Вы тут

На «Лістападзе» прэзентавалі праграму анімацыі для дарослых гледачоў


У рамках «Лістапада» ў кінатэатры «Беларусь» паказалі праграму анімацыі для дарослых гледачоў пад агульнай назвай «Вобразы вайны». У праграме былі прадстаўлены мультыплікацыйныя стужкі вытворчасці Беларусі, Сербіі, Італіі, Палесціны і Расіі. Праз работы, прысвечаныя розным гістарычным эпохам, агульным лейтматывам праходзіць думка аб лёсе звычайнага чалавека перад тварам вайны. «Звязда» распавядае, як аніматары з розных частак свету адлюстроўваюць самае страшнае.


Дзяўчына-ноч

Мастак-мультыплікатар Ахмад Салех у супрацоўніцтве адразу з некалькімі краінамі — Палесцінай, Катарам, Іарданіяй і Германіяй, стварыў трагічную прытчу аб маці, якая шукае сваю дачку: «Хто небудзь бачыў дзіцёнка, які згубіў сваю маці?», пытаецца жанчына ў пустэчу. Вакол — паўразбураныя шматпавярховікі, якія рэхам адбіваюць яе запыт. Усе героі быццам у паўсне: яны не звяртаюць увагі ні на выбухі, ні на разбомбленыя будынкі. Вайна — гэта жудасны фон, музыка, якая не сціхае.

Адметнасць стужкі «Ноч» — лялечныя героі, іх рухі маленькія і амаль незаўважныя, быццам вайна высмактала з іх усе сілы. Ноч у мультфільме прадстае прыгожай дзяўчынай у зорнай сукенцы: адчуваючы боль людзей, яна дорыць ім спакойны і ціхі сон.

Святочныя аладкі і паліўка для свінняў

«Дзеці вайны» — мультыплікацыя расійскага рэжысёра з Якуціі Сардааны Барабанавай. У аснову дакументальна-мастацкай работы ляглі гісторыі жыхароў Якуціі, якія падчас вайны былі дзецьмі. Менавіта іх галасамі вядзецца апавяданне. Жудасныя і натуралістычныя падрабязнасці: «Свіней кармілі поліўкай з мяса хворых цялят — я гэта еў», «Да Пакрова мы хадзілі без абутку, цёплага адзення ў нас не было. Ногі стылі так, што даводзілася саграваць іх сваёй мачой», перамяжаюцца са шчаслівымі ўспамінамі Перамогі: «У дзень, калі настаўнік сказаў, што мы перамаглі, ва ўсёй вёсцы пяклі аладкі. Я да гэтага часу больш ніколі не адчувала такога моцнага паху».

Праз мастацкія малюнкі і анімацыю ўзнаўляецца жыццё людзей у глыбокім тыле за тысячы кіламетраў ад лініі фронту.

263 ночы

Кінастудыя «Беларусьфільм» прадставіла работу Ірыны Тарасавай: мультыплікацыйная стужка распавядае аб лёсе 26 яўрэяў, якія пасля знішчэння Мінскага гета хаваліся ў падвале дома. У аснову «263 начэй» таксама пакладзена дакументальна засведчаная гісторыя:

— Нягледзячы на багаты візуальны рад, гэта поўнасцю дакументальная гісторыя, — распавяла Ірына Тарасава. — Мы не выбудоўвалі сюжэт і нічога не дадавалі ад сябе, гісторыя склалася з расказаў дзяцей, якія былі ў тым падвале. На пачатку працы над фільмам у жывых заставалася чатыры выратаваныя, у цяпер — двое.

Адной з адметнасцяў стужкі стаў гукавы рад: праз скрыпы падвальнай глебы, страявыя песні нямецкіх ваенных і калыханкі маці адразу адчуваецца той страх і вымушаная стрыманасць, у якой даводзілася жыць героям. З 26 чалавек, якія жылі ў падвале на працягу 263 дзён, наверх паднялася толькі палова...

Рэчаіснасць і сюррэалізм

Расійская стужка «Чужы хлеб» рэжысёра-мультыплікатара Андрэя Бахурына распавядае аб дзяўчыне, якая ў блакадным Ленінградзе нясе хлеб старэнькай суседцы. Усю дарогу за дзяўчынкай сочыць смерць, прымаючы абліччы бомбы, цені, прахожага на вуліцы.

Галоўнай адметнасцю стужкі стала яе анімацыйная частка. Персанажы нагадваюць герояў вядомага японскага аніматара Хаяо Міядзакі: духі, прывіды і сюрэалістычныя жывёлы. У манахромнай рабоце Бахурына толькі два героі маюць каляровыя дэталі: у дзяўчынкі гэта чырвоны капялюшык, у суседкі — залацісты медальён. Быццам яны адзіныя, хто пакуль застаўся ў сусвеце жывых.

Памылка ў перакладзе

«Міласэрны анёл» — сербскі мультфільм Бэціны Срэмко. У стужцы, якая нагадвае работы экспрэсіяністаў, распавядаецца аб авіяўдарах НАТА, што адбыліся ў 1999 годзе ў былой рэспубліцы Югаславія. Каляровыя, часам неонавыя кадры мы бачым праз вочы падлетка: сняданак, школа, цяжарная маці, тэленавіны, у якіх кажуць аб бамбардзіроўках. Перамяжаючы 2D і 3D прыёмы, аніматар ад суб’ектыўнага, лакальнага погляду хлопчыка пераходзіць на панараму ўсяго горада, які палае ў вогнішчы.

На працягу ўсёй стужкі ніхто з герояў не размаўляе, толькі ў апошніх кадрах глядач на чорным экране бачыць словы: «Аперацыя НАТА называлася «Высакародная накавальня», але з-за памылкі ў перакладзе прыжылася назва «Міласэрны анёл».

Галоўнае пытанне

Праграма «Вобразы вайны» даводзіць у чарговы раз, што анімацыя можа выразна падымаць самыя складаныя праблемы чалавецтва, адказваць на выклікі часу. Завяршальным акцэнтам годна стала антываеннае эсэ вядомай італьянскай аніматаркі Сіманэ Масі «Дастаткова канца вайны». Там аналізуецца гісторыя чалавецтва і робіцца выснова: «Нам трэба вырашыць галоўнае пытанне: калі чалавек перастане забіваць чалавека?»

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?