Вы тут

Арына Сабаленка вярнулася ў топ-5, а ў Мінску назвалі залатую ракетку


У амерыканскім Форт Уорце скончыўся Выніковы турнір WTA. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала фіналісткай турніру. У заключным матчы яна ўступіла Каралін Гарсія з Францыі. Сустрэча скончылася з вынікам 7:6, 6:4 на карысць французскай тэнісістцы.


Фота: БелТА.

«Я проста крыху знізіла свой узровень гульні. На тай-брэйку і ў першым гейме другога сэта. Вось і ўсё. Я зрабіла ўсё, што было ў маіх сілах. Але мая суперніца паказала неверагодны тэніс», — прыводзіць словы Арыны прэс-служба WTA.

Аднак на гэтым турніры здарылася своеасаблівая перамога Арыны Сабаленкі. Яна стала чацвёртай тэнісісткай у гісторыі, якой удалося абгуляць усіх трох першых ракетак бягучага рэйтынгу на адным турніры. На Выніковым турніры Арына абыграла першую ракетку свету — Ігу Свёнтак. Затым перамагла другі нумар сусветнага рэйтынгу — Онс Жабер і расправілася з трэцяй ракеткай планеты — Джэсікай Пегулай. Да Арыны Сабаленкі такое ўдавалася толькі Штэфі Граф, Серэне і Вінус Уільямс.

Гэты поспех на Выніковым турніры дазволіў Арыне вярнуцца ў першую пяцёрку рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Тыдзень таму яна знаходзілася на 7-м месцы, а пасля выхаду ў фінал выніковага турніру паднялася на дзве пазіцыі. Цяпер у актыве Арыны Сабаленка 3925 ачкоў і пятая пазіцыя сусветнага рэйтынгу.

Свае віншаванні першай ракетцы Беларусі накіраваў старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Рутэнка. «Дзякуючы Вашай бліскучай і ўпэўненай гульні, працавітасці і мэтанакіраванасці, мы атрымлівалі асалоду ад цудоўнага тэніса самага высокага ўзроўню, матч за матчам назіраючы за Вашымі перамогамі на шляху да фіналу», — гаворыцца ў віншаванні.Старшыня адзначыў, што для Арыны Сабаленкі сезон 2022 года быў няпростым, і цудоўнае выступленне на турніры ў Форт Уорце стала вянком напружанага перыяду падрыхтоўкі, цяжкасцей і выпрабаванняў, з якімі ёй даводзіцца сутыкацца на сваім тэнісным шляху.

«Вашы перамогі — моцны стымул для маладых спартсменаў на шляху іх станаўлення да вяршыняў сусветнага тэніса», — падкрэсліў Сяргей Рутэнка.

А пакуль першая ракетка Беларусі пакарала сусветныя корты, на мінскіх кортах выяўлялі залатую ракетку Беларусі. У Мінску прайшоў фінал галоўнага беларускага турніру сярод тэнісістаў да 12 гадоў — «Залатой ракеткі». Трэці год запар уладальнікамі галоўнага трафею турніра сталі выхаванцы мінскай школы «Змена». Сёлета турнір пабіў свой рэкорд па колькасці ўдзельнікаў — 15 каманд з усіх рэгіёнаў краіны.

Фота: БТФ.

«Дзіцячы спорт — гэта фундамент развіцця, будучыня нацыянальнай каманды. Менавіта пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба турнір «Залатая ракетка» праводзіцца ўжо чацвёрты раз, арганізавана серыя навучальных семінараў для трэнераў і пачынаючых суддзяў па тэнісе, вядзецца комплексная работа па падтрымцы дзіцяча-юнацкага спорту ў нашай краіне. Падобнага роду турніры — гэта ключавы этап падрыхтоўкі дзяцей да камандных выступленняў. Я добра памятаю свае першыя рэспубліканскія спаборніцтвы, і, спадзяюся, што «Залатая ракетка» таксама стане для многіх рабят такім жа цёплым і радасным успамінам», — адзначыў старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Рутэнка. Па яго словах, для арганізатараў падобныя турніры добра падсвятляюць праблемныя моманты. Той факт, што ў фінале былі ўсе 4 каманды з Мінска — заканамернасць. Большасць спартыўных аб’ектаў знаходзіцца ў сталіцы. «Тым не менш, паводле паказаных вынікаў, мы можам кропкава паглядзець, дзе і якія ёсць недапрацоўкі. Было б здорава, калі ў нас атрымаецца палепшыць інфраструктурныя і кадравыя пытанні», — адзначыў Сяргей Рутэнка.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.