Вы тут

Актыўныя людзі на месцах — памочнікі ў вырашэнні лакальных праблем


Сустрэчы дэпутатаў розных узроўняў з жыхарамі рэгіёнаў даюць магчымасць людзям выказацца па набалелых пытаннях, а парламентарыям — пачуць кожнага чалавека асабіста і прыняць правільнае рашэнне, пастарацца дапамагчы.


Фота: БелТА.

Жыхары аграгарадка Дзешчанка Уздзенскага раёна мелі магчымасць выказацца па актуальных пытаннях свайго рэгіёна падчас прыёму грамадзян дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Людмілай Ніжэвіч, які яна правяла ў мясцовым сельвыканкаме. Заяўнікі прыходзілі ў сельсавет з самымі рознымі пытаннямі.

Алена Паўлаўна пражывае ў Дзешчанцы ў 16-кватэрным доме на першым паверсе. Да нядаўняга часу ў кватэры было ўсяго 11 градусаў цяпла. Праўда, яе просьбу чыноўнікі пачулі і на днях наладзілі ацяпленне. Але з'явілася новая праблема. У памяшканні мокрая сцяна, адвальваюцца шпалеры, у падвале па калена вады.

Старшыня сельвыканкама Уладзімір Балцянкоў растлумачыў, што ў доме ідзе капітальны рамонт. А вільгаць трапляе ў жылое памяшканне па ліўневай трубе, якая прагніла і патрабуе замены.

— Не хвалюйцеся. Мы запросім людзей, якія адказваюць за рамонт, каб яны выехалі да вас і яшчэ раз прааналізавалі сітуацыю, — супакоіла жанчыну Людміла Ніжэвіч.

І тут жа па яе просьбе старшыня Уздзенскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Пятровіч патэлефанаваў намесніку старшыні райвыканкама Мікалаю Рацкевічу, які выедзе на месца і дасць ацэнку рабоце падрадчыкаў. Хібы будуць выпраўлены згодна з праектам і будаўнічымі нормамі.

Іна Аляксандраўна з мужам хочуць адкрыць у населеным пункце бар. І такое памяшканне ў Дзешчанцы ёсць — з падведзенай вадой, усімі неабходнымі камунікацыямі. Але яно знаходзіцца ў арэндзе, выкарыстоўваецца пад склад ветпрэпаратаў.

— Проста так, беспадстаўна выкінуць з памяшкання арандатара ніхто не можа. Трэба паглядзець дагавор, тэрмін яго дзеяння, ці выконваюцца яго ўмовы, ці аплачваюцца камунальныя паслугі. І толькі ў выпадку парушэнняў прапісаных тут пунктаў можна разарваць дагавор, — рэзюмавала Людміла Ніжэвіч.

Дадам, што будынак знаходзіцца ва ўласнасці Уздзенскага раённага спажывецкага таварыства. Як адзначыў антыкрызісны кіраўнік райспажыўсаюза Аляксандр Яноўскі, які прыехаў на сустрэчу з дэпутатам, грамадзянка па дадзеным пытанні да яго не звярталася, але яно цалкам вырашальнае.

Найбольшую колькасць актуальных для аграгарадка тэм агучыў стараста Дзешчанкі Генадзь Быцай.

На аўтобусным прыпынку, што знаходзіцца на ажыўленай Слуцкай аўтатрасе, доўгі час не гарыць вулічнае асвятленне. Гэта стварае небяспеку для людзей, якія пераходзяць дарогу ў цемры.

Старшыня сельвыканкама растлумачыў, што неаднаразова звяртаўся ў «Белаўтадар», у адказ — толькі абяцанкі. Ігар Пятровіч параіў вырашыць пытанне праз Дзяржаўную аўтаінспекцыю.

Звярнуў увагу прысутных Генадзь Быцай і яшчэ на адну праблему — дзіцячы садок перапоўнены, малых сюды не прымаюць. Будынак, дзе раней месцілася дашкольная ўстанова, прыйшоў у непрыдатнасць. Яго прадалі камерсантам, яны перакрылі дах, умацавалі фасад і закансервавалі.

Спыніўся заяўнік і на дарожных праблемах. У прыватнасці, прасіў заасфальтаваць вуліцу Цэнтральную — самую старую ў Дзешчанцы.

— З такой просьбай да нас звярталіся жыхары населенага пункта. Мы сапраўды планавалі пакласці тут цвёрдае пакрыццё за кошт сродкаў ад рэалізацыі на аўкцыёнах зямельных участкаў. Але памянялі рашэнне на карысць раёна індывідуальнай забудовы ў вёсцы Валодзькі, дзе выдзелена для ўзвядзення дамоў 160 участкаў. Дарога тут вузкая, інтэнсіўны рух аўтатранспарту. А на вуліцы Цэнтральнай дарожнікі зрабілі падсыпку, утрамбавалі. Пры наяўнасці сродкаў абавязкова яе асфальтуем, — запэўніў Уладзімір Балцянкоў.

Генадзь Быцай выказаў таксама меркаванне, што ў вёсцы Целякова неабходна ўладкаваць дзіцячую пляцоўку. Людміла Ніжэвіч падтрымала заяўніка і паабяцала пасадзейнічаць з яе абсталяваннем.

— Нядрэнна таксама правесці там свята вёскі, усёй талакой добраўпарадкаваць населены пункт, — прапанаваў мужчына. З ім пагадзіліся ўсе прысутныя.

Хвалюе старасту і тое, што ў населеным пункце выстаўлены на продаж гандлёвы цэнтр, які належыць райспажыўсаюзу. А сюды ходзяць па пакупкі пенсіянеры, таму што тут ім даецца скідка ў 10 працэнтаў на сацыяльна значныя тавары. Наведваюцца сюды і пажылыя людзі з суседніх вёсак. Па словах Генадзя Іванавіча, у гэтым гандлёвым аб'екце ў параўнанні з прыватнымі крамамі больш шырокі асартымент, прымальныя цэны.

Пытанне возьмем на заметку, будзем разбірацца, з якой прычыны хочуць закрыць краму, — сказала Людміла Ніжэвіч.

Уздзенскае спажывецкае таварыства знаходзіцца ў стадыі санацыі, прызначаны антыкрызісны кіраўнік. Толькі ў адной Дзешчанцы пражывае каля 900 чалавек. Таму пытанні, як у населеным пункце арганізаваць гандаль, вельмі актуальныя, бо не кожны чалавек мае магчымасць і час ехаць у райцэнтр па неабходныя пакупкі. Трэба развіваць сетку магазінаў крокавай даступнасці, лічыць дэпутат.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.