Вы тут

Святлана Любецкая: Шчасце ў тваіх руках!


У дзяцінстве яна хацела кіраваць. Калі стала дарослай і самадастатковай жанчынай-прафесіяналам, зразумела, што яе місія не толькі ў лідарстве, але і ў справядлівасці. Любіць перадаваць свой вопыт і веды, а ў людзях цэніць прыстойнасць і, нягледзячы ні на што, верыць у дабро.


Мая суразмоўніца — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, выкладчык юрыдычнага факультэта БДУ, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, член Праўлення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» — Святлана Анатольеўна Любецкая. За ўсімі пасадамі, узнагародамі і званнямі стаяць карпатлівая праца, самадысцыпліна і пастаянная работа над сабой. Пра дэпутацкія будні і пра самае важнае для кожнай жанчыны.

— Святлана Анатольеўна, па першай адукацыі Вы — філолаг, але вядомыя як юрыст. Калі прыйшло разуменне, што Ваша прызванне — юрыспрудэнцыя?

— З вышыні сённяшняга дня можна сказаць, што гэта было першае неардынарнае стратэгічнае рашэнне ў дачыненні да далейшага ўладкавання свайго жыцця ў няпростых умовах 90-х гадоў. Але глеба для такога рашэння, думаю, была з дзяцінства: унутранае імкненне да парадку ва ўсім, абвостранае пачуццё справядлівасці і дакладная ўстаноўка яе дабівацца. «Савецкае» выхаванне ў найлепшых праявах гэтага паняцця для мяне асабіста адыграла вырашальную ролю ў дасягненні тых мэт, якія я ставіла па жыцці.

— Прапрацаваўшы ў судовай сістэме каля 20 гадоў і дайшоўшы да ўзроўню суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вы вырашылі перайсці на новы ўзровень. Палітыка — сфера тонкая і адказная. Чаму выбар выпаў менавіта на яе, і якія навыкі з мінулай прафесіі Вам асабліва спатрэбіліся?

— Вопыт прымянення закона ў розных спрэчных сітуацыях аказаўся адным з самых важных пры прыняцці такога нестандартнага рашэння. Прычым з унутраным запытам — паўплываць на ўдасканальванне заканадаўства.

Што да навыкаў, то тут важкую ролю адыграла спецыяльная філалагічная падрыхтоўка, а таксама вопыт судовай рыторыкі, паколькі судовая дзейнасць заўсёды публічная. Галоснасць і адкрытасць судаводства — яго асноўныя прынцыпы. Парламенцкая ж дзейнасць дала магчымасць пашырыць набытыя кампетэнцыі.

— Вы — дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105. Існуе меркаванне, што дэпутат — пасада намінальная, і гэты чалавек нічога не вырашае. У чым сутнасць Вашай работы ў якасці дэпутата?

— На жаль, недастатковае інфармаванне аб дзейнасці дэпутата вышэйшага заканадаўчага органа і спараджае такія думкі. Трэба разумець, што Парламент з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам, а дэпутат ажыццяўляе свае паўнамоцтвы на прафесіянальнай аснове, гэта значыць непасрэдна займаецца заканатворчасцю — работай над канкрэтнымі законапраектамі. А прадстаўнічыя функцыі рэалізоўваюцца шляхам узаемадзеяння з выбаршчыкамі акругі на прадмет вырашэння іх паўсядзённых праблемных пытанняў. Ажыццяўляецца гэта, натуральна, у цесным узаемадзеянні з органамі мясцовага кіравання і самакіравання, арганізацыямі і прадпрыемствамі, размешчанымі на тэрыторыі выбарчай акругі, па пытаннях іх кампетэнцыі. Калі гэта пытанні добраўпарадкавання двароў, то падключаюцца органы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Напрыклад, каля жылога дома № 25 па вуліцы Заслаўскай падчас рамонтных работ была дэманціравана дзіцячая пляцоўка. Згаданае пытанне было пастаўлена на дэпутацкі кантроль і прапрацавана сумесна з ДП «ЖЭУ № 1 Цэнтральнага раёна г. Мінска» і адміністрацыяй раёна. У 2021 годзе работы па добраўпарадкаванні дзіцячай пляцоўкі каля гэтага жылога дома выкананы, пляцоўка ўзведзена.

