Вы тут

Не толькі скардзіцца, але і дзякаваць – прынцып работы Пікуля


Яго добра ведаюць у, як той казаў, калідорах улады, структуры ЖКГ і іншых службаў. Бо жыхары могуць паскардзіцца на што заўгодна. Аляксандр Пікуля на правах старасты акумулюе гэтыя скаргі на тэрыторыі дзвюх мікразон — Падгорная і Падміколле — і не шкадуе асабістага часу, каб іх вырашыць. За тое нехта яго не вельмі любіць, але большасць ставіцца з павагай. Бо гэты чалавек хоць і не дае камусьці жыць спакойна, але не забывае і падзякаваць. Нядаўна рабілі з ім матэрыял пра лесвіцу, якой актыўна карыстаюцца жыхары абедзвюх мікразон і па якой раней былі заўвагі. Дзякуючы актыўнасці старасты і пры садзейнічанні нашай газеты яе адрамантавалі. Аляксандр Пікуля з радасці падзяліўся інфармацыяй, хто яму дапамагае ў яго не самай удзячнай рабоце і каму ён адрасуе свае падзякі.


План па зялёнай зоне на вуліцы Катоўскага жыхары адобрылі аднагалосна.

У чаканні пандусаў і шлагбаумаў

Нядаўна стараста напісаў падзякі ў адрас двух прадстаўнікоў Магілёўскага гарвыканкама — начальніка ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян Лауры Дабрынскай і намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ірыны Сталяровай. Яны дапамаглі вырашыць шмат розных праблем па вуліцы Падгорнай. Цяпер дапамагаюць там жа ўстаноўкай пандусаў да пешаходнай сцяжынкі, якая вядзе на мост па вуліцы Каралёва.

— Нам адрамантавалі лесвіцу, і гэта цудоўна, але ж тым, хто падымаецца на мост на веласіпедзе або з каляскай, больш зручна хадзіць па сцяжынцы, — тлумачыць ён. — Ёсць паразуменне з гарадскімі і абласнымі ўладамі (у прыватнасці, з упраўленнем па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама ў асобе начальніка Іны Філіпавай, пра якую Пікуля кажа: залаты чалавек. — «Зв.»), спадзяюся, пандусы будуць зроблены.

Паралельна стараста вырашае недапрацоўку па шлагбаумах у Падмікольскім парку, якія не працуюць. Па запрашэнні старасты, карэспандэнт «МС» асабіста пераканалася ў гэтым.

— Шлагбаумы тут не дзеля прыгажосці, імі рэгулюецца рух па вуліцы Малой Грамадзянскай і каля Падмікольскага манастыра, — паказвае ён адзін, на якім нават няма стралы. — Але, як бачыце, пакуль яны не працуюць і нават не ўсе ўкамплектаваныя.

Аляксандр Пікуля з надзеяй чакае вырашэнне пытання, бо, як ён перыядычна паўтарае, ужо паведаміў пра гэта ў гарвыканкам.

«Пра гэты парк я марыў 45 гадоў...»

Пра парк у Падміколлі трэба сказаць асобна. Аляксандр Пікуля прызнаецца, што пра такі падарунак ён марыў 45 гадоў.

— У 1972 годзе праходзіў службу ў горадзе Іванава ў Расіі. Горад чымсьці падобны на наш. Толькі ў іх на той момант было чатыры паркі, а ў нас такога, які б цалкам адпавядаў свайму прызначэнню, ніводнага. Таму калі даведаўся, што ў нас у Падміколлі нарэшце зробяць парк, шэсць гадоў запар хадзіў на ўсе суботнікі і саджаў дрэвы, — кажа суразмоўнік.

Ён вельмі ганарыцца сваім першым дрэвам, якое пасадзіў на першым суботніку. Пра яго ведаюць дзеці і ўнукі. Яно трэцяе з краю цэнтральнай алеі. Па дарозе Аляксандр Пікуля не шкадуе моцных эпітэтаў, каб расказаць, што тут было да парку.

