Вы тут

Уладзімір Уродніч: Прытрымліваюся лозунга «Трэба спяшацца!»


Заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі «Выяўленчае мастацтва», старшыня суполкі «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Уродніч — чалавек адданы і прынцыповы. Што стаіць за гэтымі якасцямі? Гутарка з жывапісцам пра самае асабістае — карані.


— Уладзімір Васільевіч, што хацелі сказаць нядаўняй персанальнай выстаўкай у Палацы мастацтва? 

— Яна задумвалася як прысвячэнне майму дзяцінству і юнацтву. Імкнуўся расказаць пра свой шлях — як дабіраўся і прабіраўся праз балоты ў гэты вялікі Мінск. Шкада, што на выстаўцы, як мне падаецца, не зусім адбылася мая размова як мастака з вясковымі людзьмі. Работ, змешчаных у экспазіцыі, атрымалася недастаткова. А хацелася, каб гледачы зразумелі, што мая прыхільнасць да вёскі была і застаецца. Я не стаў гарадскім чалавекам — кожны дзень перад сном у думках праходжуся па сваім хутарскім дворыку. Аднойчы на свяце роднай вёскі Вялікія Арлы сказаў: «Мая душа тут, сярод вас, яна ніколі не адвязвалася ад гэтай зямлі, але цела павезлі туды, далёка...» Калі еду на машыне дадому і бачу мост цераз Прыпяць, чую галасы родных. 

— Гэтыя галасы працягваюць гучаць і ў вашай творчасці... 

— Гэта асобная тэма. У гадоў 7-8 часта слухаў, як жанчыны, праполваючы лён, спявалі песні. З асаблівым хваляваннем успамінаю велікодныя дні. Дажджы, размытыя шляхі, наўкола гразь, але абапал дарогі каля платоў — лавачкі, на якіх сядзяць прыгожа ўбраныя жанчыны і назаіраюць за моладдзю: хто падрос, хто рыхтуецца жаніцца і з кім... Раптам ідзе адна шарэнга дзяўчат — так хораша спяваюць, аж дух займае, слёзы на вочы наварочваюцца. Праз некаторы час — другая шарэнга! А вёска пасля вайны была даволі ўладкаваная, гэта ўжо зараз не тое... 

— Якія старонкі жыцця — вашага і той вёскі — згадваеце найчасцей? 

— Вядомы факт: мой бацька ваяваў у партызанскім атрадзе імя Чкалава брыгады «Савецкая Беларусь» і загінуў у 1943-м — у 19 гадоў. А ў 1946-м згарэла наша хата, як кажуць, пры нявысветленых абставінах. Пазней я прыйшоў да высновы, што гэта была помста паўстанцаў, бо бацька быў партызанам, тым больш намеснікам камандзіра. Маці потым казала: «Падумаеш, па гаспадарчай частцы!» Пажар адбыўся, калі мне было ўсяго 4 гады, але ў маім уяўленні гэта нібыта ўчора: агульная трывога, боязь за мяне малога, ратаванне нейкіх рэчаў... 

— Вайну, зразумела, вы памятаць не можаце, але ж шмат павінны былі расказваць старэйшыя. 

— Натуральна. Быў такі выпадак. У 1943 годзе пайшлі чуткі, што карнікі збіраюцца спаліць вёску. Пайшлі хавацца ў лёс. Мяне, немаўля, так накусалі камары, што пачаў крычаць — не ўтаймаваць. Мяне — у падушкі, а ў іх задыхаюся... Так, мог загубіць многа людзей. Аднак пашанцавала. Той дуб, пад якім хаваліся ў лесе, і зараз стаіць. Па матывах гісторыі стварыў палатно «Маё раскрыжаванне». 

— Водгулле тых падзей — моцны ма¬тыў вашай творчасці. А па жыцці яго часта адчувалі? 

