Вы тут

Які лёс самага высокага векавога дуба Беларусі, што загінуў ад урагану?


У бягучым годзе супрацоўнікамі сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах была праведзена інвентарызацыя помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння на тэрыторыі Мінскай і Магілёўскай абласцей: ажыццёўлена ацэнка як агульнага стану прыродаахоўных аб’ектаў і тэрыторый, так і іх эстэтычнага і санітарнага стану, выконвання прыродаахоўных рэжымаў. Асобна правяралася, ці ўстаноўлены спецыяльныя інфармацыйныя стэнды і паказальнікі, агароджы і месцы часовага захоўвання адходаў. Пры інвентарызацыі таксама абследаваліся перспектыўныя асобна стаячыя дрэвы, насаджэнні, паркі, крыніцы, валуны і многія іншыя прыродныя аб’екты, якія могуць атрымаць статус помніка прыроды ў найбліжэйшыя гады.


Вынікі інвентарызацыі адлюстраваны ў спецыяльных актах абследавання і ў найбліжэйшы час будуць перададзены ў Мінпрыроды і яго тэрытарыяльныя органы для прыняцця адпаведных рашэнняў па аптымізацыі кіравання помнікамі прыроды.

Варта адзначыць, што ў рамках гэтай работы адзначаны выпадкі «гібелі» прыродных аб’ектаў, якія маюць статус помнікаў прыроды. Так, на вялікі жаль, у Асіповіцкім раёне загінулі 2 дубы, якія мелі статус рэспубліканскіх помнікаў прыроды і знаходзіліся пад аховай дзяржавы з 1963 года: Векавы дуб Брыцалавіцкі (лічыўся самым высокім дубам у краіне, яго вышыня была 43 метры) і Дуб-велікан Кастрычніцкі. У Дрыбінскім раёне ў выніку ўрагану цалкам загінула насаджэнне «Трылеснінскія волаты», якое мела статус помніка прыроды мясцовага значэння.

Спынілі сваю «гідралагічную дзейнасць» некаторыя крыніцы, якія маюць статус помнікаў прыроды, у тым ліку рэспубліканскага значэння «Нарачанская падводная» (у Мядзельскім раёне) і мясцовага значэння «Крыніца Мала-Гарадзяціцкага лясніцтва» (у Любанскім раёне).

Адзначаны выпадкі ссоўвання валуноў, якія маюць прыродаахоўны статус, з тых месцаў, дзе яны калісьці засталіся пасля сыходу ледніка: валуны перашкаджалі апрацоўваць сельскагаспадарчыя палі і іх адцягнулі да ўскрайку лесу, а дзесьці, з мэтай «больш эфектыўнай аховы і дэманстрацыі», іх перавезлі да адміністрацыйных будынкаў. Аднак неабходна разумець, што асаблівую навуковую каштоўнасць валун мае там, дзе ён увесь час знаходзіўся, бо, як пісалі знакамітыя беларускія геолагі Э. А. Ляўкоў і А. В. Мацвееў, «даследаванні валуноў дазваляюць рэканструяваць асаблівасці руху ледавіковых пакроваў і, тым самым, аднавіць палеагеаграфічную абстаноўку мінулых адрэзкаў антрапагену».

Пры правядзенні інвентарызацыі ўзніклі пытанні і аб магчымасці далейшага функцыянавання некаторых помнікаў прыроды, прадстаўленых асобнымі дрэвамі. Так, у аварыйна-небяспечным стане знаходзіцца помнік прыроды мясцовага значэння «Клён» у Салігорскім раёне. Гэта асобна стаячае дрэва, размешчанае ў непасрэднай блізкасці ад будынка мясцовага садка-школы. У 2021 годзе клён пацярпеў з-за моцнага ветру, а тыя галіны, якія былі зламаныя бураломам, пашкодзілі ганак і некалькі вокнаў у будынку. У выніку ў дрэва засталіся толькі тры ствалавыя галіны, пры гэтым дзве з іх моцна аслабленыя і са ствалавой гніллю. У горадзе Мар’іна Горка помнікам прыроды мясцовага значэння ў 2020 годзе быў аб’яўлены Векавы вяз, аднак сёння ён практычна ўсох з натуральных прычын, і захавалася толькі некалькі галін вышэй за 4-ы парадак. Размешчаны ён на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага цэнтра, што выклікае пэўныя апасенні. У аварыйна-небяспечным стане знаходзіцца Дуб-волат у Бабруйску, які расце непасрэдна ў горадзе і мае статус помніка прыроды мясцовага значэння.

З мэтай захавання генетычнага фонду насаджэнняў са статусам помнікаў прыроды пры інвентарызацыі былі ўзяты ўзоры біялагічнага матэрыялу і перададзены ў Рэспубліканскі банк ДНК чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. У далейшым гэтыя ўзоры могуць быць скарыстаны ў розных навуковых праектах (як, напрыклад, вывучэнне паходжання насаджэнняў, стварэнне гістарычных мадэляў распаўсюджвання тых ці іншых насаджэнняў па тэрыторыі нашай краіны), нават калі насаджэнні загінуць з якіх-небудзь прычын.

Уладзімір УСЦІН, загадчык сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».