Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


...Дзень пачынаўся проста цудоўна! Ён, па-першае, быў выхадным, па-другое, два сябрукі сышлі з дому і, яшчэ на досвітку злавіўшы некалькі жыўцоў, разняволена сядзелі на беразе Аржаніцы, на так званым віры — чакалі шчупакоў...


Нават больш за тое — чакалі іх зусім нядоўга! Можа, з паўгадзінкі прайшло, як Іванаў кручок нырнуў у ваду, як на ім, тут жа, адчулася нешта вялікае. Рукі спацелі ўмомант! «Трэба, трэба супакоіцца, — сам сабе загадваў Іван. — Трэба цяпер вельмі пакрыху-памалу, асцярожненька, спакваля».

Вудзільна між тым сагнулася, потым больш, яшчэ больш... «Лёска... Толькі б не парвалася! Толькі б не падвяла... Ага, трымае... Трымае!» — цешыўся Іван.

Над гладдзю вады ўжо мільганула знаёмая пашча, потым — ледзь не ўся шчупакова галава (а ўжо ж вялікая, шэра-зялёная!), на імгненне паказалася частка тулава і — прычым тут жа! — знікла (!!!), бо ён, вудзільшчык задрыпаны (мацюкі не для друку), не ўтрымаўся: рана тузануў.

...Толькі сапраўдны (а не такі вось рыбак) можа зразумець, што тады адчуваеш і ЯК тады хочацца выпіць!

У сяброў, што называецца, з сабою было, і яны з гора тут жа «накацілі».

Але ж пляшка віна адна, паўлітровая...

Пасля яе Іван успомніў, што ўчора, шукаючы свае рыбацкія боты, перастаўляў валёнкі і ў адным жонка схавала бутэльку «Пшанічнай».

Зганяў дамоў, прынёс. Сябры выпілі і потым, відаць, забыліся б, ды тут Івану тэлеграма ад дачкі прыйшла (тэлефонаў не было нават у суседзяў): сустракайце, маўляў. Прыеду ў нядзелю. І не адна.

Бацькі да гэтага — ішлі размовы — трохі падрыхтаваныя былі — зразумелі: прыедзе з будучым зяцем. І ім, маладым, тады што — тэлеграму далі і жыві да нядзелі. А сям'і — воз думак ды клопатаў: як сустрэць таго чужога чалавека, як найлепей прыняць ды яшчэ ў пару дэфіцыту...

Нешта ў мясцовай краме дасталі, па нешта ў райцэнтр з'ездзілі. Больш спадзяваліся на сваё: карову трымалі, свіней, зямлю даглядалі, у цяпліцы штось вырасла...

Стол, карацей, атрымаўся на славу: з-за талерак абруса не відаць было! Кандыдат у зяці, гараджанін, на вясковае ўсё налягаў: на мачанку з грыбамі, на калдуны з сушанымі яблыкамі, на тушаную фасолю...

І спіртнога ў рот не браў, бо за рулём, што яшчэ больш цешыла цешчу...

А вось цесця, як выглядала, раздражняла ўсё: як падмянілі чалавека! Жонка з дачкой глядзелі на яго і вачам не верылі: выпіў адзін амаль цэлую пляшку «Пшанічнай» і нічым не закусіў. А галоўнае, за сталом сядзеў як на хаўтурах: зацята маўчаў ды цяжка ўздыхаў.

— Мама, што гэта з ім? — цішком спытала дачка. — То ён ад чаркі і пажартуе, і нешта скажа, а то як вады ў рот набраў. Можа, яму зяць не даспадобы?

А маці і рада б ёй адказаць, ды сама не разумее: нездаровіцца чалавеку, ці што?.. Апошнюю стаграмоўку нават не дапіў...

Перш чым выліць тое, што засталося, у слоічак на кампрэс, гаспадыня, мыючы посуд, машынальна нюхнула чарку. Гарэлкай там чамусьці не пахла. Паспытала — так і ёсць — вада...

І тут — шчыра пасмяяўшыся — жанчына ўспомніла, як муж з пустымі рукамі, але «шчаслівы» прыйшоў з рыбалкі, як яна спыталася, што пілі, і ён, у бок адвёўшы вочы, сказаў, што ў іх з Пятром была пляшка віна...

Яна тады здзівілася, што ад паўлітра іх гэтак развезла...

Цяпер жа зразумела ўсё: гаспадар знайшоў яе хованку, выпіў з сябрам гарэлку, у бутэльку наліў вады...

Прызнавацца ў тым (ды яшчэ пры гасцях) зусім не выпадала, вось і куляў за сталом вадзіцу з уласнай студні!

...Але ж потым, недзе праз месяц, душу адвёў: добра-ткі насцёбаўся (і добрай гарэлкі!) — у дачкі на вяселлі.

Іван БУКОЎСКІ

в. Шуневічы, Глыбоцкі раён.


Добры злодзей, бо свой

Гэту праўдзівую гісторыю мне расказала мая блізкая сваячка, яна ж — родная сястра галоўнага «героя». Мне заставалася толькі запісаць, што аднойчы, увосень...

Іван, прыставіўшы драбіны,

Палез той дзень

з вядзерцам гліны

Падмазаць

комін на гарышчы,

А то ж, палохалі: згарыш ты...

 

Пашоргаў ён аб цэглу кельняй.

Здаецца, усё зрабіў нарэшце?

І тут адчуў Іван, што вельмі ж

Яго прываблівае нешта.

