Вы тут

Кінафестываль «Лістапад» адкрывае маладыя таленты


Адной з адметнасцяў сёлетняга «Лістапада» стала тое, што многія мерапрыемствы ў межах кінафестывалю накіраваны на моладзь: аб гэтым арганізатары конкурсу казалі неаднойчы. Акрамя праграмы «Лістападзіка», дзе былі прадстаўлены стужкі пра сучасных падлеткаў, упершыню ў рамках фестываля прайшоў моладзевы форум. Чаму мультфільмы — гэта не заўсёды пра дзяцінства, і як маладыя бачаць кіно: чытайце ў матэрыяле «Звязды».


Усё, што вы хацелі ведаць пра «Смешарыкаў», але баяліся спытаць

Так аніматар Дзяніс Чарноў нефармальна назваў свой майстар-клас, які прайшоў на кінастудыі «Беларусьфільм» 8 лістапада. Дзяніс Чарноў стаяў ля вытокаў стварэння «Смяшарыкаў» — вядомага мультсерыяла, які за 20 гадоў вырас да цэлага сусвету. Складана знайсці дзіцёнка і нават дарослага, які не ведае гэтых смешных кругленькіх жывёл. Толькі на першы погляд «Смяшарыкі» падаюцца дзіцячым прадуктам: шматлікія даследаванні, кіна-эсе і разборы крытыкаў сведчаць аб тым, што гэты мультфільм — шматсэнсоўнае разважанне аб чалавеку.

У некаторых серыях можна знайсці візуальныя цытаты на стужкі «Форэст Гамп» Роберта Зямекіса і «Прыгажосць па-амерыканску» Сэма Мендэса, схавалася там і алюзія на савецкі мультфільм «Вожык у тумане» Юрыя Нарштэйна. А на вобраз аднаго з герояў сусвета «Смяшарыкаў», працавітага мядведзя Капатыча, аўтараў натхніў... акцёр Анатоль Папанаў.

— У многіх серыях мы, як кантрабандысты, хавалі другое дно, аб якім нам было цікава паразважаць, — распавёў падчас сустрэчы Дзяніс Чарноў. — Усё гэта было замаскіравана. Але, безумоўна, ёсць і звычайныя забаўляльныя, камедыйныя серыі.

Так падчас майстар-класа гледачам паказалі «Жыццё на воблаку» — серыю, якая распавядае аб клінічнай смерці. Зразумела, што галоўная ідэя завуалявана: калі маленькая аўдыторыя проста ўбачыць гісторыю пра жыццё ў высокіх гарах з прыгожымі аблокамі, то больш дарослы глядач счытае метафару нечаканай катастрофы.

Менавіта дзякуючы разнапланавасці персанажаў і сэнсаў, «Смяшарыкі» прыцягваюць людзей розных узростаў. Сведчаннем гэтаму сталі і наведвальнікі майстар-класа: на «Беларусьфільм» прыйшлі як маленькія дзеткі з бацькамі, так і студэнты рэжысёрскіх спецыяльнасцяў. І калі дарослых цікавілі больш тэхнічныя пытанні, напрыклад, пераход фармата з 2D у 3D, то маленькая аўдыторыя задавала пытанні, звязаныя з характарамі герояў і іх хобі. Адно з пытанняў — чаму вясёлае зайчаня Крош заўсёды гуллівае, і ці ведаюць яго сябры, што ён гімнаст:

— Разумееце, ён халерык — ёсць такі тыпаж персанажаў, у якіх рукі дзейнічаюць раней за галаву. Мы як раз імкнуліся абвастрыць герояў, зрабіць так, каб кожны з іх валодаў ярка выяўленай характарыстыкай. Але пры гэтым заўсёды выдатна, калі ў героя ёсць яшчэ нешта схаванае. Так той жа энергічны Крош, на мой погляд, галоўны філосаф ва ўсёй кампаніі. Дваістасць лініі заўсёды надае героям праўдападобнасць, цікавасць і глыбіню, — адзначыў аніматар.

Сустрэча атрымалася карыснай для ўсіх наведвальнікаў: дзеці нарэшце даведаліся, ці было паміж свінкай Нюшай і Барашам узаемнае каханне, а студэнты атрымалі парады па стварэнню характараў персанажаў, прапісванню сюжэтаў і працы ў камандзе.

