Вы тут

Канферэнцыя «Каласавіны»: якой Колас бачыў сваю місію


З 1985 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа збірае даследчыкаў, якія вывучаюць жыццё і творчасць класіка. Сёлета на XXXVI навуковай канферэнцыі «Каласавіны» сабраліся супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, сталічных і абласных навучальных устаноў, музеяў і архіваў. Нягледзячы на тое, што вывучэннем творчай спадчыны займаецца ўжо некалькі пакаленняў даследчыкаў, кожны год ускрываюцца новыя факты. Канферэнцыя дае магчымасць навукоўцам падзяліцца сваімі адкрыццямі, а, магчыма, і падказаць калегам тэмы для далейшых пошукаў.


Дэпутацкія клопаты

З 1940 года Колас неаднаразова вылучаўся дэпутатам, вось толькі даследванням яго грамадскай дзейнасці да апошняга часу не надавалася дастатковай увагі. І дарэмна: у асабістым архіве паэта захавалася багата матэрыялаў па гэтай тэме. У тым ліку лісты ад розных людзей, якія звярталіся да Коласа як дэпутата, надпісы на канвертах, зробленыя пісьменнікам, якія сведчаць, што ён адказваў адрасатам, сотні квіткоў грашовых пераводаў. Колас аддаваў на пазыку чужым людзям амаль палову ганарару за свае творы, «спускаў» значную частку свайго акадэмічнага заробку. Прычым пасля, калі людзі прыходзілі вяртаць пазыку, адмаўляўся браць грошы.

У дэпутацкай, як і пісьменніцкай дзейнасці, класік бачыў сваю місію — служыць народу. На «Каласавінах» даследванне, прысвечанае дэпутацкім клопатам Якуба Коласа, над якім музейшчыкі працавалі цягам году, прадставіла загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Вольга Наважылава. Пісьменнік сапраўды паспеў зрабіць вельмі многа карысных спраў. У гады вайны ён дапамагаў эвакуяванаму насельніцтву ў розных пытаннях: уладкавацца на працу, атрымаць неабходныя дакументы і даведкі, забяспечыць жыллём, устанавіць пенсіі сем’ям загінуўшых. У 1942 годзе Колас як дэпутат Вярхоўнага савета БССР звярнуўся да другога сакратара ЦК кампартыі Узбекістана Мікалая Ламакіна з хадайніцтвам аказаць матэрыяльную дапамогу эвакуяванай з Ленінграда праўнучцы Пушкіна і яе сыну. У гады вайны ён падтрымліваў і іншых вядомых людзей, у тым ліку Ганну Ахматаву, супрацоўнікаў Акадэміі навук, апекаваўся бежанцамі.

У студзені 1946 года Колас вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага савета СССР. Аднаўленне гарадоў пасля вайны, асвятленне вуліц, рамонт дарог, ашчаднае выкарыстанне вады і электрычнасці, клопат пра вяртанне ў Беларусь інтэлігенцыі і высокіх кадраў, добраўпарадкаванне могілак, ачыстка палёў ад камення, якое перашкаджала земляробству, але магло быць выкарыстана як будаўнічы матэрыял — далёка не ўсе пытанні, якія хвалявалі Коласа.

У дрэнным стане пасля вайны знаходзіліся многія дзіцячыя дамы. Колас сачыў за справамі ў Мінскім, Чаўскім, Брэсцкім, Мікашэвіцкім, Касцюковіцкім дзіцячымі дамамі. Напрыклад, ён вёў перапіску з выхаванцамі Брэсцкага дзіцячага дома № 2, падарыў ім бібліятэку кніг і нават запрасіў дзяцей да сябе ў Мінск. За тыя тры дні, што выхаванцы гасцявалі ў сталіцы, дзеці наведалі тэатр і сустрэліся з Янкам Маўрам. У 1947 годзе як дэпутат Колас звяртаецца да Панцеляймона Панамарэнкі, распавядае пра складаныя матэрыяльныя ўмовы, у якіх знаходзяцца дзеці-сіроты Мікашэвіцкага дзіцячага дома, просіць даць адпаведным установам указанне аб вылучэнні грузавой аўтамашыны і водпуску 30 кубаметраў піламатэрыялаў на рамонт.

