Вы тут

Страшная тайна Чонкаўскага лесу


У 2021 годзе пачалося расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Чонкаўскім лесе, дзе фашысты стварылі сапраўдную фабрыку смерці, былі знойдзены астанкі амаль паўтысячы чалавек, якія перапахаваны з захаваннем усіх рэлігійных традыцый. Ад пачатку аднаўлення раскопак у красавіку 2022 года з'явіліся новыя бясспрэчныя факты аб генацыдзе мірнага насельніцтва на тэрыторыі БССР. Высветлілася, што тут дзейнічаў сапраўдны лагер смерці пад адкрытым небам — як у Азарычах.


Крывавая старонка гісторыі

На пошукі дакладнага месца пахавання было патрачана нямала часу, бо пра яго быў усяго толькі кароткі запіс у архіўных дакументах: на 9-м кіламетры шашы Гомель—Чарнігаў знішчаны вязні чатырох яўрэйскіх гета і мірныя жыхары. Пракуратура Гомельскай вобласці да гэтага часу праводзіць карпатлівую работу па пошуку доказаў у архівах Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У пратаколах допытаў паліцаяў часта знаходзяць звесткі, якія становяцца асновай для далейшых пошукаў.

— Палявыя работы праводзяць байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якім дапамагаюць кадэты, што знаходзяцца ў пошукавым клубе «Пунсовыя пагоны», — расказаў намеснік пракурора Гомельскага раёна Аляксандр Шынкароў. — На дадзены момант выяўлена 29 расстрэльных ям. Летась з іх было паднята амаль 500 касцяных астанкаў мірных жыхароў, якія пасля перапахавалі.

Аднак, нягледзячы на гэта, нават прыблізна акрэсліць межы тэрыторыі, дзе праводзіліся масавыя расстрэлы, немагчыма. Як і меркаваць, колькі людзей тут загінула. Справа ў тым, што брацкія магілы, глыбіня якіх ад 2,5 да 5 метраў, маюць некалькі «ярусаў». У адным такім пахаванні знаходзяць астанкі 60—70 мірных жыхароў.

— Мяркуючы па характары іх залягання, можна зрабіць выснову, што ў некаторых брацкіх магілах у ахвяр рукі былі звязаныя за спінай, — адзначыў Аляксандр Шынкароў. — Прычынай смерці былі два выстралы: асноўны і кантрольны. Аднак у некаторых расстрэльных ямах астанкі размешчаны хаатычна, тут знойдзены і асколкі гранат. Гэта сведчыць аб тым, што замест выстралаў нацысты закідвалі ў яму гранаты...

Не ведалі, што ідуць на смерць

Паводле слоў намесніка пракурора Гомельскага раёна Аляксандра Шынкарова, пасля дэталёвага вывучэння месца размяшчэння і колькасці выяўленых астаткаў нямецкіх палатак і стацыянарных бліндажоў можна ўстанавіць, што тут пастаянна знаходзілася расстрэльная каманда колькасцю да 500 чалавек.

Ваеннаслужачыя пошукавага батальёна ўсё часцей знаходзяць рэчы, якія належалі немцам. Сярод іх — сапёрная складаная рыдлёўка, гільзы і кулі, ножны ад нямецкага кінжала, так званая лазанцінніца на выпадак хімічнай атакі, банкі з-пад кансерваў і спіртнога з маркіроўкамі розных еўрапейскіх краін, пфеніг 1940 года і іншыя прадметы з нямецкімі надпісамі і гравіроўкамі.

Усё гэта неабвержна даказвае, што ў ваколіцах Гомеля дзейнічала сапраўдная фабрыка смерці. Аднак сярод мірных ахвяр нацыстаў былі не толькі жыхары Гомельшчыны, але і суседняй Чарнігаўшчыны: некаторыя рэчавыя доказы проста на тое ўказваюць. У адной з расстрэльных ям знойдзены асколак талеркі і кубак, на якіх захаваліся надпісы «Укртрэст» і «Луганск» адпаведна.