Беларуская міфалогія, дзіцячыя траўмы і пахаванне

Гэтыя і іншыя тэмы будучых фільмаў прагучалі падчас пітчынгу, што ладзіўся ў рамках моладзевага форума 8 лістапада. Удзельнікамі конкурсу сталі студэнты і выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Хлопцам і дзяўчынкам прадстаяла за 5 хвілін прэзентаваць сваю ідэю: трэба было не толькі распавесці аб сюжэце і героях плануемай стужкі, але і падзяліцца рэферансамі — фільмамі, якія натхнілі; а таксама адзначыць лакацыі, дзе карціна будзе здымацца. Хвалююча. Асабліва калі разумееш, што твой фільм пакажуць у конкурснай праграме «Кіно маладых» на наступным «Лістападзе». У склад журы ўвайшлі генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі, рэжысёр Алена Турава, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў, а таксама расійскія кінапрадзюсары і рэжысёры.

Зразумела, што абраць ідэю кожнага немагчыма. Менавіта таму падчас пітчынгу трэба ў першую чаргу зацікавіць журы. Нехта з удзельнікаў скараў яскравай прэзентацыяй, іншыя абралі стратэгію жывога дыялогу — распавядалі са сцэны аб сваёй канцэпцыі і ахвотна адказвалі на пытанні.

Так, першы ўдзельнік Вадзім Ларчанка, студэнт 4 курса Акадэміі мастацтваў, прапанаваў ідэю кароткага метру, які падымае пытанне гвалту на вуліцы. Маладой спарстменцы-каратыстцы неабходна зразумець, дзе праходзіць мяжа паміж самаабаронай і выплескам агрэсіі.

Адразу некалькі ідэй фільмаў, якія прагучалі падчас пітчынгу, былі прысвечаны дзіцячым траўмам і пераадоленню іх у дарослым узросце. Адметна, што тэма прагучала неаднойчы — моладзь цікавіцца ментальным здароўем і жадае адлюстраваць на экране, як неабходна ўважлівае стаўленне бацькоў да страхаў, жаданняў і мар дзяцей. Так, першакурсніца Акадэміі мастацтваў Аліса Лісок прапанавала канцэпцыю камедыі-прытчы «Ванька-пастух ды Іван праграміст». Ідэя будучага фільма нарадзілася з наступнай гісторыі: хлопчык, які нарадзіўся ў вёсцы, марыць аб працы пастуха. Але школьная настаўніца яго высмейвае. Малады Іван вырашае адпавядаць стандартам соцыўма і абірае «правільную» прафесію: ён становіцца праграмістам — хлопцу гэта не прыносіць ні шчасця, ні задавальнення.

Адной з парад, якую сябры журы накіроўвалі амаль усім удзельнікам пітчынгу, было канкрэтызаванне ідэі. Сапраўды, сусвет кіно, а ў асаблівасці прадзюсарскі напрамак — рэч жорсткая, зацікавіць трэба з першых секунд. Удзельнікамі пітчынгу сталі і больш вопытныя маладыя, якія ўжо паспелі атрымаць рэжысёрскі вопыт. Выпускнік Акадэміі мастацтваў Кірыл Халецкі ў мінулым годзе ўжо адзначыўся на «Лістападзе» у конкурснай праграме караткаметражных фільмаў. Там рэжысёр прадставіў свой фільм «Дарога». Зараз Кірыл прапанаваў ідэю філасофскага фільма пад інтрыгуючай назвай «Ніхто не прыйдзе на маё пахаванне». Стужка павінна прымусіць гледача задумацца аб тым, наколькі вартае жыццё ў яго было.

А вось студэнт 4 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Максім Папоў звярнуўся да тэмы беларускага фальклору, сваю будучую стужку пад назвай «Чортава гара» плануе насыціць старажытнымі абрадамі, а таксама героямі этнасу. Адно з пытанняў, якое Максім падымае ў сваім фільме: ці забывае беларуская моладзь свае карані і культуру?

Сярод канцэпцый, якія сябры журы таксама пачулі падчас пітчынгу, былі містычныя стужкі, а таксама хорары. Адметна і тое, што ўсе ўдзельнікі конкурсу хацелі бы сняць свае фільмы ў беларускіх лакацыях: плануць задзейнічаць як сталіцу, так і глыбінку. Спадзяемся, што ў наступным годзе «Лістапад» парадуе гледачоў цікавымі і запамінальнымі стужкамі маладых аўтараў.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​