Вы тут

«Шлюндра ты і замазоха!» «Ён біўся аб сцяну гарохам і вырываўся з цемнаты...»


Паэт ператварае ў вершы ўсё. Любая з’ява прыроды — і дэкарацыя для дзеі, і сама дзея, і сімвал, і крыніца натхнення... Зразумела, гэта тычыцца і дажджу... З ім мы ў гэтую восеньскую пару сутыкаемся ўсё часцей. Рыльке параўноўваў дождж з адзінотай, Гарсія Лорка бачыў у ім пяшчоту да ўсяго жывога, Хуан Рамон Хіменэс чуў рытмы незнаёмых вершаў... Кожны беларускі паэт таксама стварыў сваю версію дажджу... Давайце з гэтых вершаў згадаем самыя нечаканыя і незвычайныя.


Фота: pixabay.com

«Шлюндра ты і замазоха!» 

Вершаванае апавяданне Якуба Коласа «За дождж» мае ажно тры даты: 1909, 1927, 1929. Зразумела, аўтар перарабляў стары твор у адпаведнасці з патрабаваннямі савецкай цэнзуры. Твор — проста свята для тых, хто любіць сакавітыя народныя выразы, не ўсміхацца, чытаючы, немагчыма. Сюжэт наступны... Вяскоўцы ўстрывожаныя з-за сухменю... Малітвы ў цэрквах і касцёлах, каб пайшоў дождж, рады не далі, і людзі звярнуліся да забабонаў. Галоўнае — даведацца, што замкнула дождж... Можа, з-за таго, што Піліп у пост на скрыпулі рыпаў? Можа, з-за таго, што Сёмка папа аблаяў? Цётка Тарэся пераканала ўсіх: дождж не ідзе з-за Матэвы, які паставіў новы плот у час паміж Юр’ямі! І гурт жанок пастанаўляе: напачатку паводле старадаўняга звычаю «Трэба ў ночачку да ўсходу двойчы Нёман праараць, каб адвесці перашкоду, ды самім саху па броду, жаначкі, нам пацягаць», ну а потым неадменна разбурыць Матэваў плот! 

І як на ліха, у тую ноч Матэва быў дзесь на сплаве, і бараніць сямейную маёмасць выйшла з кіем яго жонка Аўгеня. А далей — проста баляванне для фалькларыстаў, дыялог Аўгені і правадыркі жаночага гурту Тарэсі: 

«Тарэся 
Не палохай, не палохай,
Шлюндра ты і замазоха! 
Не махай мне кіем! 
Распусціла губы-трубы! 
Як махну, дык збярэш зубы 
І не так завыеш!

Аўгеня ...
Каб цябе нуда кусала, 
Каб ты поўзала сама, 
Каб спакою ты не знала 
І дзяцей не аглядала, 
Каб цябе ўзяла чума! 
Каб ты, даў Бог, піць маліла, 
Сама стоячы ў вадзе, 
Каб на горах ты хадзіла 
Ды каб сонца не свяціла 
У вачах табе нідзе! 

Тарэся 
А каб ты крычала на свой жывот! 
Каб табе язык павесілі на гэты плот! 
Гарадзілі яго, каб табе загарадзілі вочы! 
Каб ты ж век тут хадзіла па ночы! 
Каб ты не даждала святой нядзелі! 
Каб на твой язык скулы паселі! 
А каб цябе задушылі залозы! 
Каб праз твае рэбры сена цягалі козы! 
Каб цябе заела нуда! Брыда ты, брыда!» 

Столькі сакавітых слоў-лаянак даўно ўжо ніхто і не памятае: «Сунастка!», «Капач!», «Мешалка!», «Квач!», «Брында!», «Задрыпа!», «Дзындра!». 

Нарэшце жанчыны перасталі ўчапляцца ў валасы адна адной... А тут аднавясковец Карусь Дзівак і паведамляе з рогатам — дождж пайшоў! 

Застаецца дадаць, што гэты вершаваны аповед Канстанцін Міцкевіч напісаў у турме, у мінскім Пішчалаўскім замку, куды патрапіў за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. І можна ўявіць, як рагаталі вязні, калі будучы класік зачытваў радкі сваёй гарэзнай паэмы. Мусіць, аўтар і рэдагаваў пасля, каб прыбраць занадта... сакавітыя выразы. 

Дождж на франтавой дарозе

Уражлівы верш «Асенні дождж» напісаў Максім Танк у 1952 годзе. У гэтым творы паэт занатаваў свой успамін часоў вайны, франтамі якой давялося прайсці.