— Фактычна гарадская звалка, — кажа ён. — Усё баршчэўнікам зарасло, дрэвы хворыя былі, караедам пашкоджаныя, шмат якія з іх сохлі. Прыйшлося павысякаць. Лісце, хлам, смецце — самазвалы, напэўна, сотню рэйсаў зрабілі, каб усё гэта вывезці. Колькі суботнікаў тут правялі, нават цяжка падлічыць.

За парк Аляксандр Пікуля ўдзячны былому мэру Магілёва Уладзіміру Цумараву. Ён нарэшце ўзяў на сябе вырашэнне праблемы. І не толькі гэтай. «Пры Цумараве ўсе масты ў Магілёве адрамантавалі, — кажа стараста. — А арка на ўездзе, якая з'явілася па ініцыятыве мэра, стала адным з цікавых архітэктурных аб'ектаў Магілёва».

Калі пачатак парку даў былы мэр горада, то яго напаўненнем і добраўпарадкаваннем займаецца сёння «Магілёўзелянбуд». Аляксандр Пікуля не пакідае адрасаваць свае падзякі дырэктару прадпрыемства Пятру Аляксейчыкаву, галоўнаму аграному Крысціне Аўтушковай і начальніку ўчастка парку Юрыю Макацарыю за тое, што парк становіцца з кожным днём прыгажэйшым, тут шмат кветак і малых архітэктурных формаў.

— Юрый Макацарыя наогул шмат робіць для добраўпарадкавання, бачыце, шпакоўні на кожным дрэве — гэта была яго задума, — паказвае Аляксандр Пікуля.

Ягадная алея

Па дарозе ад парку да нядаўна зробленага сквера Аляксандр Пікуля па-гаспадарску не забывае заўважыць, што калі рабілі парк, дарогу па вуліцы Сурты разбілі цяжкай тэхнікай. Вырашыць пытанне з рамонтам, па яго словах, яму дапамагаюць вышэйназваныя Лаура Дабрынская, Ірына Сталярова і таксама начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага гарвыканкама Ігар Данькоў.

Месца не хапае нават для будаўнікоў.

А вось і вуліца Катоўскага, пра добраўпарадкаванне якой мы калісьці таксама пісалі. Цяпер яе не пазнаць. Тут Падміколле мяжуе з Падгорнай, іх раздзяляе невялікая рачулка Дзебра, праз якую не без намаганняў Пікулі зроблены акуратныя масткі. А дапамагаў, удакладняе ён, Андрэй Маскалёў, які на той момант узначальваў гарадское ўпраўленне камунальнага будаўніцтва. Што датычыцца сквера, то пра зялёную зону стараста яшчэ некалькі гадоў таму казаў. Сёння і гэтая мара матэрыялізавалася. Непадалёк ад крамы і дзіцячага садка з'явіўся невялічкі сквер з саджанцаў рабіны, глогу, каліны — усяго 38 дрэў і столькі ж кустоў.

— Аграном «Магілёўзелянбуда» Крысціна Аўтушкова зрабіла праект, — удакладняе Пікуля. — Вельмі прыгожы, мы яго яшчэ вясной абмяркоўвалі.

На пасадку сквера Аляксандр Пікуля запрасіў і жыхароў, самыя актыўныя з якіх шчыравалі нараўне з камунальнікамі і прадстаўнікамі іншых зацікаўленых службаў.

Сквер знаходзіцца непадалёк ад дзіцячага садка, і стараста ўспамінае добрым словам яшчэ і памочнікаў ад сістэмы адукацыі. Аператыўна вырашаць праблемныя пытанні з асвятленнем, добраўпарадкаваннем і гэтак далей на тэрыторыі дзіцячых садкоў і школ, дзе вучацца дзеці Падгорнай і Падміколля, яму дапамагаюць начальнік аддзела па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Іна Казлова і галоўны спецыяліст гэтага ж аддзела — Ірына Сергеенка.

