін аднаго, нягледзячы на тое што да гэтага часу яшчэ не сустракаліся. Купала ўспамінаў, што грошай у яго было мала, і ад Стоўбцаў ён пайшоў пешкі. Ужо пачало цямнець, тут жа пушча, ваўкі. Але паэт успомніў, што хата павінна стаяць каля берага Нёмана, і пайшоў туды, дзе адчувалася вільготнае паветра. Колас у той час гасцяваў у знаёмых у Мікалаеўшчыне. Потым Канстанцін Міхайлавіч пісаў, што да яго прыбегла адна з сёстраў і сказала толькі тры словы: «Прыехаў Янка Купала».

Для наведвальнікаў Смольні прагучалі вершы і песні, таксама можна было наведаць майстар-клас па вырабе лялек.

Са Смольняй госці развітвацца не хацелі — гутаркі ды вершы не заціхалі. Нягледзячы на невялікі дожджык, наведвальнікі з цікавасцю разглядалі сядзібу і задавалі пытанні супрацоўнікам філіяла. Але трэба спяшацца, бо ўвечары прыхільнікаў айчыннай літаратуры чакаў святочны канцэрт да 140-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа «Мой родны кут» у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

На развітанне кідаем позірк на вялікую 110-гадовую ліпу, якую Якуб Колас пасадзіў разам з дзядзькам Антосем: яна захавалася па сёння...

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?