«Дзень цэлы сячэ дождж у шыбы няспынна, 
О колькі ў жыцці прашумела дажджоў 
Над днямі юнацтва, над роднай хацінай 
І над каляінамі дальніх шляхоў!
Але мне чамусьці з усіх перажытых 
Дажджоў вераснёвых, дажджоў веснавых 
На памяць прыходзіць не той, што з ракітай 
Мне песні спяваў ля азёраў маіх; 
Не той, што мяне беспрытульнай парою 
Страчаў на этапах, і нават не той, 
Што ззяў ад вясёлак і сцежкай лясною 
Праводзіў дахаты з дзяўчынай маёй, — 
А іншы — дождж позні, што ў ранак трывожны 
Шумеў па-над фронтам, ля Бранскіх лясоў, 
Калі ад пажараў, навалы варожай 
Маленькі хлапчук па дарозе ішоў. 
— Загінула маці, разбурана хата, — 
Прысеўшы ў акопе, ён нам расказаў.
І мы ўпершыню ўсё адчулі, салдаты, 
Як дождж нашы твары сцюдзёны змываў». 
Жаўнеры прытулілі малога, як роднага сына, сагрэлі, накармілі, адправілі на машыне ў тыл. 
«Я ўпэўнен, што вырас ён спраўным і дужым 
І, можа, забыў перажытыя дні. 
Адно не магу я забыць: як у сцюжу 
Ён мёрз пад дажджом на дарогах вайны»

Сонца ў кожнай слязе

Верш «Дзяўчына пад дажджом» Уладзімір Караткевіч напісаў 20 красавіка 1960 года, на пачатку сваёй літаратурнай кар’еры. Яго трэба прачытаць да апошняга радка: 

«...Цёплыя кроплі скачуць Па залацістай лазе; Дожджык — «царэўна плача», Сонца ў кожнай слязе. З нізкай цёплай адрыны, Учуўшы ласкавы капёж, Ў лёгкай сукенцы дзяўчына Выбегла проста пад дождж. Кроплі яе цалавалі Палка, пяшчотна, да слёз, Вусны дзяўчыны хапалі Срэбра з ясных нябёс. Дожджык зрабіў сваё цуда, Ён абляпіў, як мог, Плечы, маленькія грудзі, Гнуткія лініі ног. Бэзам з садоў павявала, Вечна хацелася жыць. Дзяўчына ад шчасця спявала. Стронцый быў у дажджы». Пасля таго, як у 1986-м здарыўся Чарнобыль, усе загаварылі пра прароцтва Караткевіча... А вось пры жыцці аўтара за падобныя вершы цкавалі — маўляў, песімізм... З-за верша «Вадарод» ён змушаны быў зволіцца са школы, дзе працаваў, і з’ехаў вучыцца на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскву, дзе і напісаў верш «Дзяўчына пад дажджом». «А я ж толькі хацеў папярэдзіць: атам — магутная, карысная, але і небяспечная сіла. Дураксы, а дураксаў на свеце многа, могуць знішчыць зямлю...» — тлумачыў Караткевіч у лісце сябру.

Да таго, як свет стаў дарослым

Паэт Алесь Разанаў ва ўсім бачыў філасофскія сэнсы, ягоны погляд на свет мудры і парадаксальны... Вось, напрыклад, на якія асацыяцыі навёў паэта дождж у цыкле «Пункціры»: 

«Вось ужо і скончыўся лівень!..  А ліст кляновы лісту яшчэ ўсё перадае першыя кроплі». 

Верш «Лужыны» з кнігі «Вастрыё стралы» — пра тое, як аднойчы разбураецца бяспечнае чараўніцтва дзяцінства: 

«У лужынах млее вада — а людзi не вераць вадзе, 
у лужынах грае сонца — а людзi не вераць сонцу, 
у лужынах плёхкаюцца аблокi — а людзі не вераць аблокам. 
Яны пазiраюць, куды ўжо зайсцi немагчыма, — удалечыню. 
Там, па дарозе, па лузе, ад лужы да лужы, 
пасля дажджу, бягуць басаногай 
чародкаю дзецi, смяюцца, нагамi 
намацваюць неба, вясёлку, плыты аблок i 
не баяцца нiчога. 
Гэта было да таго, як выпаў аднаго разу шкляны дождж, 
гэта было да таго, як павыступалi з зямлi нажы ды iголкi, 
гэта было да таго, як свет стаў раптам дарослым». 

«Апалая лістота адчула сябе на сёмым небе» 

«У дзяцінстве ў вёсцы, калі падоўгу стаяла сухмень, я чуў ад людзей, што трэба забіць жабу, тады і дождж пральецца. Мне вельмі хацелася дажджу, але я жаб не забіваў» — згадвае ў кнізе «Заўтра была адліга...» паэт Віктар Шніп. Для яго дождж — сімвал вечнага: «Прайшоў доўгачаканы дождж. І ў калюгах апалая лістота адчула сябе на сёмым небе». 

«Ізноўку дождж... Ізноўку восень, 
Як год назад, як сто назад. 
Як карабель, пустая восець 
Плыве спакойна ў лістапад, 
Нібы ў агонь, што забушуе 
І сцішыцца праз пару дзён. 
Ізноўку дождж мяне ратуе 
Ад нематы, бо любіць ён 
Мае самотныя маленні 
Да сонца, што ад нас сышло 
За воблакі, каб дождж асенні 
Напомніў нам, што так было 
І год назад, і сто назад 
І будзе так ізноў праз восень, 
Як карабель, старая восець 
Спакойна плыць праз лістапад». 

Няхай жа восеньскія дажджы не наганяюць на вас нуду, а толькі прымушаюць брацца за цікавыя паэтычныя зборнікі! 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Летась у краіне адбылося 5958 пажараў, на якіх загінулі 627 чалавек.

Здароўе

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Расказала ўрач-тэрапеўт, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана ЯНУШКА.

Спорт

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Гiсторыя паралiмпiйскага спорту — паказчык развiцця краiны.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​