Вы тут

Як правільна мыць і захоўваць ваўняныя вырабы?


З надыходам халадоў мы звыкла дастаём з шафы цёплыя ваўняныя рэчы. Любімы світар з кашміру або махеру абароніць ад ледзянога ветру, дадасць утульнасці ў золкі дзень. І, вядома, стане асновай моднага вобраза, бо вы куплялі гэтую рэч не толькі для цяпла, праўда? Праблема толькі ў тым, што воўна надзвычай капрызная ў доглядзе.


Фота: pixabay.com

Як правільна мыць і захоўваць ваўняныя вырабы, каб яны служылі нам доўга і цешылі сваім выглядам? Гэтыя парады дапамогуць у халодную пару года не змерзнуць і пры тым выглядаць стыльна і дагледжана.

Мыйце ў халоднай вадзе. Каб світар або кофтачка не «селі» і не пабляклі, іх мыюць пры тэмпературы не вышэй за 30 градусаў. Пажадана без замочвання, але калі такая неабходнасць узнікла — не больш чым на 20-25 хвілін. Памятайце: ад частага мыцця ваўняныя рэчы губляюць выгляд.

Мыйце рукамі. Можна таксама выкарыстоўваць рэжым для мыцця воўны ў пральнай машынцы, падыдзе і рэжым «далікатны». Для адціскання стаўце машынку на мінімальныя абарачэнні або адціскайце ваўняны выраб уручную. Не выкручвайце яго — злёгку адцісніце лішнюю вільгаць з дапамогай ручніка.

Не — звычайнаму пральнаму парашку. Тым больш з адбельвальнікам. Для мыцця рэчаў з воўны існуюць спецыяльныя сродкі. Можна пакарыстацца шампунем, для асабліва далікатных кофтачак з махеру, ангоры, кашміру — спецыяльным гелем або дзіцячым шампунем.

Мыйце асобна ад іншых рэчаў. Не варта запіхваць у машынку джынсы, кашулі, штаны разам са світарам. Будзе яшчэ лепш, калі вы набудзеце спецыяльны мяшэчак для мыцця далікатных рэчаў. Перш чым адправіць у машынку ваўняную рэч, перавярніце яе навыварат.

Ніякага падвешвання. А тым больш — на «плечыках» і з прышчэпкамі. Калі вы будзеце сушыць світар такім агрэсіўным чынам, ён ператворыцца ў бясформенны балахон. Ваўняны выраб лепш за ўсё раскласці на прасціне ці ручніку на цвёрдай пляскатай паверхні. Ручнік убярэ ў сябе лішнюю вільгаць, а світар не расцягнецца.

Прасуйце з адпарвальнікам. Або праз мокрую марлевую тканіну. Прас стаўце на мінімальнае награванне. Для прасавання выраб перавярніце навыварат. Паспрабуйце наогул не прасаваць світары і вязаныя кофтачкі — трэба толькі правільна раскладваць іх для сушкі.

Не захоўвайце на вешалках. Ад гэтага рэчы з воўны дэфармуюцца, асабліва ў плячах. Не варта таксама пакаваць іх у поліэтыленавыя пакеты. Світары, джэмперы лепш за ўсё акуратна скласці на паліцах шафы.

Абараняйце ад молі. Перыядычна праветрывайце ваўняныя вырабы — гэтага не любяць крылатыя паразіты. Змясціце ў шафу спецыяльныя сродкі ад молі або пахкія сухія расліны: мелісу, мяту, лаванду.

Прыбірайце «катышкі». Ні ў якім разе не нажніцамі — для гэтага ёсць спецыяльныя машынкі. Можна асцярожна зрабіць гэта і станком для галення. Зацяжкі зручна перацягваць на сподні бок адзення з дапамогай вязальнага кручка.

Некалькі карысных рэкамендацый па доглядзе вырабаў з воўны:

  • брудныя плямы перад мыццём лепш выдаліць сухой шчоткай;
  • каб вярнуць форму рэчы, якая «села», злёгку змачыце яе і папрасуйце праз марлю, асцярожна пры гэтым расцягваючы;
  • калі пры мыцці выраб паліняў, прапалашчыце яго, дадаўшы ў ваду адну сталовую лыжку яблычнага воцату.

Насіце пад світар белую футболку або стыльную кашулю — гэта не толькі выратуе выраб ад частага мыцця, але і дадасць модны акцэнт вашаму вобразу.

Агата СЛАВІНА

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.