— Так. Падчас вайны мая прабабка сустрэла на станцыі «Лахва» жанчыну — Вольгу Ярмак, якой прапанавала даглядаць мяне, калі маці і іншыя родзічы будуць у полі. Цэлы год жанчына была маёй гувернанткай. Пасля з’ехала ў Мазыр на будоўлю. Сустрэліся мы з ёй толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў: калі мне была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта, газеты пачалі пісаць пра лаўрэатаў. У адным з інтэрв’ю я расказаў пра свае карані. Так Вольга Аляксееўна пазнала і адшукала таго Уладзю. Усё жыццё яна была ўдзячна за тое, што наша сям’я фактычна выратавала яе ў тыя страшныя часы. Цяпер жанчыны няма на гэтым свеце, але з яе сям’ёй мы сябруем дагэтуль. Працягваецца сувязь, народжаная вайной. Дарэчы, куды б я ні ішоў вучыцца, звярталі ўвагу, што сын загінулага партызана. 

Аблокі сплываюць за далягляд.

— Якімі былі інтарэсы вашага дзяцінства? Калі захапіла выяўленчае ма¬стацтва? 

— Любіў рабіць самалёцікі з лазы. Пазней вельмі цікавіўся кінаперасоўкамі, якія вазілі ў той час, калі ў вёсцы не было электрычнасці. Вялікае ўражанне зрабіў фільм «Сын палка», таму марыў паступіць у Сувораўскае вучылішча. Толькі недзе ў 6 класе з’явіліся думкі пра мастацтва. Аднойчы мой сябар Славік Амяльчук на звычайным лісце са сшытка намаляваў Леніна. Я здзівіўся — які падобны! І мяне неяк гэта захапіла. Пасля таго, як і ў мяне Ленін атрымаўся, пачаў перамалёўваць усё, што бачыў. А яшчэ падштурхнула тое, што дзед, малоцячы ў клуні жыта, мог адарвацца, узяць крэйду і намаляваць на вушаку каня, які бяжыць. Пазней даведаўся: не толькі дзед быў здольны да гэтага — бацька таксама хораша маляваў. Калі пачалася вайна, ён на адным вушаку выявіў партызана, а на другім — немца. 

— Якім чынам вызначыліся з пра¬фесіяй? 

— Напэўна, у 1956 годзе ў вёску Лядзец адправілі групу па ўсталяванні электрычных слупоў. У яе ўвайшоў Гена Куксюк, у якога меліся алейныя фарбы (пра існаванне такіх я тады не ведаў). Заўважыўшы маю цікавасць да таго, як ён малюе, сказаў: «Нясі літр самагону, я табе фарбы дам». За мной справа не стала. Так, перамалёўваць навучыўся, а прыдумаць сюжэт сам яшчэ не мог. Між тым сям’я бачыла маё захапленне і радавалася наяўнасці такіх здольнасцей. Дарога ў жыццё была вызначана. 

— У часы вашай вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы, студэнцтва ў тэатральна-мастацкім інсытуце ў Савецкім Саюзе стварала плеяда выдатных мастакоў. На каго з іх раўняліся? 

— Напрыклад, на выдатнага жывапісца Аляксандра Асмёркіна, у якога вучыўся Натан Воранаў, мой настаўнік. Нельга не ўспомніць Яўсея Майсеенку, які таксама быў «асмёркінцам». Гэта мой кумір. Аднойчы я яму асабіста сказаў пра гэта, звярнуўшы ўвагу на тое, што ў музеях Савецкай Беларусі няма ніводнай яго работы, ніводнай выстаўкі. А ён адказаў: «Што я магу зрабіць, калі радзіма мною так цікавіцца...» 40 гадоў я дамагаюся, каб у Беларусі адбылася хоць невялічкая выстаўка яго твораў. За апошні час мы аддалі даніну павагі УНОВІСу, Казіміру Малевічу, Васілю Кандзінскаму, Марку Шагалу, а многія знакавыя мастакі, да творчасці якіх неабходна наблізіцца, застаюцца ўбаку. 

