Вы тут

Закрыццё сезона. Дзейсны сродак ад восеньскай дэпрэсіі


У лістападзе, у туманна-вільготных прыцемках, усё хочацца рабіць павольна — не хутчэй, чым паўзе па шыбе кропля, — не ад дажджу, а ад таго ж густога туману. А яшчэ — пасядзець на любімай канапе з кубкам гарачай какавы, ахінуўшыся пледам, «абклаўшыся» катамі, паглядзець які стары добры фільм. І яно ўсё ў наяўнасці: і какава, і канапа, і плед, і тэлевізар. І нават каты (два штукі). А не выпадае. Нават на выхадныя. Таму што — закрыццё сезона. Дачнікі мяне разумеюць.


Што характэрна, гэта самае закрыццё як працэс зацягваецца больш чым на месяц. Хоць, калі раней назірала за гэтым збоку, а на нашай сядзібе ўсё грунтоўна і пакрысе рыхтавала на зіму старэйшая гаспадыня, якая з'язджала ў горад толькі на самы халодны час, здавалася: што там надта рабіць? Прыехаў на выхадныя, усё папарадкаваў, пазабіраў тое, што трэба, у горад, панавешваў на ўсе дзверы замкі — ды паехаў да наступнай вясны... Але калі сутыкаешся з гэтым асабіста і непасрэдна і заступіць сцежкі няма каму, робіш для сябе нечаканае адкрыццё: адных выхадных мала. І двух. І трох. Карацей, сезон будзе закрывацца да першага снегу, а можа, і даўжэй.

Асабліва калі ён выдаўся такі, як сёлета, — ураджайны. Прынамсі яблыкі, памідоры і морква сёлета раслі як не ў сябе. Нават наша вялікая сям'я не ў сілах была ўсё спажыць. Яблыкі — крамяныя антонаўкі і чырванабокія каштэлі — ушасцёх збіралі па садзе паўдня (столькі насыпалася за тыдзень) і вазілі тачкай у капец за агародам. І гэта пры тым, што ўжо сабе набралі, хто колькі хацеў, і мясцоваму фермеру мяшкамі аддавалі, і суседзям, што толькі нядаўна ўчастак каля нас купілі, іх сад яшчэ расце. Дагэтуль у хляве стаяць скрыні з «бананавымі» — жоўтымі, салодкімі, але цвёрдымі, як дуб, бо даспяваюць яны бліжэй да новага года... Памідоры цягалі кашамі. Кетчуп варылі ў некалькі партый у вялікім чыгуне, слоікаў дваццаць паставілі па маміным любімым рэцэпце «пальчыкі абліжаш». А яны (памідоры) усё ніяк не заканчваліся. І тады вырашана было іх вяліць. Занятак, скажу я вам, так сабе: трэба ж рэзаць на акуратныя скрылікі, ставіць у духоўку на шэсць гадзін, яшчэ і назіраць, каб не перасохлі, бо павінны быць вяленыя — не сушаныя! Карацей, доўгімі восеньскімі вечарамі плед так і заставаўся ляжаць складзеным, а нягладжаныя каты дарэмна лісліва церліся аб ногі... Моркву разабралі па гарадскіх падвалах ды балконах, але цэлая выварка засталася, і яе ж трэба на зіму паставіць у склеп, перасыпаўшы пяском. Яшчэ адзін лішні клопат на выхадныя...

Увыхадныя (дакладней, у суботу) пачынаецца сапраўдны трэш. Асабліва калі не маеш машыны і карыстаешся грамадскім транспартам. У сем гадзін раніцы — глухая цемра, а ў цябе звоніць будзільнік. Хуценька збіраешся, імчыш на маршрутку. Стараешся прыехаць на прыпынак раней, каб не тое што сесці — улезці. Пасля адмены льготнага праезду на прыгарадным аўтобусе маршрутка карыстаецца асаблівым попытам у пенсіянераў. Таму ў яе стараюцца ўбіцца ўсе: і бабулі з дубцамі і рукзакамі (таму што танней, чым на аўтобусе), і іншыя дачнікі (таму што хутчэй). І ўсім трэба закрываць сезон. Так і едзем, утаптаўшыся, бы апенькі ў слоіку. Вывальваешся праз сорак хвілін з маршруткі, глядзіш на гадзіннік («час пайшоў!»). На ўсё пра ўсё — крыху больш за пяць гадзін. Гэта з дарогай два кіламетры ў суседнюю вёску і назад. Начаваць ужо не выпадае: вялікую хату, якая за тыдзень моцна настые, вельмі цяжка за дзень абагрэць. Таму — бягом, каб паспець на апошнюю маршрутку, якая ідзе ў чатыры гадзіны...

Адамкнуўшы цяжкія замкі, удыхнуўшы паветра роднай хаты — ніякае яно не «нежылое», як любяць казаць, проста халоднае і крыху вільготнае, найпершым чынам распальваеш печ. Не дзеля цяпла — дзеля таго, каб гэта самая печ не адсырэла і, крый божа, не правалілася (адзін з самых жудасных кашмараў кожнага вясковага домаўласніка, асабліва калі на прыкладзе іншых бачыў, што гэта такое і ў якія намаганні і грошы выліваецца ліквідацыя наступстваў). А потым выходзіш з хаты — і панеслася! Вуліца ад лістоў нягрэбеная, цяпліца не ўскапаная, сад не пабелены, увесь інвентар ды вёдры-каструлі яшчэ стаяць на лаўцы за хатай, сухія кветкі не пазразаныя... Карацей, не ведаеш, за што хапацца. Не чуючы сябе, пачынаеш грэбці, капаць, зразаць. Час ад часу паглядаеш на гадзіннік і разумееш: я і сёння ўсё не паспею. Па магчымасці давяршаеш распачатае, акідваеш вачыма фронт работ на наступную суботу, пераабуваешся з ботаў у красоўкі, хапаеш у торбу штук дваццаць яблык (увесь балкон імі забіты, але ж шкада — прападаюць), замыкаеш цяжкія замкі, імчыш у суседнюю вёску на маршрутку. Па дарозе кідаеш позірк на могілкі, што наводдаль на пагорку, знаходзіш вачыма знаёмыя помнікі і сілуэты на іх, гаворыш: «Не хвалюйцеся, дома ўсё нармальна». Ужо сеўшы ў маршрутку, ловіш сябе на тым, што, магчыма, дзеля таго, каб тым, што ляжаць на пагорку, сказаць гэтыя простыя словы, ты і нясешся галопам з горада кожную суботу...

А ў нядзелю — плед, какава і каты? Дзе там! За тыдзень набярэцца спраў і ў кватэры. А яшчэ папарадкаваць прывезенае — напрыклад, зварыць павідла з яблык ці нафаршыраваць гарбуз: не прападаць жа ўраджаю, трэба ж нешта рабіць. Сёлета да ўсяго іншага я сабе і «дачны нататнік» арганізавала: вярнуўшыся з вёскі, кожны раз запісваю, што дзе пакладзена на зіму, якія сарты былі ўраджайныя, што дзе расло на агародзе. Бо кожны год вясной — хоць забі, не ўспомніш. Некаторыя вельмі патрэбныя рэчы знаходзяцца толькі ў канцы лета, дый то выпадкова...

Вось заўтра зноў у сем гадзін зазвоніць будзільнік. І зноў бягом. І так да першага снегу, а то і даўжэй... Затое... Хто там што казаў пра восеньскую нуду і дэпрэсію, асабліва ў лістападзе? Не, не чула. Чаго і вам шчыра жадаю.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.