Вы тут

Працягваецца развіццё аўтамабіляў на альтэрнатыўных відах паліва


Сёння асноўная ўвага ў транспартнай сферы краіны прыкаваная да стварэння камфортных і бяспечных аўтамабільных дарог. Згодна з Дзяржаўнай праграмай «Дарогі Беларусі» на 2021 — 2025 гады, сёлета былі запланаваны работы па рамонце, узвядзенні і рэканструкцыі каля 700 кіламетраў рэспубліканскіх аўтадарог, а таксама шэрага дарожных збудаванняў. Як паведаміў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Рыгор Глазко, гэтыя задачы выканальныя.


Фота: sputnik.by.

Больш за 2 тысячы кіламетраў дарог і дадаткова 77 мастоў

У бягучым годзе першапачаткова планавалася адрамантаваць крыху больш за 500 кіламетраў дарог і 2315 пагонных метраў дарожных збудаванняў рэспубліканскай сеткі, а таксама не менш за 1100 кіламетраў дарог і 1084 пагонныя метры мастоў мясцовага падпарадкавання.

Рыгор Глазко адзначыў, што ў дзяржпраграму ўключаны аб'екты, фінансаванне якіх павінна ажыццяўляцца за кошт як бюджэту, так і крэдытаў замежных банкаў. Аднак з-за ўвядзення санкцый выдзяленне крэдытных рэсурсаў з боку банкаў прыпынена. Таму ўрадам прынята рашэнне аб дадатковым выдзяленні на патрэбы дарожнай гаспадаркі краіны 300 мільёнаў рублёў. З дадзенай сумы 200 мільёнаў накіраваныя на рамонт рэспубліканскіх аўтадарог і маставых збудаванняў, а 100 мільёнаў рублёў — на падтрыманне мясцовай сеткі.

Паводле ацэнак транспартнага міністэрства, гэта дазволіць дадаткова адрамантаваць 250 кіламетраў рэспубліканскіх і 425 кіламетраў мясцовых дарог.

У цэлым жа па выніках года чакаецца прывядзенне ў добры эксплуатацыйны стан больш за 700 кіламетраў аўтакамунікацый і 2500 пагонных метраў маставых збудаванняў рэспубліканскай сеткі, звыш 1,5 тысячы кіламетраў мясцовых дарог і 1080 пагонных метраў мастоў на іх.

Мастам Мінтранс аддае асаблівую ўвагу, паколькі ад іх стану залежыць якасць маршрутнай сеткі ў цэлым. Таму дыягностыка і абследаванне такіх аб'ектаў праводзяцца рэгулярна. У праграму «Дарогі Беларусі» ўвайшлі 32 масты, якія патрабуюць першачарговага рамонту. З улікам выдзеленых сродкаў сёння ажыццяўляюцца іх аднаўленне і рэканструкцыя. Частка дадатковага фінансавання пойдзе на абнаўленне 77 мастоў (35 — рэспубліканскай сеткі, 42 — мясцовай). Такім чынам, выдзяленне дадатковага фінансавання не толькі дазволіць замясціць недаатрыманыя рэсурсы, але і выканаць рамонтна-будаўнічыя работы на беларускіх дарогах краіны ў поўным аб'ёме.

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю мост праз раку Заходняя Дзвіна на пад'ездзе да Наваполацка, абход гарадскога пасёлка Мір працягласцю 4,6 кіламетра. Заканчваецца будаўніцтва паўднёва-заходняга абходу Магілёва даўжынёй 11,5 кіламетра. Налета плануецца пачатак рэканструкцыі дарогі Полацк — Лепель працягласцю 61,5 кіламетра.

Кітайскія крэдыты замест еўрапейскіх рэсурсаў

Нягледзячы на атрыманне сродкаў з бюджэту, Міністэрства транспарту не адмаўляецца ад супрацоўніцтва і з іншымі інвестарамі, разглядаючы розныя варыянты, у тым ліку дзяржаўна-прыватнае партнёрства. У прыватнасці, на прынцыпах апошняга плануецца рэалізацыя праекта па рэканструкцыі трасы М10. На дадзены момант аб'яўлены трэці, завяршальны этап конкурсу, вынікі якога шмат у чым вызначаць перспектывы рэалізацыі праекта.

Што датычыцца пошуку крыніц дадатковага фінансавання, тут разглядаюцца розныя шляхі вырашэння праблемы. Напрыклад, Мінтранс цяпер прапрацоўвае пытанне па прыцягненні крэдытных сродкаў Кітая для рэканструкцыі ўчастка Р46 Лепель — Полацк — мяжа РФ (Юхавічы). Падобным чынам будзе вырашацца і крэдытаванне рэканструкцыі трасы М3 Мінск — Віцебск.

Увагі патрабуюць і мясцовыя дарогі

Як праводзяцца рамонт і рэканструкцыя сеткі мясцовых дарог, можна ўбачыць на прыкладзе цэнтральнага рэгіёна краіны. Як адзначыў начальнік аддзела ўтрымання дарожнай сеткі і бяспекі дарожнага руху «Мінскаблдарбуд» Валянцін Воўчанка, на балансе прадпрыемства знаходзіцца 16,2 тысячы кіламетраў аўтадарог агульнага карыстання, з якіх толькі 8,5 тысячы забяспечаны цвёрдым пакрыццём (асфальтабетон, цэментабетон, чорны шчэбень). Па выніках вясновага камісійнага агляду ўстаноўлена, што 2,6 тысячы кіламетраў мясцовых дарог на тэрыторыі вобласці знаходзяцца ў неналежным стане і патрабуюць першачарговага і неадкладнага рамонту.

