Вы тут

Асеннія экалагічныя акцыі праходзяць па ўсёй Брэстчыне


Традыцыйна ўвосень у гарадах і сельскіх населеных пунктах праводзяцца прыборка тэрыторый, маштабнае навядзенне парадку. Нездарма шматлікія госці нашай краіны адзначаюць чысціню і парадак амаль як брэнд. Парадак жа бывае там, дзе яго падтрымліваюць. Прыклад у дадзенай справе падаюць вертыкаль улады, дэпутаты, грамадскія арганізацыі.


У брэсцкім парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Вось і ў Брэсце прайшла вялікая акцыя па навядзенні парадку ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, які знаходзіцца ва ўсходнім раёне горада. Сёлета парк перажыў значнае абнаўленне і рэканструкцыю. За паўгода было адрамантавана больш за пяць тысяч квадратных метраў тратуараў, на сарака гектарах выдалілі больш за тысячу аварыйных і сухіх дрэў. Устаноўлены новыя ліхтары, абсталяваны чатыры спартыўныя пляцоўкі, адрамантавана эстрада, мадэрнізавана сістэма відэаназірання. Усё гэта дазваляе казаць, што парк атрымаў новае жыццё.

Але ж работа па паляпшэнні парку працягваецца. І ў адзін з выхадных дзён тут паявіўся вялікі працоўны дэсант на чале са старшынёй аблвыканкама Юрыем Шулейкам. У акцыі ўзяло ўдзел больш за 260 чалавек, большую частку з іх склалі супрацоўнікі аблвыканкама і гарвыканкама. Абласную і гарадскую вертыкаль падтрымалі прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый, а таксама ўстаноў і прадпрыемстваў горада.

Удзельнікі акцыі праводзілі санітарную абрэзку і ачыстку маладога ляснога масіву. Работы хапіла ўсім, а праз некалькі гадзін тэрыторыя, дзе працавалі валанцёры, ужо выглядала па-іншаму, радуючы чысцінёй і парадкам.

Юрый Шулейка ў размове з журналістамі адзначыў, што любы абласны горад з'яўляецца прыкладам для рэгіёна ў цэлым:

—...І павінен задаваць тон у галіне культуры сацыяльнай сферы, навядзення парадку і стварэння камфорту. Як вядома, у абласныя цэнтры ўкладваюцца большыя сродкі, чым у іншыя населеныя пункты. Ну і аддача ад нас, жыхароў абласных цэнтраў, павінна быць адпаведная. Усе мы можам зрабіць унёсак у чысціню, парадак, утульнасць роднага горада.

Варта сказаць, што добрую справу падтрымліваюць ва ўсіх райцэнтрах і іншых населеных пунктах. Актыўна вядуцца работы па добраўпарадкаванні, навядзенні чысціні, садзяцца дрэвы. У Пінску за апошнія тыдзень-два праведзена некалькі працоўных акцый. Напрыклад, вуліцу Мінеева нядаўна ўпрыгожылі маладыя туі. У раёне сярэдняй школы № 10 пасадзілі 350 маленькіх прыгожых дрэў. У іх пасадцы ўдзельнічалі работнікі камунальнай гаспадаркі, гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, гарадскога архіва, навучэнцы і выкладчыкі аграрнага тэхналагічнага каледжа і прадстаўнікі іншых арганізацый.

Тым часам актывісты гарадской арганізацыі «Белая Русь» вывелі сваіх прыхільнікаў у сквер, названы ў гонар 900-годдзя Пінска. Сябры грамадскай арганізацыі прыбіралі сквер, расчышчалі дарожкі ад апалай лістоты і галінак. Хутка сквер набыў дагледжаны выгляд.

У Каменцы напярэдадні кастрычніцкіх свят прайшла маштабная акцыя «Пасадзі сваё дрэва». На вуліцы Рабінавай у гэты дзень зашумелі 20 новых рабінак. Іх пасадзілі актывісты раённай арганізацыі «Белая Русь» і супрацоўнікі ЖКГ на чале з яе дырэктарам Паўлам Заграем. На вуліцы 70 год Кастрычніка прадстаўнікі грамадскіх арганізацый пасадзілі клёны. На вуліцы Леванеўскага таксама будуць расці маладыя дрэвы, тут працавала каманда спартыўнай супольнасці. А на вуліцы Пагранічнай каля ракі Лясная з'явілася 17 бярозак. На гэтай жа вуліцы каманда райвыканкама высадзіла алею з 26 клёнаў. Такім чынам за дзень горад стаў прыгажэйшым.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.