— Хто яшчэ вам блізкі па духу? Здаецца, вы ніколі не адыходзілі ад выбранага шляху... 

— Мае настаўнікі ў тэатральна-мастацкім інстытуце: Іван Ахрэмчык, Акім Шаўчэнка, Натан Воранаў. Апошняга лічу богам у жывапісе. Дарэчы, пад яго кіраўніцтвам я і рабіў дыплом, Натан Майсеевіч мяне амаль не кантраляваў. Савецкая мастацкая школа будавалася на аснове імператарскай акадэмічнай. Мы працягвалі яе найлепшыя традыцыі. Ці трэба даказваць, што савецкае мастацтва, якое нарадзіла суровы стыль, што стаў вельмі яркай старонкай сусветнай культуры, — гэта нешта значнае? Для разумных людзей у гэтым патрэбы не існуе. 

Від на Верхні горад,

— Што вас цікавіла ў часы студэнцтва? У чым была асаблівасць навучання ў тыя часы? 

— Савецкая школа выяўленчага мастацтва патрабавала, каб выпускнік зра¬біў кампазіцыю на сацыяльна значную тэму. Гэта было прызначэнне ВНУ. З першага да апошняга курса я займаўся выключна армейскай кампазіцыяй. Усе мае тры армейскія гады выкладваў на курсавыя работы. 

На першым курсе задалі тэму: «Грамадзянская вайна». Мы, студэнты, натуральна, ведалі яе толькі па ўспамінах, рэакцыях на пэўныя здарэнні. Аднак такім быў вучэбны працэс. Раблю эскіз: над ракой плыве туман, чырвонаармей¬скі атрад раніцою поіць коней. Іван Ахрэмчык выклікае студэнтаў і просіць мяне прынесці сваю работу. Думаю: «Дасць дык дасць!» А ён на гэтым прыкладзе вырашыў паказаць, як трэба працаваць. Момант вельмі запамінальны. 

— Іван Ахрэмчык быў патрабавальным выкладчыкам? 

— Працаваў я над сюжэтам: скончылася вайна, салдаты вяртаюцца дадому, сады цвітуць... За гэтую курсавую паставілі «5», але Іван Восіпавіч падкрэсліў: на дыплом гэта не цягне, трэба брацца глыбей. Так, неабходна было кожны чацвер прыносіць не меней чым тры эскізы. Я вытрымаў тры тыдні. Пазней Ахрэмчык сказаў, што хацеў бы ўбачыць сюжэт, варты радкоў Аляксея Фацьянава: «Соловьи, соловьи, не тревожьте солдат, // Пусть солдаты немного поспят...» Як гэта перакласці на мову жывапісу? Прапанаваў выявіць салдата ў плашч-палатцы пры амуніцыі на фоне куста бэзу, які вельмі любіў... Пазней сам сабе думаў: «Ці не прапаноўваў ён паспрачацца з Урубелем?» (смяецца. — Заўв. аўт.). Наогул, я сябе значным каларыстам не лічыў, у мяне больш спрытна ішла кампазіцыя. Натан Воранаў падкрэсліваў, што мастак павінен адчуваць тое, што ў яго лепей атрымліваецца. Нашмат пазней, калі асэнсаваў некаторыя каларыстычныя праблемы, якія маю, зразумеў, што ўсе да гэтага ўмення даходзяць парознаму. Ведаю, што ў маёй творчасці не хапае цёплых колераў, увесь халодны, але што зрабіць... Школа Натана Воранава. 

— Як жа скончылася сітуацыя з дыпломам? 