На пытанне аб планаваным узвядзенні цвёрдага пакрыцця на ўсіх неасфальтаваных участках мясцовых дарог прадстаўнік абласнога прадпрыемства адказаў, што існуе праграма пераходу з гравійкі на асфальтабетон. Але з-за абмежаванасці сродкаў казаць аб ступені рэалізацыі праекта пакуль не выпадае. Перавод аднаго кіламетра дарогі з гравійнага на асфальтабетоннае пакрыццё абыходзіцца ў 300 тысяч рублёў. Таму ў прыярытэтах — рамонт аварыйных участкаў дарог. Цяпер уся дзейнасць ведамства накіравана на прывядзенне ў адпаведнасць з дзеючымі нормамі перш за ўсё асфальтаваных участкаў з высокай інтэнсіўнасцю руху транспарту і тых, паблізу якіх размешчана шмат населеных пунктаў.

Бензін, электрычнасць, газ, а потым і вадарод?

Не менш важныя і транспартныя сродкі, якія ездзяць па дарогах нашай краіны. У апошнія гады ўсё больш увагі ўдзяляецца электратранспарту, яго распрацоўкай і вытворчасцю займаюцца найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы. Так, у наменклатуры ўсёй тэхнікі, якую выпускае Мінскі аўтамабільны завод, ёсць мадэлі электрычнага транспарту.

Галоўны канструктар — начальнік упраўлення галоўнага канструктара аўтаматызаваных сістэм, тэлематыкі і мехатронікі МАЗа Андрэй Саўчыц адзначыў, што ў цяперашні час у наменклатуры выпусканай тэхнікі ёсць тыпавыя мадэлі электрычнага транспарту: тралейбус, у тым ліку з аўтаномным ходам, электробус, грузавы аўтамабіль да 12 тон поўнай масай у гатовым выкананні. Распрацаваныя тэхнічныя рашэнні спецыялісты завода могуць пераносіць на абсалютна любую мадэль тэхнікі, гэта значыць, любы дызельны варыянт з электрычным прывадам прапанаваць рынку ў кароткія тэрміны.

Сумесна з іншымі прадпрыемствамі краіны і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі на МАЗе метадычна вядзецца работа па лакалізацыі кампанентаў. Так, з дапамогай «Магілёўліфтмаша» асвойваўся электрычны цягавы рухавік. Цяпер на заводзе займаюцца высакавольтнай камутацыяй і назапашвальнікамі энергіі. Адна з галоўных праблем, якія перашкаджаюць развіццю электратранспарту, — значна ўзрослы кошт літыевых батарэй. Таму на МАЗе разглядаюць альтэрнатыўныя варыянты.

Андрэй Саўчыц адзначыў, што ўжо сёлета серыйныя варыянты электратранспарту могуць быць прадстаўлены ў масавую вытворчасць. Налета ж — узмоцніцца ступень лакалізацыі кампанентаў, будзе атрыманы цалкам беларускі электратранспарт.

У той жа час разглядаюцца і альтэрнатыўныя віды паліва. Намеснік галоўнага канструктара МАЗа па аўтамабільнай тэхніцы Мікалай Лакотка адзначыў, што скарачэнне сусветных запасаў нафты і рост цэн на нафтапрадукты стымулявалі пошук альтэрнатыўных відаў паліва.

Вынікам стала выкарыстанне на транспарце прыроднага газу: ён у два разы таннейшы, чым дызель, а ў прыродзе існуе ў выглядзе практычна гатовага паліва. Прыродны газ цалкам адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад'яўляюцца да паліва для аўтамабіляў. Ён утварае мінімальную колькасць таксічных рэчываў, змяшчае мінімум злучэнняў, якія выклікаюць карозію рухавіка аўтамабіля, валодае добрым сумесеўтварэннем з рухавіком, мае высокі актанавы лік і мінімальнае ўтрыманне смалістых рэчываў, што прадухіляе нагараўтварэнне.

Паміж кіраўніцтвам Беларусі і «Газпрамам» падпісаны пратакол намераў аб пашырэнні і ўжыванні прыроднага газу ў якасці маторнага паліва. Распрацаваны мерапрыемствы па пашырэнні будаўніцтва розных аўтамабільных газанапаўняльных кампрэсарных станцый і па газіфікацыі аўтатранспарту. МАЗ прапануе цэлую лінейку аўтамабіляў, якія працуюць на газаматорным паліве. Найбольш запатрабаваны камунальны транспарт з рознай колавай формулай, паўнапрывадная аўтатэхніка і пасажырская тэхніка. Перавага МАЗа ў тым, што ён прапануе гатовы прадукт газабалоннага абсталявання самай высокай якасці, якое мае ўсе неабходныя сертыфікаты. Акрамя работы на сціснутым прыродным газе, МАЗ вядзе яшчэ адзін перспектыўны напрамак — выкарыстанне ў якасці паліва звадкаванага газу, які захоўваецца пры мінусавай тэмпературы.

У сціснутага газу, а тым больш звадкаванага — вельмі вялікія перспектывы ў якасці аўтамабільнага паліва, упэўнены спецыяліст.

— Уся тэхніка, якая выпускаецца нашым прадпрыемствам, адпавядае 5-му экалагічнаму класу. МАЗ мае вопыт праектавання электрамабіляў, аўто на газаматорным паліве, так што на чарзе, наступным этапам — вадародны аўтамабіль, — падкрэсліў Мікалай Лакотка.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».