Вы тут

Па слядах першага абласнога літаратурнага фестывалю «Берасцейскае шматгалоссе»


Тры даты павінен захоўваць у памяці кожны жабінкавец: 

21 ліпеня — дзень, калі прыйшло вызваленне; 

11 верасня — дзень, калі гарэла Драмлёва; 

27 кастрычніка — дзень, калі «само слова Жабінка выклікала жах». 


Старшыня Жабінскага райвыканкама Вадзім Краўчук і пісьменнік Анатоль Бензярук.

Гэтак апісаў тую трагедыю пісьменнік Сяргей Смірноў, які паклаў шмат сіл дзеля таго, каб не кануў у нябыт подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Сяргей Сяргеевіч ведаў, пра што пісаў, бо 27 кастрычніка 1942 года ў Жабінцы ды наваколлі амаль няспынна гучалі рас¬стрэльныя каманды, а потым — чэргі з кулямётаў ды шмайсераў. 

Таму невыпадкова праз 80 гадоў у Жабінцы ладзіўся першы абласны літаратурны фестываль «Берасцейскае шматгалоссе». У такі памятны дзень паэты і празаікі з розных куткоў Брэстчыны мелі магчымасць дакрануцца да мінулага, прайсці шляхам балючай памяці. 

Яны наведалі цікавыя гістарычныя мясціны жабінкаўскай зямлі, пазнаёміліся бліжэй з яе мінулым, увачавідкі пабачылі, як жыве наш край сёння, і пачулі, якім стане неўзабаве. 

Найперш чырвоныя гваздзікі ляглі да падножжа помніка ў мемарыяльным комплексе «Драмлёва». Творцы з хваляваннем, неяк асцярожна, нібыта баючыся парушыць спакой загінулых, ступалі па былым паселішчы, дзе стагоддзямі бруяла жыццё. Яно, тое жыццё, раптоўна і назаўжды 11 верасня 1942 года перарвалі карнікі, якія прынеслі з сабой сапраўдны Галавасек. Пісьменнікі слухалі пра лёсы драмлёўцаў і, было відаць, ледзь стрымлівалі слёзы па «вогненнай вёсцы». 

Затым было знаёмства з выстаўкай, прысвечанай генацыду беларускага народа, у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, размешчаным у Малых Сяхновічах. Яго залы захоўваюць памяткі не толькі пра Драмлёва, але і сведчанні, сабраныя пракуратурай раёна, якая займаецца пошукам слядоў злачынстваў, пакінутых акупантамі на жабінкаўскай зямлі, — у Ракітніцы, Стрыганцы, Рагозне, колішняй Ацячызне, іншых населеных пунктах. 

Апошняй кропкай хвалюючага падарожжа стала Жабінка. Тут, на вуліцы Міру, дасюль беражліва захоўваюцца памяткі аб вайне. Нездарма літаратурны фестываль быў меркаваны да сумнага юбілею, калі ў райцэнтры разыгралася трагедыя. Падчас яе ўсяго за суткі нямецка-фашысцкія карнікі расстралялі і закатавалі, у тым ліку пахавалі жывымі, прыблізна паўтысячы чалавек, у асноўным — жанчын і дзяцей з усходніх рэгіёнаў Савецкага Саюза. Берасцейскія паэты даведаліся, што ажно чатыры помнікі ў сённяшняй Жабінцы сведчаць пра тое зладзейства: адзін — на вуліцы Сцяброўскай і тры — на вуліцы Міру. Самы выразны з іх — жанчына, якая трымае на руках дзіця. Яны нібыта патрапілі ў «павуціну» аўтаматнага прыцэлу за нейкую хвіліну да рэзкай каманды: «Фоер!»... 

Творцы адчулі і пабачылі: наш утульны, мірны, квітнеючы горад свята аберагае гістарычную Памяць. А юныя чытачы ўпэўніліся, наколькі кранаюць душу і сэрца вершы ў выкананні аўтараў. Бо паэт можа распавесці пра самыя трапяткія тэмы надзвычай выразнымі сродкамі. 

Так, далёка не кожны дзень урок праводзяць пісьменнікі. 27 кастрычніка гэта адбылося ў гарадскім ліцэі, першай і трэцяй школах, куды завіталі ўдзельнікі «Берасцейскага шматгалосся». Трэба было бачыць, як не хацелі пяцікласнікі-«чамучкі» адпускаць з актавай залы СШ № 3 прадстаўніц «паэтычнага цэху»; наколькі зацікавіла сустрэча з «жывымі пісьменнікамі» вучняў першай гарадской; як блізка былі слёзы ў вачах ліцэістаў, калі гучалі вершы, прысвечныя вайне... 

Такія імгненні нельга зрэжысіраваць. Нездарма на ўрачыстасці, што распачалася праз гадзіну ў ГДК, вядучай была прадстаўніца ліцэя Аляксандра Скарына — аднафаміліца беларускага першадрукара. 

