Услед за ХХVIII Мінскім міжнародным кінафестывалем «Лістапад» пачаў працу конкурс дзіцячых і юнацкіх фільмаў «Лістападзік». У гэтым годзе ў секцыі прадстаўлена 9 стужак: краінамі-удзельнікамі сталі Расія, Канада, Кітай, Турцыя і Казахстан. У конкурсе ёсць фільмы сацыяльнай накіраванасці, якія расказваюць аб экалагічных праблемах, закранаюць важныя тэмы для сучаснай моладзі. Многія з іх удзельнічалі і нават перамагалі ў буйных міжнародных фестывалях.
Старшыня журы «Лістападзіка», генеральны дырэктар кінастудыі «Таджыкфільм» Махмадсаід Шахіен адзначыў, што секцыя дзіцячага і юнацкага кіно складаная для журы:
— Асоба, творчасць пачынаюцца з дзяцінства. На фільмы мы будзем глядзець вачыма дзяцей. Хочацца, каб і дзеці, і падлеткі усвядомілі сябе, фарміравалі сябе, каб потым самі выбралі свой шлях.
Цырымонія адкрыцця прайшла 5 лістапада ў кінатэатры «Піянер». Падчас яе першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада падкрэсліў сугучнасць слогану фестываля з Годам гістарычнай памяці:
— Глыбока сімвалічна, што слоган «Сапраўдныя каштоўнасці» кінафестывалю «Лістапад» вельмі сугучны з Годам гістарычнай памяці. Усе фільмы, якія гледачы ўбачаць у рамках дзіцячага кінафестывалю «Лістападзік», поўнасцю адпавядаюць гэтаму слогану. Будуць паказаны выдатныя працы кінематаграфістаў з Кітая, Канады, Турцыі, Расіі, Казахстана.
Падчас мерапрыемства для дзяцей выступілі спявак Тэа, а таксама дзіцячы шоў-тэатр «Хвілінка». Адкрыццё «Лістападзіка» адзначылася сусветнай прэм’ерай фільма «Чараўнікі» рэжысёра Рэната Даўлет’ярава. Стужка распавядае аб падлетку Арцёме, які знаходзіць у школьнай шафцы таямнічы карабок запалак. Аказваецца, што запалкі выконваюць жаданні:
— У дзяцінстве я быў вельмі лянівы, нядбайны, пераламаў мільён запалак для таго, каб не хадзіць у звычайную і музычную школу. Я верыў у гэта, як у бажаство: калі зламаецца запалка, я нічога не буду рабіць. Ідэя ў падсвядомасці ляжала, потым мне прыйшла думка купіць правы на кнігу «Ішоў па горадзе чараўнік». Яна была створана на савецкі менталітэт, для савецкіх школьнікаў. Таму нам прыйшлося перарабіць сюжэт, — распавёў Рэнат Даўлет’яраў.
Фільм-пераможца «Лістападзіка» будзе абраны 7 лістапада.
Арына КАРПОВІЧ
Фота Лзаветы ГОЛАД
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.