Вы тут

Ужо ў снежні «індывідуалам» будавацца стане прасцей, лягчэй і хутчэй


Указ кіраўніка дзяржавы № 202 «Аб спрошчаным парадку ўзвядзення і рэканструкцыі аб'ектаў будаўніцтва» ўступае ў сілу ўжо праз месяц

Развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў будаўніцтва жылля, таму што кожны год яго ўзводзіцца досыць шмат. Як адзначыла намеснік начальніка аддзела рэгулявання жыллёвай палітыкі ўпраўлення жыллёвай палітыкі Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Кацярына Арцюх, дырэктывай кіраўніка дзяржавы № 8 «Аб прыярытэтных кірунках развіцця будаўнічай галіны» даручана забяспечыць будаўніцтва індывідуальнага жылля ў памеры не менш за 40 % ад агульнага аб'ёму жылля.


Дырэктыва Прэзідэнта выконваецца

Паводле слоў спецыяліста, летась было ўведзена ў эксплуатацыю 11 тысяч 105 індывідуальных жылых дамоў, агульнай плошчай 1 931,3 тысячы квадратных метраў, што складае 44 % ад агульнай плошчы жылых дамоў, якія былі пабудаваны. На думку Кацярыны Арцюх, гэты факт пацвярджае запатрабаванасць менавіта такога віду будаўніцтва. У доказ сваіх слоў яна прывяла інфармацыю, згодна з якой у 2020 годзе было ўведзена ў эксплуатацыю 10 тысяч 23 індывідуальныя дамы, агульная плошча якіх складае 1 748,9 тысячы квадратных метраў.

Лідарамі па будаўніцтве індывідуальнага жылля па выніках 2021 года сталі: Мінская вобласць, дзе было ўзведзена 865,3 тысячы квадратных метраў, Брэсцкая вобласць (335,3 тысячы квадратных метраў) і Гомельская вобласць (232,8 тысячы квадратных метраў.

Згодна з мэтавым заданнем на гэты год, галіне неабходна забяспечыць агульны аб'ём уводу жылля ў памеры 4 мільёнаў 200 тысяч квадратных метраў, з іх з дзяржпадтрымкай — 1 мільён 200 тысяч «квадратаў». Эксперты міністэрства разлічваюць, што ў гэтым годзе будзе пабудавана не менш чым 1 мільён 680 тысяч квадратных метраў жылля дамоў у індывідуальным выкананні.

Папярэднія вынікі паказваюць, што мэтавае заданне будзе выканана. Фактычна за 9 месяцаў гэтага года было пабудавана і ўведзена 7 289 індывідуальных жылых дамоў агульнай плошчай 1 мільён 280,4 тысячы квадратных метраў, што складае 44,4 % ад агульнай плошчы жылых дамоў, якія былі ўведзены ў эксплуатацыю.

Намеснік начальнік аддзела адзначыла, што па выніках 9 месяцаў лідарамі стала Мінская вобласць, дзе пабудавана 524,7 тысячы квадратных метраў (41 % ад агульнага аб'ёму ўводу ў эксплуатацыю індывідуальных жылых дамоў па краіне). Другое месца трымае Брэсцкая вобласць (244 тысячы квадратных метраў, або 19,1 %).

Доўгатэрміновыя планы залежаць ад фінансавання

На думку Кацярыны Арцюх, у наступным годзе запланавана ўзвядзенне не менш як 1 мільён 720 тысяч квадратных метраў жылля ў індывідуальным выкананні. Такія паказчыкі па «індывідуалах» атрымліваюцца, зыходзячы з запланаванага задання на ўзроўні 4 мільёнаў 300 тысяч квадратных метраў агульнага ўводу жылля згодна з дзяржаўнай праграмай «Будаўніцтва жылля на 2021—2025 гады». Паводле гэтага дакумента, за пяцігодку плануецца пабудаваць 21,4 мільёна квадратных метраў жылля ў цэлым, з іх толькі індывідуальнага — не менш за 8,9 мільёна квадратных метраў.

Варта заўважыць, што найбольш запатрабаваныя ўчасткі тыя, што размешчаны паблізу вялікіх і сярэдніх населеных пунктаў. Акрамя таго, істотны попыт назіраецца на зямельныя ўчасткі, якія забяспечаны мінімальна неабходнай інфраструктурай. А для гэтага патрэбны грошы.

