Вы тут

У сталіцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці»


Энергаэфектыўнасць, рэсурсазберажэнне і экалагічнасць сталі прыярытэтамі VIII рэспубліканскага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь-2022!». Прадукцыя і рашэнні яго пераможцаў (а іх сёлета больш за 60) знаходзяць прымяненне на прадпрыемствах краіны, і ўсе гэтыя новаўвядзенні павышаюць якасць і ўзровень жыцця людзей, адзначаюць арганізатары.


Энергаэфектыўнасць, энергазберажэнне, клімат

Падобныя мерапрыемствы набываюць новае адценне і асаблівую значнасць з улікам з’яў, якія адбываюцца цяпер у свеце вакол нас. Ёсць пэўныя выклікі, якім неабходна супрацьстаяць і знаходзіць рашэнні пастаўленых задач, адзначыла Вольга Пруднікава, намеснік міністра энергетыкі. Яна падкрэсліла, што новыя рашэнні, напрамкі і прадукты, якія прапануюць удзельнікі конкурсу, вельмі важныя. І іх можна ўкараняць не толькі ў энергетыцы і газазабяспечваючай сферы Беларусі, але і ў іншых галінах эканомікі:

— Энергаэфектыўнасць, энергазберажэнне, клімат, лічбавізацыя — базавыя кіты, на якіх трымаецца і будзе трымацца ўся наша эканоміка. Пытанні, звязаныя з кліматычнай павесткай, былі, застаюцца і будуць вельмі важнымі. На Зямлі не існуе такога месца, дзе можна было б схавацца ад найгоршых наступстваў кліматычных змен, калі яны адбудуцца. Калі мы не будзем вырашаць пытанні энергазберажэння — наша эканоміка не будзе канкурэнтаздольнай. Калі мы не будзем укараняць лічбавыя тэхналогіі, то не будзем у трэндзе, не зможам кіраваць вытворчасцямі, адсочваць рух энергетычных патокаў. А выкарыстоўванне гэтых трох складнікаў дае сёння магчымасць высоўваць самыя неверагодныя ідэі, ажыццяўляць іх і ўкараняць у вытворчасць.

Рацыянальнае выкарыстанне энергарэсурсаў для энерганезалежнасці і энергабяспекі краіны застаецца актуальным напрамкам яе развіцця, і шмат намаганняў у гэтай сферы прыкладаюць удзельнікі конкурсу, заўважылі ў Дзяржстандарце:

— Сёлета конкурс адзначаецца неверагодна высокай актыўнасцю — колькасць яго ўдзельнікаў вырасла на 40 %. Яго пераможцамі сталі ўнікальныя праекты і прадукты арганізацый розных галін эканомікі, сферы паслуг, якія актыўна прымяняюць сучасныя тэхналогіі і абсталяванне. Мы бачым, як маштабіруюцца найлепшыя праекты, у якія дадаецца нешта новае, наватарскае. Удзельнікі, якія ўжо перамагалі, працягваюць развівацца ў гэтым накірунку і імкнуцца да новых перамог.

Ад будаўнічых блокаў да дронаў

Укараненне прынцыпаў энергаэфектыўнасці важна пачынаць з самых энергаёмістых вытворчасцяў, такіх, як машынабудаўніцтва, металургія, прамысловая вытворчасць, жыллёва-камунальная гаспадарка, таму першымі ўзнагароды на цырымоніі атрымалі пераможцы традыцыйнай конкурснай намінацыі «Энергаэфектыўны прадукт года».

Восем пераможцаў гэтай намінацыі атрымалі ўзнагароды за наступныя прадукты: керамзітабетонныя будаўнічыя блокі, асінхронныя цягавыя рухавікі, сілавыя кабелі з ізаляцыяй са сшытага поліэтылену на напружанне 127 на 220 кВ, індывідуальныя (кватэрныя) лічыльнікі халоднай і гарачай вады ЕТ-м, пнеўматычную камбініраваную сеялку і стэнд кантролю герметычнасці індывідуальных прылад уліку расходу газа. А таксама за рэканструкцыю абаротнага водазабеспячэння сістэмы ахалоджвання цэнтрыфуг лініі № 2 па вытворчасці мінералватных пліт цэха № 1 з укараненнем сучаснай энергаэфектыўнай градзірні. І за радыяцыйны метад (радыяграфія з прымяненнем лічбавых дэтэктараў зварных злучэнняў).

