Вы тут

Тэлеаўдыторыю чакаюць паказы спецыяльных праграм і канцэртаў


Розныя лёсы, розныя таленты, але адна вялікая любоў да абранай справы ў жыцці аб'ядноўвае ўсіх творцаў, чые юбілейныя даты адсвяткуюць у найбліжэйшы тыдзень на тэлеканале «Беларусь 3». У эфіры тэлеаўдыторыю чакаюць паказы спецыяльных праграм і канцэртаў з удзелам любімых артыстаў, акцёраў і даследаванні пра вядомых творцаў.


Так, 13 лістапада будзе адзначаць сваё 50-годдзе оперная спявачка, народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна. Карэнная мінчанка, яна з 2002 года з'яўляецца салісткай Вялікага тэатра Беларусі, дзе выканала дзясяткі роляў, у ліку якіх пастаноўкі «Вілісы. Фатум», «Вішнёвы сад», «Князь Ігар», «Кармэн», «Лятучая мыш», «Пікавая дама», «Яўгеній Анегін» і многія іншыя. Як адзначае артыстка, «вопыт — гэта само жыццё. І ад колькасці выхадаў на сцэну залежыць стрэсаўстойлівасць. Чым часцей ты выходзіш, тым менш баішся. Як бы ты хацеў не баяцца, усё роўна патрэбен час, бо ты выходзіш у вялізную залу, дзе тысячы вачэй глядзяць на цябе. І ты павінен выдаць добры вынік, але пры гэтым быць шчырым і душэўным, таму што чым адрозніваецца жывы тэатр ад прагляду спектакля ў запісе? Тым, што эмоцыя, якая ідзе, усё ж непаўторная... І каб гэта было, артыст павінен аддаваць сябе». Анастасія Ігараўна разам з вядучай праграмы «Кадры жыцця» згадае адметныя старонкі сваёй біяграфіі, раскажа пра свае захапленні, шлях у музыку, поспех і прафесіяналізм, а таксама пра сучасныя рэаліі існавання опернага мастацтва і адкрытасць па-за сцэнай. Прыемным бонусам стане для прыхільнікаў опернага мастацтва і паказ на сацыякультурным сольнага канцэрта Масквіной і Аксаны Волкавай «Belcanto» (2019). У ім гучаць арыі, дуэты французскіх і італьянскіх кампазітараў у выкананні вядучых артыстак Вялікага тэатра.

У аўторак, 15 лістапада, свой 75-гадовы юбілей адзначыць Анатоль Ярмоленка. У эфіры тэлеканала «Беларусь 3» яго адзначаць паказам канцэрта ансамбля «Сябры» «Удзячныя вам» (2020 г.) і сустрэчай з эстрадным спеваком, народным артыстам Беларусі ў праграме «Майстры і куміры». Анатоль Іванавіч з таго пакалення артыстаў, якія, думаю, не патрабуюць прадстаўлення. Бо менавіта гэты чалавек стаў заснавальнікам і мастацкім кіраўніком легендарнага ансамбля «Сябры», песні ў выкананні якога ведае ці чуў кожны з нас. Артыст, які валодае лірычным і самабытным голасам, на сцэне і ў жыцці застаецца прыкладам чалавечнасці і адданасці сям'і і любімай прафесіі. Ён пачынаў у ансамблі ў Баку, спяваў у адным калектыве з Муслімам Магамаевым, аднак ансамбль «Сябры» стаў самым доўгатрывалым яго творчым праектам. Ім ён жыве і да сёння і, як некалі адзначыў у інтэрв'ю, на сцэне хочацца і гатовы заставацца да таго часу, пакуль будзе адчуваць сваю запатрабаванасць у аўдыторыі.

Не абмінуць увагай таксама і 60-годдзе з дня заснавання (1962 год) Беларускага саюза кінематаграфістаў. На «Беларусь 3» 16 лістапада гледачоў чакае выпуск праграмы «Кадры жыцця», госцем якой будзе акцёр, рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў (БТРК, 2021 год). «Я трапіў на тэлебачанне ў перыяд яго росквіту. Гэта было тады вельмі складана. І я прыйшоў працаваць у цэх асвятлення і практычна дайшоў да майстра, але потым мне захацелася папрацаваць механікам здымачнай тэхнікі, пасля — пабыць акамулятаршчыкам, а там ужо і асістэнтам рэжысёра, гукааператара, аператара. Гэта было цікава. Пастаянныя паездкі, сустрэчы з цікавымі людзьмі», — успамінае акцёр. А вось мы можам успомніць яго па такіх работах у кіно, як «Маёр Ветраў» (2007), «Чаклун і Румба» (2007), «Мухтар. Новы след» (2018) і іншых. З размовы з ім даведаемся пра закуліссе кінаіндустрыі, пра тое, чым жыве беларускае кіно, а яшчэ — што дае акцёрская прафесія і як магчыма сумяшчаць шматлікія ролі і абавязкі па-за кадрам.

Цікавай прапановай стане і выпуск праграмы «Запіскі на палях». Паўлюк Багрым: прароцтва паэта-вундэркінда», які пабачым 14 лістапада, з нагоды 210-годдзя яго героя. «Зайграй, зайграй, хлопча малы. // І ў скрыпачку і ў цымбалы. // А я зайграю ў дуду, // Бо ў Крошыне жыць не буду...» — гэтыя хрэстаматыйныя радкі верша мы ўсе помнім яшчэ з урокаў літаратуры. Аднак аўтарства твора даследчыкі ставяць пад сумнеў, як і ўвогуле існаванне самога пісьменніка. А вось як усё было насамрэч, даведаемся з дакументальнага даследавання пра паэта і каваля-ювеліра.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».