Вы тут

Калі ёсць што хаваць


Бодзіпазітыў — бодзіпазітывам, але лішнія кілаграмы ніхто не хоча выстаўляць напаказ. Што ж, летам гэта складаней, а восень і зіма — выдатны час, каб выглядаць больш стройнай — калі, вядома, у вас ёсць такое жаданне. З гэтай нагоды, што раяць стылісты?


А стылісты сцвярджаюць, што правільна падабраны вобраз можа зрабіць постаць больш стройнай і больш высокай, падкрэсліць плюсы і нівеліраваць мінусы. Адцягнуць увагу ад праблемных зон і скарэктаваць фігуру. Тым больш, што сучасная мода як раз лаяльная да нашых недахопаў, у адрозненне ад модных тэндэнцый папярэдніх сезонаў — калі талія была заніжанай, а сілуэты — абліпальнымі. Такім чынам, што насіць, калі ад прыроды вам дасталіся досыць пышныя формы?

Касуха і асіметрыя

Асіметрыя зрокава выцягвае сілуэт. Ствараючы дыяганальныя лініі, яна дапамагае падкрэсліць вартасці і схаваць недахопы. Галоўнае правіла — не хавацца пад адзеннем, а навучыцца карэктаваць з яе дапамогай постаць, падкрэсліваючы вартасці. Трэнд на асіметрычную зашпільку-маланку — выдатны выбар, калі вы хочаце выглядаць страйнейшымі. Праўда, тут ёсць нюансы. Куртку-касуху лепш выбраць цёмных колераў і аднатонную, без моднай камбінацыі матэрыялаў. У гэтым выпадку яна «збярэ» вобраз і зробіць яго больш строгім. Акцэнтнымі плечы — у нашым выпадку няправільны выбар. Шырокія плечы зробяць тонкую постаць яшчэ танчэй, а вось пышнай — наадварот, нададуць масіўнасці і манументальнасці. Таксама не варта спыняцца на абцягваючых мадэлях куртак-косуха — па-першае, так цяпер ужо не носяць, а па-другое, лёгкі (але не празмерны) оверсайз візуальна зробіць вобраз лягчэй і дадасць бязважкасці.

Класічны пінжак

Восень — час пінжакоў, а восень-2022 — асабліва: гэта musthave сезона. Прамы або напаўпрылягаючы, даўжынёй да сярэдзіны сцягна, ён «створыць» талію, а правільна падабраная даўжыня прыкрые найбольш шырокую частку цела, і фігура набудзе складнасць. Можна выбраць пінжак у вертыкальную палоску — у гэтым выпадку створыцца візуальная вертыкаль, а такі прыём зрокава выдаляе некалькі кілаграм. Толькі, як і ў выпадку з «касухай», лепш выбіраць мадэлі без акцэнтных плячэй. Пінжак можа быць прамога крою ці нават злёгку прыталены — але ў гэтым выпадку вельмі важна, каб мадэль не была прылягаючай. Правільны варыянт таксама — сукенка-пінжак, актуальная гэтай зімой. Можна дапоўніць правільны пінжак прамымі штанамі: яны схаваюць поўныя ногі. Рукавы «тры чвэрці » гэтай восенню не надта актуальныя. Але аголеная самая тонкая частка рукі візуальна зробіць вобраз больш стройным (тое ж самае датычыцца даўжыні штаноў, але пра гэта пазней). Таму доўгі рукаў пінжака можна проста злёгку сабраць у локцях — так будзе дасягнуты той жа эфект.

Спадніца-плісэ

Плісіраваная спадніца актуальная ўжо не першы халодны сезон. Існуе меркаванне, што яна візуальна робіць сцягна больш аб’ёмнымі. Гэта так і не так. Дзяўчатам plus size не варта выбіраць даўжыню мідзі: яна заканчваецца на самай шырокай частцы галёнкі і візуальна робіць ногі масіўнейшымі. А вось даўжыня максі, якая адкрывае тонкую шчыкалатку — як раз тое, што трэба. Сілуэт спадніцы лепш выбраць А-вобразны. І яшчэ адзін нюанс — у такой спадніцы павінен быць жорсткі пояс, а не гумка.