— Любая нацыянальная эканоміка немагчыма без павышэння энергаэфектыўнасці, энергабяспекі і энергетычнай самастойнасці, таму ўсе праекты садзейнічаюць умацаванню краіны, — заўважыў, узнагароджваючы пераможцаў самай папулярнай і багатай на ўзнагароды (22!) намінацыі «Энергаэфектыўная тэхналогія года», Антон БРЫНЬ, дырэктар інстытута энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук.

Сярод інавацый тут, напрыклад, прымяненне дрона для кропкавага земляробства, аўтаматызаваная сістэма карэкціроўкі тэмпературы сеткавай вады, прыточна-выцяжная ўстаноўка з ротарным рэгенератарам, аўтаматычны кантроль узроўню адарызацыі на газаразмеркавальным пункце.

Прымяненне дронаў у сельскай гаспадарцы ў разы змяншае расходаванне вады, дазваляе працаваць у тых умовах надвор’я, калі КПД сродкаў аховы раслін павышаецца да 90 %, а таксама ноччу, каб не турбаваць пчол. А найважнейшы плюс аўтаматычнага кантролю ўзроўню адарызацыі газа, які паступае ў нашы кватэры, — бяспека.

— Стварэнне энергаэфектыўнага прадпрыемства — адна з ключавых задач, якая стаіць не толькі перад кіраўнікамі арганізацый, але і органаў дзяржкіравання ўсіх галін улады. Укараненне і выкарыстанне энергаэфектыўных тэхналогій дазваляе нам заставацца лідарамі, а ўдзел у такіх конкурсах — цудоўнае рашэнне для тых, хто сапраўды клапоціцца пра развіццё свайго прадпрыемства, — перакананы Аляксандр Лабажэвіч, дырэктар навукова-даследчага і праектнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БЕЛТЭІ».

Лічбавая трансфармацыя і энергаэфектыўныя будынкі

Працэс укаранення лічбавых рашэнняў і аўтаматызацыі ў галіны эканомікі адлюстраваны ў намінацыі «Лічбавая трансфармацыя, аўтаматызацыя, разумныя тэхналогіі». Самым багатым на ўзнагароды тут стала прадпрыемства «Мінскаблгаз», якое прадставіла на суд журы адразу шэсць прадуктаў-пераможцаў! Аўтаматызаваная сістэма кантролю і ўліку расходу газа арганізацый бытавога абслугоўвання насельніцтва невытворчага характару, адміністрацыйных і грамадскіх будынкаў; аўтаматызаваная сістэма кантролю і ўліку расходу газа фізічных асоб; кантрольны пункт вымярэння патэнцыялу; тупіковы пункт кантролю ціску; сістэма маніторынгу і кіравання на базе сістэмы «Стралец-Інтэграл» для сістэмы пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння аб пажары, ахоўнай сігналізацыі, сістэмы кантролю і кіравання доступам; сістэма маніторынгу і кіравання на базе сістэмы «Стралец-Інтэграл» для кантролю і кіравання інжынернымі сеткамі.

Тры ўзнагароды ў намінацыі прысуджаны прадпрыемству «Мінгаз» за аўтаматызаваную сістэму кіравання вытворчымі працэсамі «ГАЗ 4.0», кантрольна-вымяральны пункт КІП4-390кП і мадэрнізацыю помпавага абсталявання артэзіянскіх свідравін з укараненнем сістэмы дыспетчарскага кантролю, кіравання і аўтаматызаванага ўліку энергарэсурсаў. Усяго ж у намінацыі 14 узнагарод.

— Няма больш прыемнага злучэння слоў, чым «лічбавізацыя», «эфектыўнасць» і «нарасхват», — пракаменціравала такую колькасць узнагарод у адных руках Ганна Рабава, намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі. — Доўгі час лічбавізацыя была цікавай і прасунутай рэччу, аднак не вельмі зразумелай у выкарыстанні. Калі гэта становіцца эфектыўным, калі ўзнікае «нарасхват», гэта вельмі радасна. Мы ў гэтае пяцігоддзе рэалізуем праект будучыні «Разумныя гарады Беларусі» і чакаем усе гэтыя рашэнні-пераможцы ў праекце і на чарговай выставе ТІБА.

У намінацыі «Энергаэфектыўныя будынкі і збудаванні, якія ўведзены ў эксплуатацыю» пераможцамі сталі будаўнікі шасцікватэрнага дома ў аграгарадку Мазалава Віцебскага раёна і рэканструктары кацельнай з выкарыстаннем найноўшых інавацыйных і энергаэфектыўных тэхналогій.