 

Не куфар. Не адзежын колькі...

Ад коміна

якіх тры крокі

Скаромнае, з Калядак, кольца

Падвешана было за кроквы.

 

Каўбаска тая — беражонка,

Хоць надламаная ўжо крышку.

«Не ўздумай!..» — загадала жонка.

І Янка ведаў: будзе крыку!

 

Недатыкальным стаў ласунак

З прычыны важнай і адной:

Ён — лесніку на пачастунак,

Той абяцаў быў сухастой...

 

Унізе зарыпелі дзверы.

— Я мігам, я па хлеб у краму,

А то не хопіць на вячэру, —

Пачуў ад жонкі —

ужо з-за брамы...

 

І штось кальнула

пад рабрыну:

Пакуль няма ягонай Лёдзі,

Пакуль ідзе да магазіна,

То паспяшацца не пашкодзіць:

 

Каўбаскі адламаў з аглядкай —

І ўніз...

Апошняя прыступка...

Як быццам бы

прайшло ўсё гладка?

Ды...

За дзвярыма нечы тупат?

 

Скароміна

ледзь з рук не выпала!

І нервы сцяліся ў трывозе:

Адзін

на сотню тысяч выпадак:

Стаяла жонка на парозе.

 

Ажно пад лыжачкай заныла,

Што недарэчна так папаўся!

— Пайшла, а гаманец забыла...

Во галава дурная...

(Паўза).

 

Застыла жонка ва ўтрапенні

(Нямая сцэна з «Рэвізора»),

У Вані

дрыжыкі ў каленях,

Сам —

і разгубленасць, і сорам.

 

Вось так: што маеш, тое маеш.

Слоў — апраўдацца — бракавала.

— На во табе! —

Ён, адламаўшы,

І Лёдзі даў адзін кавалак.

Мікалай КАМАРОЎСКІ

г. Орша.


Жалезнае правіла вёскі

Да сваіх сарака і яшчэ пяці я пранасіла досыць доўгую касу. Потым дочкі пераканалі, што жанчынам ва ўзросце з кароткімі валасамі прыгажэй, і завялі ў цырульню да сваёй знаёмай.

Верачка і сапраўды аказалася майстрыхай на стрыжкі і прыветлівай, мілай жанчынай. Вось і нядаўна я заходзіла да яе — па дарозе з рынку, з двума немалымі пакетамі.

— Вы сёння як наша Данілаўна, — убачыўшы іх, сказала Вера.

Я, вядома ж, папыталася, хто гэта, і пачула досыць цікавую гісторыю.

У тую раніцу кліентаў у цырульні амаль не было (гараджане любяць паспаць), а вось бліжэй да абеду — нават чарга з'явілася... Адзін чалавек (там яшчэ і мужчыны стрыгуцца) з крэсла ўставаў, другі — амаль тут жа садзіўся. Каб трохі адпачыць ды агледзецца, у майстрых ніякай хвіліны не было... А тады, калі яна з'явілася, Вера заўважыла, што ў куце пад вешалкай стаіць немаленькі і поўны пакет. «Нехта нешта забыўся, — вырашылі дзяўчаты. — Зараз, напэўна, успомніць і забярэ».

Аднак прайшла гадзіна, потым другая, трэцяя, завяршаўся рабочы дзень, а па «торбу» ніхто не ішоў. «Ну не міліцыю ж да яе выклікаць», — падумалі майстрыхі і самі зазірнулі ўнутр. Зверху ў пакеце бялела нейкая паперка. Думалі, з адрасам. Аказалася — не, з кароткім: «Ешце на здароўе!»

Каму адрасавалася пажаданне, думаць не хацелася, бо...

Грушы ў пакеце былі такія...

Вырашылі з'есці — па адной, бо вунь жа іх колькі! А заадно — «перабраць» усіх сваіх сённяшніх кліентаў: вылічыць, хто з іх мог забыцца пакет?

...Здагадка прыйшла да Веры. Яна ўспомніла, што рабіла стрыжку пажылой жанчыне, валасы ў якой — пышныя, амаль няўлоўныя (твары, казала, ёй запамінаюцца горш), — вельмі напаміналі... дзіцячыя. Што тая жанчына была ў яе крэсле не ўпершыню, і ў мінулы раз, выпадкова пачуўшы, што ў майстрых ні дач, ні бабуль у вёсках, шчыра пашкадавала іх, нават спытала, як жа яны жывуць, калі нічога свайго, калі ўсё чыста трэба купіць? На што?..

У журнале для папярэдніх запісаў быў нумар тэлефона гэтай кліенткі, яе імя. Вера тут жа набрала патрэбныя лічбы — напомніла пра забыты пакет.

— Дык я ж яго вам прывезла! Ешце... — сказала жанчына.

А потым яшчэ і дадала, што сама яна родам з вёскі, што ў іх там дом, сад з вялікім агародам і... «жалезнае правіла» — дзяліцца тым, што вырасла, частаваць і знаёмых, і незнаёмых. Вось таму яна і частуе.

Добрая душа!

...Але ж мне ў гэтай гісторыі асабліва канец спадабаўся.

— Раней, — прызналася Вера, — я чула зняважлівыя словы «сяло», «дзярэўня» і як бы не чула — прапускала міма вушэй. Цяпер іх я нікому не дарую...

Дзеля таго варта ж было прывезці з вёскі торбу груш?

Таццяна ГАЎРЫЛЬЧЫК

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.