Вы тут

Дакументы, важныя для чалавека і дзяржавы


На чарговым пасяджэнні дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу быў разгледжаны шэраг законапраектаў. Новаўвядзенні, у прыватнасці, чакаюць дакумент «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі», які прадугледжвае прававое рэгуляванне адносін у сферы адукацыі.


Змяненні ўносяцца ў 20 законаў і два кодэксы Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, адбудзецца перайменаванне паслявузаўскай адукацыі ў навукова-арыентаваную, з тэрміналогіі выключаюцца такія паняцці як кірунак спецыяльнасці і спецыялізацыя. Законапраектам замацаваны правы грамадзян, накіраваных у замежныя арганізацыі для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту па спецыяльнасцях, неабходных для Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўка па якіх у нашай краіне не ажыццяўляецца. Скарэкціраваны абавязкі апекуноў/папячыцеляў па забеспячэнні атрымання дзіцём агульнай сярэдняй адукацыі ў сувязі з увядзеннем у Кодэкс аб адукацыі прынцыпу абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі. Адносіцца гэтая гарантыя і да дзяцей-сірот, якія засталіся без апекі бацькоў. Пашыраны пералік устаноў адукацыі, на будынках якіх на пастаяннай аснове ажыццяўляецца размяшчэнне дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і ў якіх пры прывядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў выконваецца дзяржаўны гімн нашай краіны. Вядома, гэта не ўсе заканадаўчыя навацыі. Некаторыя з іх ужо ўступілі ў сілу.

З індывідуальным падыходам

У дзвюх чытаннях дэпутаты адобрылі законапраект «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». Заканадаўчы акт унесены ў Палату прадстаўнікоў Прэзідэнтам Беларусі. Згодна з законапраектам, мяркуецца вызваліць ад шматлікіх відаў пакаранняў 4545 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — 1600 чалавек, дзесяць з якіх з’яўляюцца непаўналетнімі. З выпраўленых устаноў адкрытага тыпу дамоў вернецца паўтысячы асуджаных, з крымінальна-выканаўчых інспекцый — 2445 грамадзян. Акрамя таго, прадугледжваецца, што на год будзе скарочаны тэрмін пакарання для амаль чатырох тысяч асуджаных. Амністыя не будзе распаўсюджвацца на тых, хто ажыццявіў злачынныя дзеянні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай накіраванасці.

Па меркаванні члена Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Марыны Лянчэўскай, гэта справядліва. «Аднак і ў такіх асоб ёсць права на паблажку, — удакладніла парламентарый. — Кожны з іх асабіста мае права звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб памілаванні. Такія пытанні павінны разглядацца індывідуальна. Есць людзі, якія падвергнуліся ўплыву натоўпу або, як кажа наш кіраўнік дзяржавы, заблукаўшыя».

Дэпутат расказала, што вынясенню да разгляду гэтага закона папярэднічала вельмі сур’ёзная работа. У прыватнасці, шырока абмяркоўваўся законапраект у Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў.

— Закон аб амністыі вельмі чакаюць тысячы асуджаных, іх родныя і блізкія, — заўважыла Марына Лянчэўская. — Пад амністыю трапляюць сацыяльна ўразлівыя катэгорыі асоб: непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, мужчыны і жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў, пенсіянеры, людзі, якія пакутуюць на цяжкія захворванні (анкалагічныя, некаторыя формы туберкулёзу). Гэта і грамадзяне, якія пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Абавязковая ўмова амністыі — пакрыццё шкоды і раскаянне. Павінна быць і станоўчая характарыстыка з месца пазбаўлення волі. Амністыя не будзе прыменена ў адносінах да асоб, якія здзейснілі цяжкія або асабліва цяжкія злачынствы, а таксама тыя злачынствы, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх. Такім асуджаным прапаноўваецца паменшыць тэрмін пакарання ў выглядзе абмежавання і пазбаўлення волі на год. Непаўналетнія і асобы, якія ў непаўналетнім узросце здзейснілі злачынства, звязанае з незаконным абаротам наркотыкаў, трапляюць пад амністыю. Дарослым людзям, асуджаным за аналагічнае злачынства, памілавання чакаць не варта. 

