Вы тут

Мікалай Цыскарыдзэ станцаваў для Валянціна Елізар’ева


На юбілейнай вечарыне ў гонар майстра балета, якую вяла Вера Палякова-Макей, што ні нумар — тое авацыі і крыкі «Брава». Не дзіва, што гала-канцэрт 4 лістапада доўжыўся чатыры гадзіны. Бо нумароў — шмат, як шмат тых, хто пажадаў павіншаваць народнага артыста СССР і Беларусі з 75-годдзем. У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі ў гэты вечар былі асобы і зоркі балета не толькі з Беларусі, а з блізкага і далёкага замежжа: імя Елізар’ева вядомае ў свеце, як і дзякуючы яму паважаюць самую з’яву — беларускі балет. Менавіта таму можна сказаць, што майстар прымаў віншаванні ад усёй нашай краіны.


Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч асабіста ўпэўніўся ў запатрабаванасці і любові да гэтага мастацтва: ля Вялікага тэатра ў яго запыталіся пра лішні квіток. Не, дакладна не ў гэты вечар…

— У гэтай утульнай зале ўсіх нас разам сабрала цудоўнае свята — 75-годовы юбілей выдатнага балетмайстара, майстра сцэны, народнага артыста СССР Валянціна Мікалаевіча Елізар’ева, — звярнуўся Анатоль Маркевіч да юбіляра. — Увесь творчы шлях звязаны з Вялікім тэатрам Беларусі, якому вы верна служыце з 1973 года. На гэтай сцэне нарадзіліся шэдэўры, якія па праву ўвайшлі ў залаты фонд беларускага і сусветнага балета. Вы выхавалі цэлую плеяду вялікіх танцоўшчыкаў, якія дасягнулі вяршынь славы, што сведчыць: сумесная з вамі праца — унікальная школа прафесійнага майстэрства. Дзякуючы вашаму адданаму служэнню беларускаму балету, мы перакананыя, што ідзём правільным шляхам развіцця нацыянальнага мастацтва. Вялікі дзякуй ад усёй краіны за вашу штодзённую, руплівую і вельмі патрэбную працу.

Таксама міністр культуры зачытаў віншаванне майстру ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, у якім, у прыватнасці, было адзначана, што дзякуючы натхнёнай працы Елізар’ева «склалася сучасная беларуская балетная школа, яе дасягненні сталі знакавымі старонкамі летапісу Вялікага тэатра Беларусі», а «спектаклі з’яўляюцца сапраўднай легендай сцэны, а кожная пастаноўка перадае магію пластыкі чалавечага цела, закранае тонкія грані душы.»

Доказы гледачы атрымалі тут жа, бо ў праграму канцэрта былі ўключаны фрагменты пастановак у харэаграфіі Елізар’ева, якія ёсць у рэпертуары тэатра. Некаторыя са спектакляў сталі легендамі: некалі перавярнулі погляд жыхароў савецкай Беларусі на балет і не страцілі адметнасці дагэтуль. Юбілейны вечар адкрыў знакавы для беларускай культуры твор у пастаноўцы майстра — фінальны эпізод кантаты «Карміна Бурана» ў выканані народных артыстаў Беларусі Ірыны Яромкінай і Ігара Артамонава. Тут сканцэнтраваная энергія — здавалася, тут эмоцыі на піку. А далей — больш...

Валянцін Елізар’еў са сцэны паабяцаў:

— Усе — і аркестр, і хор, а таксама артысты оперы і балета пакажуць вынік нашай шматгадовай працы. Акрамя таго, мы запрасілі цудоўных зорак балета. Мне здаецца, вы прыйшлі на вялікае свята балета...

Майстар падзякаваў за віншаванні: іх прыйшло багата ад дзяржаўных асоб, у тым ліку Наталлі Качанавай і Рамана Галоўчанкі, а таксама з яго радзімы — ад міністэрства культуры Азербайджана і беларускіх дыпламатаў у гэтай краіне. Словы павагі даслалі калегі па тэатральнай справе, якія прадстаўляюць лепшыя расійскія і замежныя тэатры: славутыя харэографы Юрый Грыгаровіч, народаны артыст СССР, і народны артыст Расіі Барыс Эйфман, а таксама мастацкі кіраўнік Марыінскага тэатра, народны арстыст Расіі Валерый Гергіў... Некаторыя прыехалі ў Мінск, каб засведчыць павагу асабіста, у тым ліку кіраўнікі вядомых труп: мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар тэатра «Крамлёўскі балет» народны артыст Расіі Андрэй Пятроў і мастацкі кіраўнік дзяржаўнага тэатра «Рускі балет», народны артыст СССР Вячаслаў Гардзееў... 

