Вы тут

На месцы ўлада лепш бачыць, чым жыве раён і якія ёсць рэсурсы


На Гомельшчыне сёння распрацаваныя 134 інвестыцыйныя праекты. Іх рэалізацыя дапаможа значна ўзмацніць раёны рэгіёна эканамічна. Як эканамічнае развіццё дапамагае стаць сацыяльна моцнымі? Актуальнае пытанне на прыкладзе Петрыкаўскага раёна было разгледжана падчас выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Удзельнікамі сустрэчы ў рэгіёне сталі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, а таксама кіраўнікі рэспубліканскіх органаў улады, прадстаўнікі выканаўчай вертыкалі, мясцовых органаў улады і дэпутаты ўсіх узроўняў.


Растуць дамы, а ў іх — новыя сем'і

Вядома, што Петрыкаўскі раён Гомельшчыны моцны імпульс развіцця атрымаў пасля таго, як у гэтым палескім рэгіёне пачалася рэалізацыя інвестпраекта ААТ «Беларуськалій» па будаўніцтве горна-абагачальнага камбіната. Урачысты запуск Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу адбыўся ў жніўні мінулага года.

— Прэзідэнт паставіў задачу распрацаваць радовішча і пабудаваць завод. За 6 гадоў задача была рэалізавана — і гэта стала імпульсам для імклівага развіцця раёна, — нагадала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў пачатку работы выязнога пасяджэння на базе Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій».

Новае жыллё, установы адукацыі і спорту... Аб тым, як развіццё сацыяльнай сферы садзейнічае замацаванню кадраў на прадпрыемстве, расказаў генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты. Па яго словах, яшчэ 10-15 гадоў таму на прадпрыемствах пачала набіраць абароты тэндэнцыя раздзялення «на актывы». Многія няпрофільныя ўстановы адукацыі, дзіцячыя садкі, жыллё — з балансаў прадпрыемстваў перадавалі гораду, раёну. «Беларуськалію» ўдалося тады абараніць падобныя актывы, што і дало свой вынік.

— Беларусь — сацыяльна арыентаваная краіна, і на прадпрыемстве важна таксама падтрымліваць сацыяльную праграму. Мы працягваем прытрымлівацца сацыяльнай накіраванасці прадпрыемства — і ў Салігорску, і ў Петрыкаўскім раёне, — акцэнтаваў увагу Іван Галаваты.

Падчас азнаямленчай экскурсіі па мікрараёне «Паўночны» Петрыкава члены Прэзідыума Савета Рэспублікі змаглі ацаніць тэмпы развіцця сацыяльна значнай інфраструктуры горада. Новы «мікрараён калійшчыкаў» актыўна забудоўваецца ўжо некалькі гадоў. Летась тут было ўзведзена дзесяць шматкватэрных дамоў, сем — ужо з пачатку бягучага года.

Удзельнікі выязнога пасяджэння азнаёміліся з работай Петрыкаўскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці і ацанілі вынікі праведзенай рэканструкцыі акушэрска-гінекалагічнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы. Сёлета па размеркаванні для работы ў сферы аховы здароўя ў Петрыкаў прыехала ўтрая больш выпускнікоў-медыкаў, чым чакалася, звярнула ўвагу падчас агляднай экскурсіі па мікрараёне Наталля Качанава.

— Моладзь не будзе так актыўна імкнуцца ў вялікія гарады, калі іх родныя населеныя пункты будуць сучаснымі, добраўпарадкаванымі, будзе дзе працаваць і жыць, — адзначыла спікер верхняй палаты парламента. — У Петрыкаве менавіта так і адбываецца. А чаму? Тут прыгажосць, парадак, жыллё даецца, зарплата расце. У такіх умовах можна спакойна ствараць сем'і, нараджаць дзяцей — ёсць перспектывы. Па такім жа прынцыпе павінны развівацца і іншыя рэгіёны нашай краіны, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Падарункі і запрашэнне ў госці

У петрыкаўскі фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Прыпяць» Наталля Качанава завітала з падарункамі ад Савета Рэспублікі — прафесійнымі валейбольнымі мячамі.

Новы спартыўны інвентар зробіць трэніроўкі яшчэ больш прадукцыйнымі, а спартсмены абавязкова зоймуць прызавыя месцы на спаборніцтвах розных узроўняў, — падзякавала Наталлі Качанавай трэнер петрыкаўскай валейбольнай каманды Вікторыя Парэцкая. Дзяўчына падзялілася, што чатыры гады таму маладым спецыялістам вярнулася працаваць ў ДЮСШ у родным Петрыкаве. Мясцовая моладзь, якая з'язджае вучыцца, сёння вельмі ахвотна вяртаецца назад у раён, адзначалі таксама і ўдзельнікі каманды.

