Вы тут

Ленінскі раён Мінска: для жыцця, для людзей


Менавіта так гучыць раённы дэвіз. І сапраўды, на яго тэрыторыі нямала важных аб'ектаў, цікавых і прыгожых мясцін. Падрабязней аб гэтай сталічнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы карэспандэнту «Звязды» расказаў кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Раман Мельнік.


— Раман Іванавіч! У гімне Ленінскага раёна дадзенае муніцыпальнае ўтварэнне названа «сэрцам сталіцы». А што паслужыла падставай для такога вызначэння? Чым ён адрозніваецца ад іншых раёнаў горада?

— Ленінскі раён цягнецца ад самага цэнтра да поўдня сталіцы і мяжуе з найбольшай колькасцю іншых гарадскіх раёнаў, дакладней кажучы, — пяццю: Цэнтральным, Партызанскім, Заводскім, Маскоўскім і Кастрычніцкім. Значная частка раёна размешчана ў гістарычным цэнтры сталіцы і ўключае вялікую колькасць архітэктурных помнікаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Тут размешчана некалькі найважнейшых для Мінска і ўсёй краіны адміністрацыйных, культурных і спартыўных аб'ектаў: Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі, Нацыянальны банк, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства прамысловасці, Галоўпаштамт, Купалаўскі тэатр, Нацыянальны гістарычны і Нацыянальны мастацкі музеі, стадыён «Дынама» і іншыя.

Ленінскі раён сталіцы стаў цэнтрам прыцягнення аб'ектаў культуры рэспубліканскага значэння. Гэта Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр Я. Купалы. Акрамя таго, тут размешчаны ўстановы культуры, якія знаходзяцца ў веданні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: Цэнтральны Дом афіцэраў ВС РБ і Драматычны тэатр Беларускай Арміі.

Сапраўдны скарб Ленінскага раёна — паркі і скверы. Большасць зялёных зон сканцэнтравана ў Серабранцы і Лошыцы, але і ў цэнтры Мінска на адміністрацыйнай тэрыторыі раёна нямала зацішных куткоў, дзе можна адпачыць ад шуму горада ў цені дрэў. На тэрыторыі Ленінскага раёна, насупраць Кастрычніцкай плошчы, размешчаны адзін з самых старых сквераў Мінска. Лічыцца, што ён быў закладзены ў 1836 годзе на месцы плошчы Новага рынку. Галоўнай жа славутасцю сквера, ды і ўсяго Мінска, стаў фантан са скульптурай «Хлопчык і лебедзь». Ён быў устаноўлены ў 1874-м у гонар адкрыцця гарадскога водаправода. Фантан працуе да гэтага часу, у 2016-м быў рэканструяваны — адноўлены скульптуры жаб, з якіх б'юць струмені вады, адрамантаваны чаша і помпавае абсталяванне.

Любімым месцам адпачынку не толькі жыхароў раёна, але і ўсяго горада Мінска з'яўляецца Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Гэта ўнікальнае месца, у якім захаваліся сляды ўсіх эпох садова-паркавага мастацтва за ўсю гісторыю Беларусі. Тут расце больш за 36 тысяч дрэў, 16 000 кустоў, знаходзяцца руіны, больш каштоўныя за любую сучаснасць. Тры старажытныя будынкі ў Лошыцкім парку адносяцца да помнікаў прамысловай архітэктуры XІX стагоддзя.

— Раён можна ахарактарызаваць як больш адміністрацыйны, на яго тэрыторыі размяшчаецца нямала дзяржаўных ведамстваў, устаноў, замежных пасольстваў. Але і прамысловасць прадстаўлена прадпрыемствамі, вядомымі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Наколькі вялікі іх уклад у папаўненне гарадскога бюджэту?

— Ленінскі раён з'яўляецца найбуйнейшым прамысловым раёнам горада Мінска, робіць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё сталіцы, вырабляючы больш як 20 працэнтаў яе прамысловай прадукцыі.

Прамысловы патэнцыял раёна прадстаўляюць 15 найбольш буйных прадпрыемстваў, якія маюць славу не толькі ў горадзе, краіне, але і за яе межамі. Сярод іх: РУП «Мінскэнерга», такія прадпрыемствы, як «Камунарка»,  «Мінск Крышталь», «МЗКР», «Дражджавы камбінат», «Элема», «Фідмаш», «Камволь».

