Вы тут

На беларускія санаторыі захоўваецца высокі попыт


Гэтай восенню адзначаецца павышаны попыт на санаторна-курортнае лячэнне. На навагоднія святы ўжо забраніравана каля 60 працэнтаў месцаў. Ёсць цікавасць да такога адпачынку і на наступны год — на студзень браніраванне складае каля 35 працэнтаў. Хто сёння выбірае беларускія здраўніцы, з чым звязана цікавасць да іх з боку замежных гасцей і расіян і колькі будзе каштаваць навагодні банкет у санаторыі, расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі.


Фота: БелТА.

Запаўняльнасць расце нават у міжсезонне

У параўнанні з мінулымі гадамі ў гэта міжсезонне запаўняльнасць беларускіх здраўніц перавышае сярэднямесячную ў такі перыяд і складае больш за 80 %. За 9 месяцаў запаўняльнасць склала 81,4 % (летась за аналагічны перыяд — 76,8 %).

Што датычыцца ў цэлым вынікаў работы за 9 месяцаў гэтага года, то попыт стабільна высокі і пастаянна расце, адзначае Генадзь Балбатоўскі. Па выніках года мяркуецца выйсці на паказчыкі дапандэмічнага 2019-га. За 9 месяцаў больш за 1,1 мільёна чалавек прайшлі лячэнне і аздараўленне (у 2019-м — каля 1,3 мільёна). Прагноз па запаўняльнасці на наступныя перыяды таксама аптымістычны: на лістапад забраніравана 88 % месцаў, на снежань — 60 %, на студзень 2023-га — больш за 35 %.

Наведвальнікі з паўсотні краін

Экспарт паслуг за 9 месяцаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырас на 72 % і перавысіў 186 мільёнаў рублёў. Колькасць замежнікаў, якія прыехалі ў нашы санаторыі, павялічылася на 44 %, а гэта больш чым 142 тысячы чалавек.

— З замежнікаў найбольшую частку складаюць грамадзяне Расіі. Але ў цэлым геаграфія наведвальнікаў шырокая — больш за 50 краін. Нягледзячы на несяброўскую рыторыку балтыйскіх краін, у нас штодзень знаходзіцца больш за 100 грамадзян з Эстоніі, Латвіі і Літвы. На канец мінулага тыдня гэта лічба перавысіла нават 200 чалавек. Сёння нашы найбліжэйшыя суседзі з задавальненнем карыстаюцца магчымасцю і прыязджаюць да нас, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі.

Што датычыцца санкцыйнага ціску, то тут суразмоўца дадаў, што, безумоўна, ён адбіваецца на суадносінах замежных грамадзян.

— Сёння мы бачым змяншэнне замежнікаў і не дасягнем лічбы 2019 года, калі іх прыязджала больш за 200 тысяч чалавек. Аднак мы развілі свой унутраны турызм. Па колькасці пуцёвак, рэалізаваных сёлета юрыдычным і фізічным асобам, мы выйдзем на тыя ж лічбы 2019 года. Толькі суадносіны будуць не 40 % замежнікаў і 60 % беларусаў, а 75 суайчыннікаў і 25 % гасцей з замежжа.

Мінулы тыдзень, на які прыпалі асеннія канікулы школьнікаў, санаторыі працавалі з максімальнай загрузкай. Запаўняльнасць складала больш за 90 %. У лагерах розных тыпаў прайшлі аздараўленне больш за 62 тысячы дзяцей. На гэтыя мэты з бюджэту было выдаткавана больш за 1,7 мільёна рублёў. Попыт цалкам задаволены ў адпаведнасці з заяўкамі.

Цяпер у Мінскай вобласці ў лагеры «Дубрава» рэалізоўваецца гуманітарны праект па аздараўленні дзяцей Данбаса. Ён праводзіцца пад эгідай дабрачыннага фонду Аляксея Талая пры ўдзеле «Беларуськалія» і іншых арганізацый. У апошні заезд аздараўленне прайшлі каля 300 дзяцей, да канца гэтага года праект працягнецца.

Трэба сказаць, што кожны год Беларусь рэалізоўвае аналагічныя праекты. Сёлета, у прыватнасці, у нашай краіне адпачывалі дзеці з Сірыі, Узбекістана і традыцыйна з Расіі. Гэта практыка працягнецца і ў наступным годзе.

Колькі каштуе навагодні банкет?

Сярэдні кошт пуцёвак у свабоднай рэалізацыі сёлета склаў 76 рублёў, калі браць стандартны двухмесны нумар. Адзін дзень у санаторыі ў перыяд навагодніх свят (з 25 снежня да 7 студзеня ) складзе каля 93 рублёў. Кошт навагодняга банкета — каля 200 рублёў. Плануецца, што ў санаторыях Новы год адзначыць каля 22 тысяч чалавек, з іх палова — замежнікі, пераважна расіяне.

Нагадаем, што пакуль 40 % месцаў застаецца свабоднымі, і магчымасць набыць пуцёўкі яшчэ ёсць. Акрамя медыцынскага складніка адпачывальнікам у гэты перыяд прапануюць шэраг культурна-масавых і забаўляльных мерапрыемстваў.

— Цэны застаюцца нязменнымі, прэйскуранты былі зацверджаны, зараз ідзе браніраванне і продаж па ўстаноўленых да адпаведнага распараджэння Прэзідэнта цэнах, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. — Ні пра якое павелічэнне цэн размовы ісці не можа, рэспубліканскі цэнтр кантралюе гэта пытанне выбарачным маніторынгам.

Як адзначыў Генадзь Балбатоўскі, унёсак турызму ў ВУП краіны адстае ад еўрапейскага ўзроўню, таму стаіць задача павялічыць турысцкі патэнцыял. Пры наяўнасці інвестараў ім будуць прапанаваны пляцоўкі для будаўніцтва новых санаторна-аздараўленчых устаноў, паколькі пералік месцаў з разведанымі крыніцамі мінеральных вод, гразевых радовішчаў дастаткова шырокі, не кажучы пра эстэтычны і прыродны складнікі. Кожны рэгіён працуе над гэтым пытаннем.

Эксперт дадаў, што санаторыі штодзень укараняюць новыя паслугі, валодаюць самай сучаснай медыцынскай апаратурай, а ў методыках выкарыстоўваюцца ўнікальныя прыродныя лячэбныя фактары, што з году ў год прыцягвае новых аматараў да такога віду адпачынку.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».