Арыгінальнае вітанне юбіляру падры’таваў народны артыст Расіі Мікалай Цыскарыдзэ, перадаўшы паклон з яго альма-матэр — Акадэміі рускага балета імя Агрыпіны Ваганавай у Санкт-Пецярбургу, якая месціца на вуліцы Зодчага Росі:

— Вы належыце таму пакаленню найвялікшых майстроў, якім давалі ўзнагароды, званні, пра якія гаварылі вельмі шмат не таму, што яны былі на пасадзе, а таму, што яны стваралі — ролі, спектаклі.

У гэты вечар Мікалай Цыскарыдзэ быў на сцэне не толькі як рэктар навучальнай установы, якую скончыў Елізар’еў, але і як артыст. Але ж у якой ролі? Харэаграфічная мініяцюра Джона Наймаера «Паўлава і Чэкеці» — тое, што найбольш якраз яму пасуе: педагог вучыць танцаўшчыцу, якую ўвасобіла прыма-балерына Міхайлаўскага тэатра Анжэліна Варанцова.

Творчыя падарункі Валянціну Мікалаевічу прывезлі зоркі сусветнага балета. Напрыклад, узор класічнага танца паказалі артысты славутых тэатраў Расіі — Лізавета Кокарава і Ігар Цвірко (Вялікі, Масква), Марыя Ільюшкіна і Мікіта Карнееў (Марыінскі, Санкт-Петербург). Нумароў было шмат і на кожны публіка рэагавала авацыямі.

І вельмі радасна, што ў шэрагах сусветных зорак цяпер нашы дзяўчаты, якія пачыналі свой шлях у балет у Беларусі, — Ксенія Аўсянік, якая прадстаўляе Дзяржаўны балет Берліна, і Любоў Андрева, артыстка Тэатра Барыса Эйфмана ў Санкт-Пецярбурзе. Што вельмі сімвалічна — у гонар Елізар’ева яны выступілі ў нумарах сучаснай харэаграфіі. Любоў Андрэева разам з Ігарам Субоціным уразілі неверагодным па прыгажосці і эмацыйным па накале нумарам. А таксама зоркі балета Казахстана Шугылу Адэпхан і Еркіна Рахматулаева, якія прадстаўляюць «Астана Опера» акрамя класічнага балета прадэманстравалі кранальны сучасны танец. Авацыі здабыў вядомы па танцавальных тэлепраектах Аляксандр Магілёў, кіраўнік Рускай кампаніі сучаснага танца «ЭТО» — у намары ён амаль увесь час на знаходзіцца на адным месцы, але фантастычныя рухі — не адарвацца. Рухі — сутнасць і мова балета. Гэта падкрэсліў у сваёй харэаграфічнай мініяцюры галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб: творчае прынашэнне мастацкаму кіраўніку тэатра зрабілі артысткі беларускага балета разам з удзельніцамі зборнай краіны па мастацкай гімнастыцы.

Але калі гучыць імя Елізар’ева, то ўсё ж хочацца згадаць яго творы. Праз гістарычныя фота з лепшых спектакляў у выкананні легендарных артыстаў. Праз фрагменты балетаў, якія берагуць цяперашнія нашы салісты — Ірына Яромкіна, Антон Краўчанка, Ігар Артамонаў, Людміра Хітрова, Юрый Кавалёў, Эвен Капітэн... «Спартак», «Кармэн-сюіта», «Рамэа і Джульета»... Спіс можна працягваць. Галоўнае, што ўсё ажывае і рухаецца па волі майстра, які выйшаў на сцэну, каб узняцца — ўзляцець над ёй. Гэта здарылася ў Мінску, калі яму было 26 гадоў, і працягваецца.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Аляксея СТАЛЯРОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.