Асаблівасці Дзебранскага спуску

Мікразоны Падміколле і Падгорная знаходзяцца ў нізіне, і адзіная аўтамабільная дарога, па якой рухаецца грамадскі транспарт, — Дзебранскі спуск. Гэта таксама адно з праблемных месцаў. Якраз тут знаходзіцца гарадская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі і заўсёды шмат жадаючых прыпаркавацца. Дарога ж вузкая і небяспечная. «МС» таксама неаднаразова пра тое пісала. У прыватнасці, пра прыпынак грамадскага транспарту, які тут знаходзіцца і да якога было цяжка пад'ехаць з-за вялікай колькасці прыватных аўто. Кіроўцам аўтобуса, які абслугоўвае маршрут № 39, Аляксандр Пікуля наогул рэгулярна піша падзякі. Гэта ж якія нервы трэба мець, каб лавіраваць ў вельмі сціслай прасторы і вытрымліваць графік. Якраз з-за павароту вырульвае аўтобус, Пікуля глядзіць на гадзіннік і задаволена ківае галавой: хвіліна ў хвіліну па раскладзе.

— З аўтапаркам № 1 у нас поўнае паразуменне, — кажа суразмоўнік. — Нядаўна ў іх было прафесійнае свята, павіншаваў кіраўніцтва і асабіста кіроўцу, які абслугоўвае 39-ы маршрут. Дарога вузкая, і трэба быць вялікім прафесіяналам, каб працаваць без аварый.

Работа сапраўды цяжкая. Дзебранскі спуск — вельмі складаны ўчастак дарогі, асабліва зімой. Прычым не толькі для машын. Уздоўж дарогі цягнуцца металічныя парэнчы. Асабліва часта імі карыстаюцца жыхары зімой, у галалёд. Але чамусьці некалькіх пралётаў няма. Металісты не пры чым. Гэта прыкладна чатыры гады таму камунальнікі праводзілі тут работы і забылі парэнчы вярнуць на месца. Але Пікуля нічога не забывае. І цяпер актывізаваў сваю дзейнасць і ў дадзеным напрамку. Заадно разважае, як зрабіць дарогу больш бяспечнай. Па абочыне разросся амерыканскі клён, які летам закрывае праезную частку. Сваю заклапочанасць стараста ўжо выказаў гарадскім службам, якія кантралююць пытанне.

Гэта шлагбаум. А дзе страла?

— Можна клён выразаць, а замест яго зрабіць кветнік і надпіс вялікімі літарамі — Падміколле. Павінна быць прыгожа і зручна для людзей, — лічыць ён.

А паркоўка дзе?

Заклапочанасць няўрымслівага старасты выклікае будаўніцтва, якое разгарнула аўтазаправачная станцыя ў раёне Дзебранскага спуску. Па яго звестках, замест мыйкі, якая тут была, тут плануюць зрабіць кавярню. Дальнабачны стараста пралічыў, што будзе шмат наведвальнікаў на аўто і тое створыць дадатковую нагрузку на і без таго складаную дарогу. І ён мае рацыю. І гэта на павароце з вуліцы Карла Маркса на вуліцу Боткіна.

— Вунь нават вагончык будаўнічы на дарозе стаіць, — абураецца ён. — А што потым будзе, калі кавярня адкрыецца? Машыны і раней тут на газонах паркаваліся, а хутка яшчэ больш цесна стане. Я не супраць кавярні, але ж трэба ўлічваць і інтарэсы людзей.

Ён лічыць, што калі праект будзе рэалізаваны, усе аўто будуць стаяць на праезнай частцы. Бо тая паркоўка, што існуе, цалкам загружаная. Больш за тое, машыны пачалі паркаваць зноў ледзь не на прыпынку грамадскага транспарту. І гэта таксама непарадак.

— Пасля таго як мы з вашай газетай узнялі праблему, чатыры гады было ўсё нармальна, цяпер ізноў машыны стаяць уздоўж усёй дарогі, — скардзіцца Пікуля. — А тут яшчэ будаўніцтва. Дзе яны збіраюцца паркоўку рабіць? На гэтым пятачку ўжо няма вольнага месца.

Ёсць спадзяванні, што праблема ўсё ж такі вырашыцца да таго, як сапраўды паўстане. Мы ж абяцаем разам з актывістам з Падміколля адсочваць сітуацыю.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​