Ленінскі раён з году ў год нарошчвае аб'ёмы прамысловай вытворчасці. Так, за бягучую пяцігодку раён адзначыўся паслядоўным штогадовым ростам прамысловых аб'ёмаў, не дапусціўшы адмоўнай дынамікі.

У 2021 годзе арганізацыямі раёна выпушчана прамысловай прадукцыі на суму 3,7 млрд рублёў (тэмп росту 109,4 %). У студзені—сакавіку бягучага года аб'ём прамысловай вытворчасці склаў 1,1 млрд рублёў.

Удзельная вага ў агульным аб'ёме вытворчасці арганізацый рэспубліканскай формы ўласнасці складае 94 працэнты, камунальнай формы ўласнасці — 1,4 працэнта, арганізацый, якія не маюць ведамаснай падпарадкаванасці, — 4,4 працэнта.

— Як у раёне развіваецца сацыяльная сфера: адукацыя, ахова здароўя? Што робіцца для павышэння якасці жыцця людзей?

— Сістэма адукацыі Ленінскага раёна г. Мінска прадстаўлена 80 установамі адукацыі: 47 установамі дашкольнай адукацыі (з іх 1 — спецыяльная для дзяцей з парушэннямі зроку № 353), 28 установамі агульнай сярэдняй адукацыі, з іх 4 гімназіі, 1 ліцэй.

За апошнія тры гады адкрыты: «Яслі-сад № 574 г. Мінска» (2020 год), ДУА «Сярэдняя школа № 224 г. Мінска» (2021 год); рэарганізавана ДУА «Яслі-сад № 374 г. Мінска» шляхам далучэння да яго ДУА «Яслі-сад № 403 г. Мінска» (2021 год).

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі навучаюцца 23 149 навучэнцаў. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі навучаецца каля 8600 выхаванцаў.

Сетка дзяржаўных устаноў аховы здароўя Ленінскага раёна прадстаўлена шасцю гарадскімі дарослымі паліклінікамі №№ 6, 7, 11, 18, 23, 37, адной дзіцячай гарадской паліклінікай № 7 і дзвюма стаматалагічнымі паліклінікамі №№ 10, 14; Гарадскім дзіцячым псіханеўралагічным дыспансерам. Стацыянарную дапамогу аказваюць установы аховы здароўя «2-я гарадская клінічная бальніца» і «3-я гарадская клінічная бальніца ім. Е. У. Клумава». Былая 2-я гарадская стаматалагічная паліклініка цяпер з'яўляецца камунальным унітарным прадпрыемствам «Клініка эстэтычнай стаматалогіі», функцыянуе на дзяржразліковай аснове.

Для стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне прадаўжаецца сацыяльна-эканамічнае развіццё аховы здароўя.

У 6-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклініцы ў снежні 2021 года завершаны капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Закуплена новае медыцынскае абсталяванне. Створана структурнае падраздзяленне ўльтрагукавой дыягностыкі.

На восень 2022 года запланаваны пачатак будаўніцтва дзіцячай паліклінікі магутнасцю 480 наведванняў у мікрараёне Лошыца.

Завершана працэдура падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі для капітальнага рамонту 18-й гарадской паліклінікі, пачатак рамонту запланаваны на 2023 год.

За кошт цэнтралізаваных сродкаў Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама за 2021 год для аснашчэння амбулаторна-паліклінічных устаноў аховы здароўя Ленінскага раёна закуплена медыцынская тэхніка і абсталяванне на агульную суму 63 536 рублёў.

— Наколькі інтэнсіўна вядзецца будаўніцтва жылля?

— Асноўнай перспектыўнай пляцоўкай для будаўніцтва аб'ектаў, у тым ліку жылля на тэрыторыі Ленінскага раёна г. Мінска з'яўляецца жылы раён Лошыца, які будзе развівацца з улікам забудовы мікрараёнаў Лошыца-5, 7, 8, 9, 10.

У 2022 годзе на тэрыторыі Ленінскага раёна вядзецца будаўніцтва 13 жылых дамоў.

У першым квартале 2022 года забяспечаны ўвод у эксплуатацыю 4 жылых дамоў агульнай плошчай 41,6 тыс. кв. м, з іх 3 жылыя дамы для шматдзетных сем'яў агульнай плошчай 18,5 тыс. кв. м. Ключы ад новых кватэр атрымалі 248 шматдзетных сем'яў.

Да канца 2022 года плануецца завяршыць будаўніцтва і забяспечыць увод у эксплуатацыю двух жылых дамоў агульнай плошчай каля 27 тыс. кв. м.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?