— Пацвярджэнне дадзенаму факту ўдалося знайсці і ў архівах, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Шынкароў. — У 1942 годзе з горада Шчорса і навакольных вёсак нямецкія акупанты пагналі жыхароў у бок Гомеля. Далейшы іх лёс быў невядомы ажно да моманту, калі вайскоўцы 52-га асобнага пошукавага батальёна не паднялі іх астанкі з расстрэльных ям. Прычым людзі не ведалі, што ідуць на смерць: прычынамі для збору і перамяшчэння аб'яўлялі то перасяленне, то выдачу дакументаў, то нейкія работы...

Новыя рэчавыя доказы (а з расстрэльных ям паднята больш за тысячу спадарожных знаходак, якія праходзяць балістычную і іншыя экспертызы) пацвярджаюць яшчэ больш страшную здагадку: для правядзення масавых пакаранняў смерцю фашысты часта выкарыстоўвалі трафейную савецкую зброю. А вось патроны для яе выраблялі на еўрапейскіх заводах зброі. У прыватнасці, нямецкія гільзы калібру 7,63 мм, якія выпускаў нямецкі завод Geco, ідэальна падыходзілі да пісталета ТТ, пісталета-кулямёта сістэмы Шпагіна. Дарэчы, завод да гэтага часу існуе і па-ранейшаму выпускае боепрыпасы.

Месца жывой памяці

Жыхары краіны, у тым ліку школьнікі, павінны ведаць, чым для нашых народаў стала нямецкая акупацыя і як планамерна фашысты знішчалі мірных жыхароў. Таму органы пракуратуры Гомельскай вобласці арганізавалі наведванне пахаванняў для прадстаўнікоў працоўных калектываў некалькіх прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў адукацыі Гомеля і Гомельскага раёна, а таксама ўдзельнікаў патрыятычнага аўтапрабегу. Сёлета месца жывой памяці наведала ўжо больш за паўтары тысячы чалавек.

Пракуратура Гомельскага раёна прадэманстравала рэчавыя доказы знішчэння мірных грамадзян акупантамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мерапрыемствы праходзілі з ускладаннем кветак да памятнага знака, узведзенага ахвярам генацыду беларускага народа. Паводле слоў курсанта ваенна-транспартнага факультэта БелДУТ Максіма Кісялёва, ён змог дакрануцца да гісторыі і ўсвядоміў, якую будучыню падрыхтавалі нямецкія карнікі нашаму народу. Малады чалавек і раней ведаў, што ў Чонкаўскім лесе праводзяцца раскопкі, але незабыўнае ўражанне засталося толькі пасля таго, як удалося дакрануцца да знойдзеных рэчаў, паназіраць за работай ваенных пошукавікаў і пачуць пра ўстаноўленыя ваенныя злачынствы нацыстаў на нашай зямлі.

Тым жа, хто кажа, маўляў, навошта падымаць касцявыя астанкі з зямлі, трэба нагадаць адну страшную сустрэчу, зафіксаваную ў дакументах. Гэта здарылася ў жніўні 1941-га ў наваколлях вёскі Краснае (цяпер аграгарадок) і пасёлка Чырвоны Багатыр. Процітанкавы роў, які выкапалі гараджане, спадзеючыся затрымаць наступленне ворага, пасля акупацыі Гомеля нямецка-фашысцкімі захопнікамі стаў вялізнай брацкай магілай для ваеннапалонных лагера Дулаг-121 і яўрэяў, жыхароў Гомеля. Пасля чарговай расправы адзін хлопец падышоў да рова і ўбачыў, як памірае чырвонаармеец, які з апошніх сіл прамовіў: «Запомні гэтае месца, сынок, каб потым пахаваць нас па-чалавечы!»

— Менавіта таму аднавіць гістарычную справядлівасць — наша агульная і важная задача, — рэзюмаваў Аляксандр Шынкароў.

Ірына ГРАМЫКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?