— За кожнай з узнагарод стаіць праца тысяч людзей, і сёння гэтая праца была заслужана ацэнена. Аднак застаецца яшчэ шмат магчымасцяў, каб праявіць сябе ў сферы энергаэфектыўнасці, — упэўнены Сяргей Нікіцін, начальнік упраўлення энергазберажэння, экалогіі і аховы працы Галоўнага ўпраўлення прамысловасці Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

«Зялёныя» намінацыі і конкурсныя эксперыменты

У намінацыі «Выкарыстанне электрычнай энергіі для павышэння эфектыўнасці энергасістэмы Беларусі» пераможцамі сталі: праект пераводу на электразабеспячэнне буравых установак пры здабычы нафты, а таксама распрацоўка і выраб газарэгулятарнага пункта з электрычнай выбуховаабароненай сістэмай ацяплення.

Намінацыя «Рэалізаваныя праекты з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі» сабрала пяць пераможцаў, якія распрацавалі шэраг цікавых прадуктаў. Паліўныя гранулы з кастрыцы і зерневага шалупіння, геліакалектар у сістэме ацяплення, стэнд для выпрабавання трубаправоднай арматуры «Гакс». Узнагароджаны таксама прадпрыемствы за перавод работы на аднаўляльныя крыніцы. Гэта рэканструкцыя кацельнай у вёсцы Бараўляны з устаноўкай катла на мясцовых відах паліва, рэканструкцыя крамы № 146 па вуліцы Луцкай, 86 у Брэсце з устройствам фотаэлектрычнай сонечнай электрастанцыі.

Тры пераможцы вызначыліся ў намінацыі «Зялёныя тэхналогіі і прадукты», якая ўпершыню з’явілася на конкурсе летась. Сёлета ўзнагароды былі атрыманы за комплекс прадуктаў, якія дазваляюць фінансаваць «зялёныя» праекты; сістэму абаротнага водазабеспячэння аўтамыйкі Кобрынгаз; ультрагукавы комплекс тэхнічнага дыягнасціравання сістэм газазабеспячэння з прымяненнем тэхналогіі фазіраваных рашотак.

У знак асаблівай удзячнасці вынаходнікам і стваральнікам новага і маштабную, паслядоўную, планамерную работу па развіццю прынцыпаў энергаэфектыўнасці, рэсурсазберажэння і экалагічнасці аргкамітэт вырашыў прысуджаць залаты статус «Лідар энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь» прадпрыемствам, якія атрымалі серыю перамог. Сёлета такімі арганізацыямі сталі Мінгаз (18 перамог), Віцебскаблгаз (13) і Мінскаблгаз (11).

У якасці эксперымента арганізатары ўвялі таксама новую галіновую намінацыю, якая для ўсіх удзельнікаў гучыць аднолькава «Найлепшая кампанія года». Вызначаючы пераможцаў, журы арыентавался на эканамічную эфектыўнасць прымаемых кампаніяй рашэнняў, запатрабаванасць іх з боку спажыўцоў і магчымасць маштабіравання прадстаўленага вопыту. Сёлета найлепшымі ў намінацыі сталі шэсць кампаній.

Беларуская атамная станцыя — лідар энергаэфектыўнасці ў сферы энергетыкі. Мінрайцепласетка — лідар энергаэфектыўнасці ў жыллёва-камунальнай сферы. Навагрудскі завод газавай апаратуры — лідар энергаэфектыўнасці ў прамысловасці. Віцебскаблгаз — лідар энергаэфектыўнасці ў паліўнай прамысловасці. Мінскае аддзяленне беларускай чыгункі — лідар энергаэфектыўнасці ў дарожна-транспартнай гаспадарцы. Беларускі металургічны завод — лідар энергаэфектыўнасці ў металургіі.

Пачэсны дыплом конкурсу сёлета прысуджаны партнёру конкурса прадпрыемству «Брэстжылбуд» — прызнанаму лідару па ўзвядзенню сучасных электрадамоў, які выкарыстоўвае перадавыя тэхналогіі і будаўніцтва «пад ключ» у Беларусі і замежжы. Дасягаецца ж гэта ўсё, тым, што «прадпрыемства ідзе па шляху развіцця, мадэрнізацыі і ўдасканалення», кажуць прадстаўнікі арганізацыі.

А найвышэйшая ўзнагарода — гран-пры конкурсу, на які прэтэндавала дзевяць арганізацый, — за паспяховую рэалізацыю інвестыцыйных праектаў дастаўся Лідскаму малочна-кансерваваму камбінату.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.