Вы тут

Бібліяноч «Колас запрашае» прайшла ў Карэліцкай бібліятэцы


Гасцей чакалі на тэатральнай, гастранамічнай і гульнявай пляцоўках. Яскравы жыццёвы шлях вядомага мастака слова ад вясковага пастуха да народнага паэта Беларусі ўвасобілі і перадалі на творчай вечарыне мясцовыя дзеячы і аматары культуры. Яны чыталі вершы паэта, прыводзілі ўспаміны пра Коласа іншых вядомых пісьменнікаў, а ўрыўкі з яго твораў сталі тэатральнымі замалёўкамі.


Пра Якуба Коласа казалі, што ён «быў вельмі шчырым і простым у абыходжанні з людзьмі, быў чулым да іх трывог, радасці і гора, уважліва ставіўся да кожнага чалавека». А яго творы для многіх «і калыскай, і школай былі».

Кожны чарговы этап яго шляху выступоўцы падмацоўвалі выказваннямі самога паэта, які ў сваіх творах апісваў мясціны, дзе рос і бываў. У прыватнасці, родную Альбуць, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады. Свой першы верш на беларускай мове «Вясна» паэт, дарэчы, напісаў у 12 гадоў і прачытаў бацьку, а той даў яму «рубель гасцінцаў». Верш не захаваўся, але сам Якуб Колас успамінаў, што твор з’явіўся пад уражаннем абуджэння прыроды і песні жаўрука.

Пісьменнік горача адгукаўся на ўсе падзеі з жыцця краіны. Разам з усімі радаваўся, калі ў краіне адкрыліся першы дзяржаўны тэатр, бібліятэка, акадэмія навук. Заклікаў да барацьбы і выказваў нянавісць да ворагаў у творах з пачаткам вайны.

Артысты паказалі гледачам таксама некалькі тэатральных замалёвак з твораў пісьменніка і лялечны міні-спектакль. А пасля імпрэзы гледачоў запрасілі на гастранамічную пляцоўку «У госці да дзядзькі Якуба», дзе прысутных чакаў стол з традыцыйнымі беларускімі стравамі. Сырнікі, дранікі, аладкі, жараныя яйкі, паляндвіца, шкваркі, печаныя яблыкі, грыбы — усё зроблена рукамі бібліятэкараў. Маленькія наведвальнікі бавілі час на гульнявай пляцоўцы, складвалі пазлы і ўдзельнічалі ў віктарынах.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.