Для фінансавання будаўніцтва аб'ектаў неабходнай інфраструктуры да шматкватэрных і індывідуальных жылых дамоў сёлета прадугледжана выдзяленне з рэспубліканскага бюджэту 882,35 мільёна рублёў, а з мясцовых бюджэтаў — 209,9 мільёна рублёў. Спецыяліст адзначыла, што для фарміравання зямельных участкаў, а таксама забеспячэння ўмоў праектавання і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў, у тым ліку з канструкцый індустрыяльнага домабудавання, аблвыканкамамі зацверджаны рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў па індывідуальным жыллёвым будаўніцтве.

Комплексная забудова

Кацярына Арцюх лічыць, што індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва ажыццяўляецца двума спосабамі: самастойна жыхарамі населеных пунктаў і дзяржаўнымі заказчыкамі. Як паказвае практыка, грамадзяне аддаюць перавагу самастойна выступаць заказчыкамі па будаўніцтве індывідуальных жылых дамоў і заказваюць у падрадных арганізацый толькі асобныя віды работ.

А на самай справе комплексную індывідуальную забудову пераважна ажыццяўляць адным забудоўшчыкам, у тым ліку для ўпарадкавання і паляпшэння архітэктурнага аблічча населеных пунктаў. Пры гэтым заканадаўствам урэгуляваны пытанні, якія дазваляюць ажыццяўляць будаўніцтва комплекснай індывідуальнай жылой забудовы шляхам заключэння дагавораў долевага будаўніцтва з грамадзянамі. Фізічным асобам на такое будаўніцтва можа аказвацца дзяржаўная падтрымка. Яна можа быць у выглядзе льготнага крэдыту або адраснай субсідыі.

Пашпарт забудоўшчыка зробяць за месяц

Як вядома, з 15 снежня ўступае ў сілу Указ Прэзідэнта № 202, пасля чаго будзе істотна спрошчаны парадак узвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. Распрацоўшчыкі гэтага дакумента ўпэўненыя, што механізм, прадугледжаны Указам № 202, карэнным чынам спросціць падыходы да арганізацыі будаўнічага працэсу — будзе амаль цалкам выключаная неабходнасць у зборы рознага роду дакументаў.

Указам прадугледжана, што ў выпадку ўзвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў або нежылых капітальных пабудоў пятага класа складанасці на зямельным участку, які быў аддадзены для будаўніцтва жылога дома, можна будзе пабудаваць такія аб'екты без атрымання дазвольнай дакументацыі (дазволу на рэканструкцыю), без распрацоўкі праектнай дакументацыі і ўзгаднення яе з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, без прыёмкі іх у эксплуатацыю. Велізарны стос дакументаў самастойна падрыхтоўваць ужо не трэба.

Для будаўніцтва або рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў у сельскіх населеных пунктах (за выключэннем размешчаных на тэрыторыі раёнаў, якія прылягаюць да абласных цэнтраў і сталіцы), пасёлках гарадскога тыпу і гарадах (за выключэннем Мінска) грамадзянам дастаткова мець дакумент, які сведчыць права на зямельны ўчастак.

Для ўзвядзення такіх пабудоў у сельскіх населеных пунктах, якія размешчаны на тэрыторыі раёнаў побач з абласнымі цэнтрамі, у пасёлках гарадскога тыпу і гарадах (за выключэннем Мінска) грамадзяніну неабходна будзе атрымаць пашпарт забудоўшчыка. Характэрна, што на падставе такога пашпарта змогуць пабудаваць жылыя аднакватэрныя дамы таксама і юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі.

Выдача пашпарта забудоўшчыка будзе ажыццяўляцца па прынцыпе «адно акно», тэрмін афармлення такога дакумента — адзін месяц, кошт — 25 базавых велічынь.

Між іншым, па словах намесніка начальніка аддзела, і пасля 15 снежня будзе дзейнічаць паралельна новаму парадку стары парак узвядзення і рэканструкцыі гэтых пабудоў (з атрыманнем усіх дазволаў, узгадненняў, заключэнняў і распрацоўкай праектнай дакументацыі).

Кацярына Арцюх лічыць, што ў перспектыве асноўным рухавіком развіцця галіны павінна стаць індывідуальнае і малапавярховае жыллёвае будаўніцтва. Само будаўніцтва мае патрэбу ў падтрымцы з боку прамысловасці мясцовых будаўнічых матэрыялаў, лясной індустрыі і драўлянага домабудавання.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​