Мара мікалаеўцаў

Дзякуючы намаганням пісьменніка—дэпутата будаваліся і новыя школы. У тым ліку і ў роднай для яго Мікалаеўшчыне, дзе ў 1940 годзе адбыўся вялікі пажар. Колас марыў пра аднаўленне вёскі і пабудову школы «на зайздрасць людзям». Матэрыялы пра школьную адукацыю і ўклад Коласа ў яе развіццё на Мікалаеўшчыне сабрала доктарка філалагічных навук, супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Валянціна Мароз. Яна, дарэчы, выпускніца Мікалаеўскай знакамітай «школы з калонамі», якая была пабудавана ў 1948 годзе дзякуючы намаганням Коласа. Жанчына ўзгадала, што, калі не было школы, дзеці вучыліся па хатах. Ідучы на заняткі ў халодны час, яны павінны былі несці з сабой дровы. Канстанцін Міцкевіч не толькі пісаў лісты ў органы ўлады, ён паглыбляўся ў розныя дробязі, звязаныя з будаўніцтвам, клапаціўся пра набыццё літаратуры, перадаваў сродкі на пэўныя патрэбы. Вяскоўцы звярталіся да Коласа і з іншымі запытамі, якія ён стараўся вырашаць.

Валянціна Канстанцінаўна паведаміла, што выпускнікі школы ў Мікалаеўшчыне мараць, каб будынку быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У ім можна зрабіць музей школьніцтва ці адукацыі, не толькі таму, што Колас быў настаўнікам, але і таму, што сярод выпускнікоў гэтай навучальнай установы багата педагогаў. Ужо сабраны матэрыялы пра першы выпуск з гэтага будынку — яшчэ з 1949 года.

Удзячная ўсё жыццё

Асобная тэма даследаванняў коласазнаўцаў — пошук успамінаў асоб, якіх лёс зводзіў з пісьменнікам. Напрыклад, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Віктар Жыбуль працытаваў ліст Коласа, які той у 1923-м пісаў жонцы Марыі Дзмітрыеўне са Слуцка, дзе выкладаў на настаўніцкіх курсах: «Адна настаўніца курсантка паказала маленькі сшытачак вершаў сваёй дачкі. Дзяўчынка 15-16 гадоў. Талент у яе, бяспрэчна, ёсць, і талент вялікі. Мне хочацца прыстроіць яе ў Белпедтэхнікуме. Яна страшна хоча вучыцца і будзе крыўдна, калі яна так загіне. Колькі гіне ў нас талентаў». У гэтым лісце ўзгадваецца паэтка Наталля Вішнеўская. Мары дзяўчыны збыліся, яна атрымала адукацыю, уваходзіла ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», была адной з аўтарак першага зборніка беларускай жаночай паэзіі «Вершы», які пабачыў свет у 1926 годзе. У другой палове 1920-ых гадоў дзяўчына актыўна выступала ў друку, але з-за рэпрэсій вымушана была спыніць літаратурную дзейнасць. Усё жыццё яна з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадвала Коласа.

Знаходкі юбілейнага года

За гэты год шмат зроблена для пошуку кніг, у якіх Колас пакінуў дарчыя надпісы. Такія выданні захоўваюцца ў музеях і архівах, як у Беларусі, так і за яе межамі. За кожным выяўленым інскрыптам — вялікая праца, іх даводзіцца шукаць у розных установах, нават у тых, пра якія раней даследчыкі і не ўзгадвалі. Так, у музеі А.С. Пушкіна была выяўлена кніга з інскрыптам Коласа. У архіве, пакінутым Коласам, захаваўся ліст Самуіла Маршака, у якім той дзякаваў Коласу за падораную яму паэму «Новая зямля». Адшукаць гэтую кнігу аказалася не так проста, ні ў архівах, ні ў музеях Расійскай федэрацыі яе не было. Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, урэшце знайшла кнігі з інскрыптамі ў прыватным архіве нашчадкаў Маршака.

Кніга, падараваная Коласам, захавалася і ў прыватным архіве нашчадкаў Аляксандры Каліны, з якой Колас пазнаёміўся ў 1956 годзе, калі ляжаў у бальніцы. Жанчына прыходзіла туды да свайго сына і была здзіўлена, якім простым, сардэчным, чалавечным быў народны пісьменнік. Яна пачала перапісвацца з Коласам, пазней жанчына перадала гэтыя лісты музею.

Часам праз выяўленне асоб, якім класік падпісваў свае кнігі, таксама можна адкрываць новыя факты з жыцця пісьменніка. Так унучка Коласа Вера Міцкевіч узялася высветліць, каму 100 гадоў таму яе дзед падпісаў асобнік «Сымона — музыкі». Можа, у гэтага чалавека захаваліся і іншыя кнігі, атрыманыя ад Коласа?

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?