Вы тут

Пустая скрыначка


У нас у доме ёсць адзін маленькі пакой, у які ні я, ні сын не заходзім. Муж спецыяльна спраектаваў сабе гэты закуток на той час, пакуль не з'явіцца вялікая прасторная майстэрня. Абставіў там усё так, як ён хоча. Замест сямейных фота ў рамачках развесіў на сцяне свае інструменты, каб былі заўсёды пад рукой. Усталяваў стэлажы да самай столі, на якіх акуратненька расставіў зусім не дызайнерскія каробкі з-пад абутку ды бытавой тэхнікі з асабістымі рэчамі. Я той пакойчык жартам называю «пустой каробачкай». На такія асацыяцыі натхніла выступленне амерыканскага коміка і шлюбнага эксперта Марка Гангора пра розніцу паміж мужчынскім і жаночым мозгам. Каб падчас непаразумення разрадзіць напружаную атмасферу ў доме, мы з мужам уключаем гэты камічны ролік і ладзім сямейны прагляд. Бо, як ні круці, смех — найлепшы памочнік у шлюбе.


Фота: pexels.com

Мозг мужчыны, паводле Гангора, складаецца з маленькіх каробак. Адна — для машыны, другая — для грошай, трэцяя — для работы. «У нас ёсць асобная каробка для вас і для дзяцей. І нават для вашай мамы — дзесьці ў падвале. Каробкі ў нас паўсюль. І вельмі важнае правіла — яны не павінны датыкацца адна да адной! Калі мужчыну задалі нейкае пытанне, ён знаходзіць патрэбную каробку, дастае яе, адкрывае і абмяркоўвае толькі тое, што знаходзіцца ў ёй. А затым закрывае яе і вяртае на месца, але толькі вельмі асцярожна, каб не зачапіць ні адну з іншых каробак!»

І галоўнае, у мозгу мужчыны ёсць такая каробка, пра існаванне якой большасць жанчын увогуле не здагадваецца. У ёй... няма наогул нічога. Яна так і называецца «каробка без нічога». І з усіх каробак, што ёсць у мозгу мужчыны, менавіта гэта — яго любімая. І як толькі ў яго з'яўляецца магчымасць, ён бяжыць да сваёй каробкі без нічога з усіх ног. Менавіта таму мужчыны здольныя гадзінамі рабіць нешта, што быццам не патрабуе мазгавой актыўнасці. Напрыклад, рыбачыць ці сядзець перад тэлевізарам, бесперастанку шчоўкаючы кнопкамі на пульце.

Усё гэта змаглі замераць ва ўніверсітэце ў Пенсільваніі. Там правялі даследаванне і высветлілі, што мужчыны здольныя не думаць абсалютна ні аб чым (падключылі правады да галавы, каб вымерыць актыўнасць мозгу, а на індыкатарах — прамая лінія) і працягваць дыхаць. Жанчыны так не могуць. У іх свядомасці ўсё бурліць без перапынку.

Мозг жанчыны, сцвярджае Марк Гангор, кардынальна адрозніваецца ад мозгу мужчыны. Ён складаецца з вялікага клубка правадоў. Грошы вядуць да машыны, машына — да працы, праца — да свякрові, мужа і дзяцей — абсалютна ўсё ўзаемазвязана. Рухавіком гэтага ўсяго выступае магутная энергія, якая называецца эмоцыямі. «Жанчыны ўхітраюцца азадачыцца абсалютна ўсім... адначасова. І як жа ім гэта падабаецца! Разам з тым ім незразумелая «каробка без нічога». Менавіта таму нішто так моцна не раздражняе жанчыну, як выгляд мужчыны, які нічога не робіць! І, што самае парадаксальнае, я чуў ад многіх жанчын: «А можна разам з ім — у яго «каробку без нічога»? Не! Таму што тады ў ёй ужо штосьці будзе. Да таго ж вы зойдзеце туды і пачняце: «Ведаеш, тут не перашкодзіла б павесіць крыху фотаздымкаў. Вось тут — паставіць маленькі столік, вазу з кветкамі...»

Гэтым жа тлумачыць комік розніцу ў тым, як мужчына і жанчына спраўляюцца са стрэсам. Калі мужчына перанапружаны, усё, чаго яму хочацца, гэта схавацца ў сваёй «каробцы без нічога». Апошняе, чаго яму хацелася б у гэты момант, дык размаўляць пра гэта. А жанчына, якая бачыць свайго мужчыну ў такім стане, абавязкова падыдзе і спытае:

— Аб чым ты думаеш?

— Ні аб чым, — хмура адказвае муж.

— Як ні аб чым? Але ж немагчыма зусім ні аб чым не думаць. Ты проста не хочаш мне расказваць.

— Ды не, я, праўда, ні аб чым не думаў...

А ўсё таму, што калі жанчыны чымсьці заклапочаныя, то проста абавязаны аб гэтым пагаварыць. Каб аблегчыць душу. І не дай бог мужу ў гэты момант даць няпрошаную параду, спрабуючы па-мужчынску знайсці рашэнне праблемы альбо кінуць фразу накшталт «ды не думай ты аб гэтым!» Як сказаў Джон Грэй, «мужчыны з Марса, жанчыны з Венеры». Мы розныя. Галоўнае — навучыцца гэтую розніцу ўдала спалучаць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».