У сувязі са зваротам грамадзян прыватнага сектара ў раёне вуліцы Арлоўскай, дзе дзеці ішлі ў школу па праезнай частцы з прычыны неналежнага стану тратуараў, былі прыняты меры па ўладкаванні тратуараў, падключэнні асвятлення ва ўзаемадзеянні з адміністрацыяй Цэнтральнага раёна г. Мінска і УП «Рэмаўтадар Цэнтральнага раёна г. Мінска».
Заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць дэпутата, не прадугледжвае выкананне канкрэтных работ самім дэпутатам альбо грашовыя фонды на аплату работ, аказанне паслуг.

— З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца да Вас людзі? І, можа, у Вас асабіста за штосьці, як кажуць, душа баліць?

— Калі абагульніць, то самыя частыя пытанні — па лініі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, медыцынскага абслугоўвання, судовых спрэчак.

Быў зварот, за які, на шчасце, душа ўжо не баліць. У сакавіку да мяне на прыём прыйшла маладая жанчына, зарэгістраваная ў іншым раёне, і расказала пра сваіх чацвярых дзяцей, што чакае яшчэ адно дзіця, пражывае на здымнай кватэры, пра адмовы наймальнікаў у працаўладкаванні ў сувязі з цяжарнасцю. Вынік гэтай сустрэчы: ва ўзаемадзеянні з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Лянчэўскай М. А. і адміністрацыяй Фрунзенскага раёна г. Мінска мы разабраліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Праз чатыры месяцы гэтая жанчына патэлефанавала падзяліцца радаснай навіной: яна ішла па атрыманне ключоў ад кватэры для яе шматдзетнай сям’і.

— Вы неаднаразова выказваліся аб тым, што адным з найбольш цікавых і адказных праектаў у Вашай дзейнасці апошняга часу стала работа над абноўленай версіяй Канстытуцыі, а цяпер гэта працэс змянення заканадаўства ў адпаведнасці з новай версіяй галоўнага дакумента краіны. Чаму менавіта гэты праект?

— Абноўленая Канстытуцыя нашай краіны — дакумент, які на далёкую перспектыву стварае вобраз Беларусі, вобраз будучыні. Па сутнасці, мы робім сваю краіну больш сучаснай, уводзім для гэтага новыя інстытуты. Аднак важна і тое, што мы не ствараем тым самым новую сістэму дзяржаўнага кіравання і не змяняем кардынальна наша грамадства. У Асноўным Законе зроблены акцэнты на інтэлектуальнае развіццё грамадства, інавацыйнае развіццё краіны, сацыяльную падтрымку самых розных слаёў насельніцтва, удасканальванне сістэмы дзяржаўнага кіравання.

— Гледзячы на Вашу прафесіянальную актыўнасць, нястомнасць, не магу не спытаць, як Вам удаецца захоўваць прафесіянальны тонус?

— Мой рэцэпт просты: прафесіянальны аптымізм, заснаваны на тым, што выйсце ёсць з любой сітуацыі. Надае сілы любоў да работы як важнай, цікавай і неад’емнай часткі жыцця, дзе можна цалкам рэалізавацца і пакінуць свой маленькі след у гэтым жыцці. Дзейнасць юрыста патрабуе рознабаковага развіцця асобы. Для гэтага я вучуся ўсё жыццё. І гэта не толькі прыкладное веданне закона. Немалаважным з’яўляецца псіхічны і псіхалагічны складнік: уменне лагічна мысліць, здольнасць прымаць складаныя і дальнабачныя рашэнні, пераконваць і прыміраць непрымірымых. Мне пашанцавала сустрэць на прафесійным шляху аксакалаў юрыдычнай навукі і практыкі, працаваць з імі і вучыцца ў іх, як з дапамогай закона вырашыць любую жыццёвую сітуацыю. Другая жыццёвая ўстаноўка — разлічваць толькі на сябе. Можа, адбіваецца судзейскі досвед у прыняцці рашэння: ты заўсёды сам-насам з праблемным пытаннем, і чакаць парады не прыходзіцца.

— А як Вы ставіцеся да настаўніцтва? І чаму параілі б вучыцца маладому пакаленню, перш за ўсё, у наш турбулентны час?

— Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, я схіляюся да таго, што настаўніцтва не азначае сустрэць умудронага вопытам чалавека, які пракладзе шлях да поспеху. Маладому пакаленню трэба вучыцца ва ўсіх, хто іх акружае. Добры прыклад стане крыніцай натхнення, дрэнны — урокам «як нельга». І абодва могуць стаць адпраўным пунктам да стварэння найлепшай версіі сябе. Маладому пакаленню сёння трэба навучыцца быць незалежнымі, самастойнымі, глядзець, слухаць, думаць і прымаць свае рашэнні.

— Калі чалавек мяняе сферу дзейнасці, ён робіць вельмі смелы крок у невядомасць. Як не згубіцца ў новым амплуа і не падвесці найперш саму сябе?

— Ёсць народная мудрасць: «Дарогу адужае той, хто ідзе». Таму ўменне хутка знаходзіць патрэбную інфармацыю і напружана вучыцца — абавязковыя ўмовы для змены віду дзейнасці. Немалаважную ролю адыгрывае і назапашаны досвед, а таксама жорсткі распарадак дня для максімальнага паглыблення ў новую работу. Акрамя таго, трэба не саромецца задаваць пытанні паспяховым спецыялістам. Паверце, у гэтым няма нічога ганебнага.

— Вы — жанчына-лідар. Якімі якасцямі павінен валодаць лідар у сучасных рэаліях і ці ёсць сярод іх месца сціпласці?

— Я б сёння зрабіла акцэнт на чалавечнасць у адносінах да работнікаў, з якімі ты ідзеш па шляху, гібкасць у прыняцці рашэнняў і здаровае пачуццё гумару нават у самых крытычных сітуацыях. Каб быць лідарам, за якім пойдуць людзі, неабходна шмат і мэтанакіравана працаваць над сабой, быць сумленнай і справядлівай не толькі з падначаленымі, але і з іншымі кіраўнікамі, паважаць і быць удзячнай усім, хто дапамагае на жыццёвым шляху.

— Ці важная падтрымка другой палавінкі для жанчыны-лідара?

— Безумоўна. Дакладней — другая палавінка павінна натхняць... Без натхнення няма мары, без мары няма мэты.

— Вы заўсёды добра выглядаеце. Наколькі важны для Вас імідж, і ці звяртаецеся Вы да прафесіянальнай дапамогі стылістаў у выбудоўванні правільнага вобраза?

— Дзякую за такую ацэнку. Калі расказваць пра мой вобраз, то ніякага асаблівага сакрэту няма. Вобраз склаўся даўно і навеяны дастаткова сур’ёзнай сферай дзейнасці. Строгасць, выразнасць ліній і колеравай палітры мне вельмі імпануюць. Пры такой стрыманасці мне падабаюцца арыгінальныя акцэнты ў абутку, аксэсуарах. Я цікаўлюся моднымі тэндэнцыямі, але заўсёды думаю, ці ўсе апошнія трэнды мне пасуюць і будуць дарэчныя. Для мяне галоўнае, каб адзенне падабалася, і я адчувала сябе ў ёй упэўнена.

— У кожнай жанчыны ёсць свае маленькія б’юці-сакрэты і здаровыя звычкі, якія дапамагаюць ёй выглядаць на ўсе 100 працэнтаў Топ ад Святланы Любецкай?

— Перавароту ў свеце б’юці-індустрыі не зраблю. Ранішняя зарадка і плаванне, свежае паветра, здаровае харчаванне.

— Як вядома, рэсурс чалавека вычарпальны, і ўсім нам часам патрэбна падзарадка. Дзе Вы чэрпаеце сілы і энергію?

— У любімых людзях, любімых кнігах, любімых месцах.

— У чым заключаецца шчасце сучаснай жанчыны, і дзе яго шукаць?

— Пра гэта вельмі добра сказана ў адной з кніг сучаснага аўтара Эльчына Сафарлі: «Шчасце — гэта ўласцівасць характару. У адных у характары яго ўвесь час чакаць, у другіх — бесперапынна шукаць, у трэціх — усюды знаходзіць». Я — з трэціх.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Святланы ЛЮБЕЦКАЙ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.