Зямля берасцейская — край шматгалосы 

Святочна ўпрыгожаны гарадскі Дом культуры а 15-й гадзіне шырока расчыніў дзверы перад удзельнікамі «Берасцейскага шматгалосся». Набліжалася ўрачыстая частка першага абласнога літаратурнага фестывалю. У абрамленні цудоўных мелодый, якія літаральна ліліся ў выкананні музыкантаў з дзіцячай школы мастацтваў, гасцей сустракала багатая і разнастайная кніжная выстаўка, арганізаваная жабінкаўскімі бібліятэкарамі. Тут прадставілі творы пісьменнікаў Брэстчыны, у тым ліку тых, хто быў на свяце: Зінаіды Дудзюк з горада над Бугам, Міколы Антаноўскага з Пружан, нашага земляка, ураджэнца вёскі Баранцы Анатоля Брытуна ды іншых. 

Удзельнікаў фестывалю шчыра віталі на нашай зямлі. Яны даведаліся, што Жабінкаўшчына — надзвычай самабытны край, багаты на творчыя таленты. Яна падаравала свету вядомага гісторыка і фалькларыста Юльяна Крачкоўскага, выбітных паэтаў Альбіна Дзяконскага, Уладзіміра Кітаеўскага і Васіля Гадульку, дасюль радуюць чытачоў сваёй творчасцю мясцовыя творцы Іван Арабейка і сямейны тандэм Бензерукоў. З Жабінкай шчыльна звязаны жыццё і творчасць паэтаў Івана Кускевіча, Алеся Каско, Васіля Сахарчука. Штогод пісьменнікі радуюць нас сваімі творчымі набыткамі, але сёлета, у Год гістарычнай памяці, брэсцкіх пісьменнікаў аб’яднала адна балючая тэма, звязаная з генацыдам беларускага народа. 

Пра тое ў віншавальнай прамове згадаў старшыня райвыканкама Вадзім Краўчук, які расказаў, як сёлета святкаваліся 80-я ўгодкі драмлёўскай трагедыі і разам з тым паступова абнаўлялася вуліца Міру. На ёй паўсталі шматпавярховыя дамы і пачаў развівацца сучасны мікрараён, былі адрамантаваны будынкі суда ды Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння, а літараральна месяц таму за некалькі крокаў ад помніка на вуліцы Міру ўрачыста адкрыўся мост праз рэчку Жабінку. На думку Вадзіма Васільевіча, гэтыя крокі па добраўпарадкаванні невыпадковыя, паколькі існуе повязь паміж мінулым, сённяшнім днём і будучыняй. 

Нямала балючых агнявых кропак пакінула ліхалецце не толькі на карце Беларусі, але і ў людскіх сэрцах. Сёння колькасць паселішчаў, знішчаных акупантамі падчас Вялікай Айчыннай вайны, перавышае лічбу ў 9200, на жаль, такіх памятак бяды шмат і на Брэстчыне. Пра тое распавёў пракурор раёна Дзмітрый Марачук. 

Была запрошана на сцэну і добры сябар нашай пісьменніцкай суполкі, старшыня праўлення абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Лідзія Раманюк. Яна прыгадала пра нядаўнае адкрыццё ў Старым Сяле Школы міру, прэзентавала прыгожа выдадзеныя кнігі, у якіх прадстаўлены вершы, эсэ і малюнкі школьнікаў з Жабінкаўшчыны. Лідзія Мікалаеўна асобна згадала музей пад адкрытым небам у аграгарадку Мухавец, паблізу гасцінічнага комплексу «Лагуна Янтарная», дзе знаходзяцца помнікі савецкім воінам-вызваліцелям, вывезеныя з тэрыторыі Польшчы, калі ўрад краіны-суседкі пачаў пазбаўляцца ад памятак нашага агульнага мінулага. 

Сапраўды, не пералічыць трагічных старонак Вялікай Айчыннай... І кожная з іх апалена, на жаль, агнём. На такіх палымяных старонках занатаваны лёсы паселішчаў, знішчаных бясследна. Сясцёр Хатыні ў Беларусі нямала. Памяці «вогненных вёсак» быў прысвечаны паэтычны конкурс, які праводзіла абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама. На «Берасцейскім шматгалоссі» былі падведзены вынікі творчага спаборніцтва «Слёзы сясцёр Хатыні». Конкурс прысвячаўся памяці берасцейскіх вёсак, спаленых катамі ў агнявыя саракавыя. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і падарункі з рук старшыні абласной пісьменніцкай суполкі Таццяны Дземідовіч. Таццяна Анатольеўна таксама выказала словы шчырай удзячнасці за дапамогу і падтрымку кіраўніцтву нашага раёна, якое пасадзейнічала, каб першы абласны літаратурны фестываль прынёс свой плён і стаў прыкладам для наступных «шматгалоссяў». 