Наталля Качанава запрасіла выхаванцаў петрыкаўскай спартыўнай школы прыехаць у Савет Рэспублікі: каб на свае вочы ўбачыць, як дзейнічае найвышэйшы дзяржаўны заканадаўчы орган улады.

Бачыць, чым жывуць людзі

Падчас пленарнага пасяджэння Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на важнасць правядзення такіх выязных мерапрыемстваў.

— Гэтыя сустрэчы вельмі эфектыўныя — ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго. Калі выязджаем у раёны, мы бачым, як моцна людзі адданыя сваёй краіне і малой радзіме. Я знаходжуся пад вялікім уражаннем ад таго, як моладзь, з якой мы паспелі пагутарыць, гаварыла аб сваім Петрыкаве. І гэты цудоўны горад таго заслугоўвае!

Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што ў краіне працягваецца работа над праектам закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. Парламентарыям вельмі важна пачуць заўвагі і прапановы ад жыхароў раёнаў.

— Кожны рэгіён павінен развівацца — гэта трэба зрабіць для нашых людзей. Органы ўлады, мясцовага кіравання і самакіравання лепш бачаць, чым жыве раён, якія ёсць рэсурсы, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Больш эфектыўна задзейнічаць мясцовыя органы кіравання і самакіравання ў развіцці рэгіёнаў — даручэнне кіраўніка дзяржавы. Моцныя рэгіёны — гэта і задача, якая вызначана VІ Усебеларускім народным сходам. Таму ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў выязнога пасяджэння — і работа прадпрыемстваў, і функцыянаванне сацыяльнай сферы, і ЖКГ. Важна вызначыць, што яшчэ сёння трэба зрабіць для таго, каб людзі жылі камфортна, каб моладзь, атрымаўшы адукацыю, вярталася на сваю малую радзіму — жыць, працаваць і развіваць свой горад, свой раён, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі высока ацаніла работу мясцовых органаў улады і дэпутацкага корпуса на Гомельшчыне:

— Мы не першы раз наведваем Гомельскую вобласць. Тут работа выбудавана належным чынам і ў плане навядзення парадку, добраўпарадкавання, развіцця інфраструктуры. Гэта сведчыць аб тым, што людзі і самі клапоцяцца аб тым, што ўжо зроблена. Так, пэўныя сродкі на тое затрачвае дзяржава, мясцовыя органы кіравання, але вырашэнне такой задачы было б немагчымае без удзелу саміх грамадзян, якія жывуць тут, — падкрэсліла спікер. — Я бачу, як працуюць члены Савета Рэспублікі, якія прадстаўляюць Гомельскую вобласць, узаемадзейнічаючы з людзьмі і вызначаючы задачы, што неабходна вырашаць на мясцовым узроўні, дапамагаючы людзям у пытаннях, якія іх хвалююць.

Палешукі-ўмельцы

Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі азнаёміліся з перспектывамі развіцця дзяржаўнай прыродаахоўнай установы на прыкладзе Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» ў Петрыкаўскім раёне.

Як расказаў генеральны дырэктар нацпарка Юрый Апановіч, асноўная дзейнасць «Прыпяцкага» сёння — дрэваапрацоўка, турызм і лясная гаспадарка.

— Па турыстычнай дзейнасці колькасць турыстаў сёлета ў параўнанні з апошнімі гадамі значна вырасла. Заяўляе аб сабе ўнутраны турызм. У цэлым у студзені — жніўні гэтага года нацпарк наведала на 70 % больш турыстаў, чым за 9 месяцаў мінулага года. Павялічваецца і сярэдні чэк. Людзі атрымліваюць больш паслуг, — удакладніў Юрый Апановіч.

Сёння ў нацпарку таксама распачалі рэалізацыю перспектыўнага інвестпраекта — увод цэха пелетнай вытворчасці. Яна дасць магчымасць дадаткова стварыць 20 рабочых месцаў. Магутнасць вытворчасці складзе каля 20 тысяч тон пелет у год.

— Яшчэ на стадыі будаўніцтва на нас ужо выходзяць партнёры. Мы будзем выпускаць і прэміяльныя, і індустрыяльныя пелеты, — удакладніў генеральны дырэктар.

Наталля Качанава адзначыла добрую якасць прадукцыі нацпарка. Члены Прэзідыума Савета Рэспублікі наведалі гісторыка-этнаграфічны комплекс—музей пад адкрытым небам. У рамеснай слабадзе майстры прадставілі ўдзельнікам выязнога пасяджэння рамёствы, традыцыйныя для палескай зямлі: разьбу па дрэве, ганчарства, ткацтва, кавальскую справу, бондарства і саломапляценне, нацыянальную кухню і многае іншае.

Наталля Качанава падзякавала майстрам за захаванне беларускіх традыцый і падкрэсліла: на Палессі жывуць сапраўдныя ўмельцы, творчыя, добрыя, адкрытыя людзі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».