— Так ці інакш, Іван Ахрэмчык замучыў мяне сваімі патрабаваннямі, я ўжо не ведаў, як выйсці з сітуацыі. І тут раптам паведамляюць: прафесара не стала. Пайшлі групай да рэктара — прасіць, каб нас накіравалі да Воранава. Так, болей бандыкаватых, як, напрыклад, Аляксей Марачкін, Уладзімір Тоўсцік і Уладзімір Уродніч, адправілі да яго, астатніх — да Пятра Крохалева. Натан Майсеевіч заўважыў, што ў мяне вельмі добра атрымліваліся зімовыя пейзажы. Неабходны кантраст. Так і атрымаўся дыплом «Дарогамі Перамогі». 3,4 на 1,9 м — памер невыпадковы. Фігура на пярэднім плане павінна быць не занадта вялікай і не маленькай для таго, каб прапісаць псіхалогію героя. Пазней карціну шмат дзе выстаўлялі, разрэзалі падрамнік, раму знялі... Вісела яна нават у адной з паліклінік да Дня Перамогі. Доўгі час была згорнута ў трубачку, і калі ўзнікла неабходнасць яе надрукаваць, высветлілася, што многія фрагменты асыпаліся. Верагодна, карціну можна было б рэстаўраваць, але, здаецца, калі гляну на яе, удар хопіць. Я ўклаў у яе вельмі шмат душы. 

— На працягу жыцця вы займалі розныя пасады ў Міністэрстве культуры, Акадэміі мастацтваў, Саюзе мастакоў. Як паспявалі займацца жывапісам? 

— Прытрымліваўся наказу Натана Воранава: заключаць дагавор на выкананне карцін і атрымліваць аванс, бо тады адчуваецца адказнасць. Кожны год, пакуль працаваў у апараце Мінкульта, ствараў 1–2 вялікія палотны. Ніколі не ўяўляў сябе без творчасці. Ды і сёння колькі задум!.. Прытрымліваюся лозунга «Трэба спяшацца!». Шкада толькі — мала займаўся дзецьмі. 

— Вы не вельмі станоўча выказваецеся пра сучаснае мастацтва. Чаму? 

— Галоўнае ў творы — змест, ход мыслення і дэталь, за якую можна зачапіцца. Такое сёння складана знайсці. Адно з наймацнейшых уражанняў у жыцці — знаёмства ў Луўры з карцінай «Плыт Медузы» Тэадора Жэрыко. (Яе ў свой час хваліў Іван Ахрэмчык.) Такі ўзровень мастацтва здольны ўзвысіць чалавечую годнасць. Калі яно гэтаму не спрыяе, то навошта такое мастацтва? Сёння мы прыйшлі, здаецца, да абсалютнага прымітыву, адышлі ад прастаты і праўды, без якіх, як казаў Леў Мікалаевіч, няма велічы. 

Час прылёту дзікіх гусей.

— Што магло б паспрыяць мастацкаму працэсу ў Беларусі? 

— У свой час Міністэрства культуры атрымлівала лісты з просьбай даць звесткі аб вядучых мастаках, якія працуюць над доўгатэрміновымі заказамі значнай дзяржаўнай тэматыкі. Вось гэта пастаноўка пытання! Чаму дзяржава зараз не робіць такія заказы і не ставіць канкрэтныя задачы? Чаму не выдаткоўвае сродкі? Шмат гадоў выступаю за вяртанне сістэмы дзяржзаказу. Мастакі пасля вучобы здольны нешта даць, дык неабходна арганізаваць для іх пэўны плацдарм! Сёння ладзіцца шмат пленэраў, але навошта гэтая трата грошай? Як за тыдзень можна стварыць знакавы сюжэт? З якой кампазіцыйнай пошукавай схемай едуць творцы на пленэр? Ці атрымаецца ў выніку пераканаўчы твор? Заўважаю: практычна знікла з выставак сюжэтнатэматычная карціна. Неабходны штогадовы конкурс, каб мастакі змаглі годна расказаць пра тыя ці іншыя важныя даты нашай гісторыі. Мастацтва і культура — інструменты дзяржаўнай ідэалогіі. Чаму не карыстаемся імі? Неабходна ісці насустрач плыні, якая сёння існуе. 

Гутарыла Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».