Натхненне раскрывалася ў вершах 

У конкурсе «Слёзы сясцёр Хатыні» паўдзельнічалі каля сотні берасцейскіх паэтаў. Кожны знайшоў россыпы слоў, каб выказацца на балючую тэму. Згадаем тых, хто стаў пераможцам. 

Пружанскі паэт Мікола Антаноўскі сваю «Баладу пра вятрак» прысвяціў падзеям 17 ліпеня сорак другога, калі нацысцкія нелюдзі спалілі вёску Казлы. Падобны лёс напаткаў і некалькі блізкіх паселішчаў на Пружаншчыне: 

Няма Сычоўкі, Чорных Лоз, Устроні 
І Дабраволі ўжо не адшукаць... 
Але ёсць сонца, а пад сонцам — гоні, 
Ёсць песня светлая, цяпло далоняў 
І вечны сум людзей і ветрака. 

Наш зямляк Расціслаў Бензярук у вершы «Маналог Змітра Юрасіка» звярнуўся да драмлёўскай трагедыі, якая адбылася на Галавасек 1942 года. Паэт уклаў рыфмаваныя радкі ў вусны Дзмітрыя Юрасіка — аднаго з чатырох падлеткаў, каму пашчасціла жывым выйсці з агню ў час, калі палала «вогненная вёска» і ў ёй, нібыта свечкі, гарэлі жывыя людзі: 

За іх, загінулых, жыву, 
Учынкі мераю сурова, 
А попел беліць галаву 
Ад полымя твайго, Драмлёва. 

Пяро ў руках Марыі Філіпавай пакінула на паперы твор, які паэтэса назвала «Сэрца помніць...». Яно, тое неспакойнае сэрца, сапраўды не можа забыць пра чужыя пакуты і з дапамогай лірычных радкоў распавядае пра гаротны лёс баранавіцкай вёскі Застарынне, знішчанай квітнеючым майскім ранкам 1943 года. І цяпер, праз дзесяцігоддзі, Марыя Мікалаеўна піша: 

Адгарэлі купальскія зоркі, 
Сціхлі ліпеньскія навальніцы. 
Я іду да магілы на ўзгорку 
Пакланіцца. 
Скрозь званочкі звіняць ціхім звонам, 
І валошкі блакітам луг поўняць. 
Тут была партызанская зона. 
Сэрца помніць... 

Вёсцы з простай назвай Мошкі, што на Янаўшчыне, прысвяціла свой верш Ірына Саломка. Паселішча сустрэлася з бядою ў першы снежаньскі дзень 1942 года. Карнікі не ведалі літасці, таму сёння ўжо: 

Не сплятаць дзяўчыначкам 
у вянкі валошкі, 
Не збяруцца родзічы 
ў свята за сталом: 
З цішынёй заручана 
вёска з назвай Мошкі, 
Спіць і днём, і ночкаю 
непрабудным сном. 

А Надзея Момлік з Дзівіна сваё лірычнае «Маўчанне надмагільных камянёў» прысвяціла Барысаўцы, спаленай 23 верасня 1942 года ў час «Трохкутніка» — той самай аперацыі, якая абарвала жыццё ў Драмлёве. Таму абедзвюм вёскам пасуюць радкі: 

Так многа тут затоена трывогі, 
Дзе пазалотай сумны лес брыніць. 
Давай, сыночак, збочымся з дарогі: 
Там ля магілы пастамент стаіць. 
На пастаменце маці, як багіня, 
Ніколі не падыме галавы: 
Там, у магіле, сотні іх, нявінных 
Палоннікаў гаротных той вайны. 

Пра наша Драмлёва раней пісалі выключна паэты-землякі. Цяпер дзякуючы конкурсу лірычная скарбніца памяці пра жабінкаўскую сястру Хатыні папоўнілася вершам Надзеі Парчук з Брэста: 

Плыў верасень шчодры і шчыры 
Над вёскай Драмлёва ў той дзень. 
І сонца, сабраўшы ўсе сілы, 
Лілося святлом на людзей. 
Але нечакана тым ранкам 
Варожы ўварваўся атрад — 
І вогнішча страшнай маланкай 
Шугнула над стрэхамі хат. 

...Ад смутку і болю да міру — такі няпросты шлях прайшлі нашы продкі. Мы ўдзячны ім за стойкасць, ахвярнасць і сілу духу, за тое, што яны гераічна выстаялі ў барацьбе. Разумеючы гэта, сваёй любоўю і клопатам мы старанна ахоўваем мір на зямлі. 

Хочацца пажадаць усім міру, шчасця, душэўнай цеплыні, каб скарбонка берасцейскіх паэтаў і празаікаў штогод папаўнялася новымі цікавымі творамі. Няхай усё задуманае ажыццявіцца, а пісьменнікі разам з чытачамі, супрацоўнікамі бібліятэк і музеяў, навучальных і культурных устаноў працягваюць важную асветніцкую справу, радуюць новымі выданнямі, ідэямі і дасягненнямі. 

Анатоль БЕНЗЯРУК 

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​