— Пагаршэння крымінагеннай абстаноўкі ў сувязі з рэалізацыяй амністыі не чакаецца, — перакананы міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў. — Гэта не першая амністыя, якая праводзіцца ў краіне. Гэта не значыць, што людзі, якія будуць вызвалены, выйдуць і застануцца самі па сабе на волі. Усе спісы накіруюць у тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў, і ўся інфармацыя пра іх будзе ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Ім пры неабходнасці акажуць дапамогу ў працаўладкаванні, непасрэдна за імі будзе ажыццяўляцца пэўны кантроль. Механізм кантролю адпрацаваны.

Пад абаронай закона

Разгледжаны ў другім чытанні праект Закона «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці» замацоўвае палажэнні, якія забяспечваюць рэалізацыю даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб павелічэнні магчымасцяў для абароны правоў прадпрыемстваў, якія апынуліся ў складанай фінансавай сітуацыі. З прыняццем дакумента знімецца лішняя нагрузка з судоў, каардынацыя працэсу ў працэдурах банкруцтва будзе ўскладзена на ўрад, а таксама мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. З гэтай мэтай у законапраект уключаны шэраг мер абарончага і матывацыйнага характару, накіраваных на захаванне вытворчых комплексаў і забеспячэнне кіравання працэсамі ў ходзе ўрэгулявання неплацежаздольнасці.

— Гэта вельмі важны дакумент для нашай дзяржавы, — падкрэсліла член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Святлана Горваль. — Гэта стымуляванне да своечасовага аб’яўлення прадпрыемствамі аб сваёй неплацежаздольнасці і ўступленне пад абарону закона. Галоўны акцэнт зроблены менавіта на рэабілітацыю прадпрыемстваў, а не на ліквідацыю — гэта значыць на абарону і захаванне нашых прадпрыемстваў. Закон падстаўляе плячо прадпрыемствам, якія, разумеючы ўсю складанасць фінансавай сітуацыі, у якую трапілі, своечасова ініцыююць сваю санацыю. Такім чынам, законапраект абараняе яшчэ і супрацоўнікаў прадпрыемства, іх сем’і.

Па словах дэпутата, кіраўнік дзяржавы неаднаразова казаў аб важнасці прафсаюзных арганізацый на прадпрыемстве. Законапраектам прадугледжана, што прадстаўнік прафсаюзных арганізацый у абавязковым парадку будзе ўваходзіць у склад крэдытораў. Такім чынам, знізу будзе ажыццяўляцца кантроль за дзейнасцю кіраўніцтва і некаторых крэдытораў. «Прыняцце законапраекта дазволіць адлюстраваць усю нашу актыўную антыкрызісную дзяржаўную палітыку», — акцэнтавала ўвагу парламентарый.

У другім чытанні таксама адобраны і праект Закона «Аб аб’яднаннях наймальнікаў». Заканадаўчыя навацыі накіраваныя на рэгуляванне грамадскіх адносін па пытаннях стварэння і дзейнасці аб’яднанняў наймальнікаў як аднаго з ключавых удзельнікаў сістэмы сацыяльнага партнёрства Беларусі, заснаванай на ўзаемадзеянні трох бакоў: прадстаўнікоў дзяржавы, супрацоўнікаў і наймальнікаў. Вызначаецца парадак стварэння аб’яднанняў наймальнікаў, прававое становішча і прынцыпы іх дзейнасці, а таксама правы і абавязкі аб’яднанняў наймальнікаў і іх членаў.

Як расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Жанна Стаціўка, спецыяльны закон будзе садзейнічаць таму, што ўзрасце роля аб’яднанняў наймальнікаў у пытаннях эканамічнага і сацыяльнага характару. «У першую чаргу, сістэматызуецца работа, што дазволіць больш эфектыўна задзейнічаць аб’яднанні наймальнікаў у распрацоўцы і падпісанні галіновых пагадненняў, — удакладніла дэпутат. — Прыняцце гэтага законапраекта дазволіць завяршыць будаўніцтва сістэмы сацыяльнага партнёрства ў нашай краіне і больш актыўнага ўдзелу наймальнікаў у вырашэнні эканамічных і сацыяльных пытанняў».

Таксама дэпутацкім корпусам былі адобраны ў двух чытаннях законапраекты «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях рынку каштоўных папер» і «Аб прызнанні страціўшых сілу заканадаўчых актаў», ратыфікаваны Пратакол аб унясенні змянення ў Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах абыходжання медыцынскіх вырабаў (вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі) у межах Еўразійскага эканамічнага саюза ад 23 снежня 2014 года.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».