Штаны-палаца

Трэнд цяперашняга моднага сезону — штаны-палацо — проста знаходка для ўладальніц пышных формаў. Зрэшты, практычна ўсе трэнды гэтай зімы ў тым, што датычыцца штаноў, падыдуць для дзяўчат plus size. Гэта і прамыя штаны, ледзь завужаныя дадолу (важна, каб яны не хавалі самую вузкую частку ногі, так вобраз будзе візуальна больш легкім), і проста шырокія штаны ў гарадскім стылі. Асноўнае правіла тут — высокая пасадка, якая згладзіць неідэальную лінію жывата, і правільна абраны памер. Каб нічога не стварала аб’ёму ніжэй пояса і не навісала зверху, на таліі штаны павінны зашпіляцца лёгка і нязмушана, а не з цяжкасцю. Таму не варта браць рэч паменш у надзеі на страту некалькіх кілаграм і на тое, што «з часам тканіна расцягнецца».

Але вернемся да сілуэта «палаца». Ад проста шырокіх штаноў іх адрознівае расклёшаная форма: клёш пачынаецца непасрэдна ад сцёгнаў — як быццам доўгую спадніцу ў падлозе «падзялілі» напалам. Такія штаны самі па сабе +10 да танклявасці, а калі яшчэ і спалучаць іх з невялікім абцасікам (галоўнае правіла — абцас павінен быць закрыты штанамі як мінімум на палову), эфект будзе проста узрушаючым і, магчыма, у вас будуць пытацца сяброўкі, колькі кілаграм вы скінулі і што ў вас за дыета. Адзінае правіла: калі ёсць жывоцік, лепш пазбягаць складачак ля пояса. Дапоўніць штаны-палаца можна пінжаком прамога або напаўпрыталенага крою.

Паліто прамога сілуэта

Рэч цалкам унікальная — і страйніць, і візуальна робіць вышэй. Плюс — ўпішацца практычна ў любы гардэроб, спалучаецца з многімі стылямі і камбінуецца з самымі рознымі рэчамі. Плюс — зробіць любы вобраз даражэйшым. Плюс — цяпер такі крой паліто на піку папулярнасці. Словам, суцэльныя плюсы. Правільная даўжыня — максі. Колер — у ідэале не моднай пясочнай гамы, а класічнай цёмнай. Па-першае, для нашай восені ён больш практычны, па-другое, наша мэта — выглядаць больш стройна.

Яшчэ адзін аптымальны варыянт на восень для дзяўчат з пышнымі формамі, якія жадаюць зрокава «скінуць лішнія кілаграмы» — трэнч. Ён таксама валодае выдатнымі здольнасцямі прыбіраць лішнія кіло і выручаць у любой сітуацыі, таму што ўпішацца і ў офісны вобраз, і ў расслаблены кэжуал.

Што датычыцца выбару пухавіка на зіму, тут, вядома, усё досыць складана. Модныя сцёганыя рэчы, нажаль, варыянт для стройных — калі вы plus size, такая мадэль зробіць постаць яшчэ буйней. Схаваюць паўнату пухавікі з гладкай паверхняй — магчыма, нават лепш выбраць не класічны пухавік, а парку. І яшчэ адзін важны нюанс: пышным дзяўчатам проціпаказаныя глянцавыя, бліскучыя пухавікі (нават калі лішняй вагі зусім няшмат, ёсць небяспека стаць падобнай на ёлачны шар). Так што памятаем: тканіна павінна быць матавай.

Агульныя рэкамендацыі

  • Калі вам дасталася пышная фігура, вашым дэвізам пры стварэнні вобразаў павінен стаць баланс. Аблягаючыя рэчы — не ваша гісторыя, але і празмерны oversize здольны зрабіць вас падобнай на бясформенную хмарку. Оверсайз ў вашым выпадку павінен быць разумным. І ў вобразе ён павінен быць адзін: калі выбралі шырокія штаны, то камбінуем іх з верхам па памеры. І наадварот: аб’ёмны верх спалучаем, напрыклад, з спадніцай-«аловак».
  • Вяртаючыся да асіметрыі: сукенкі з запахам у трэндзе гэтай зімой, і гэта яшчэ адзін спосаб выглядаць больш стройнай. Яны зрокава ствараюць вертыкаль, «выцягваючы» сілуэт.
  • V-вобразны выраз падоўжыць шыю і «звузіць» верхнюю частку цела.
  • Манахром — вядомы з спрадвечных часоў спосаб зрабіцца вышэй і танчэй. Асабліва добра гэта працуе з цёмнымі колерамі і чорным. А каля твару (каб не дадаць сабе ўзросту) можна выкарыстаць светлыя аксэсуары (але памятаем, што масіўныя аксэсуары і вобразу дадаюць масіўнасці).

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота: з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?