Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Міхаіл Васільевіч стаў ужо і прыкметнай палітычнай фігурай, у 2000 годзе быў абраны ў Савет Рэспублікі. Але ў тыя гады ў гомельскіх ВНУ праявілася карупцыйная зараза. Спачатку яна спрычынілася да рэктара медыцынскага інстытута, а пасля «зачапіла» цэлую групу кіраўнікоў і выкладчыкаў Гомельскага ўніверсітэта. За хабар на ўступных экзаменах яны былі пакараны і асуджаны на немалыя турэмныя тэрміны. Непрыемная для ўсіх выкладчыкаў ВНУ гісторыя, я асабіста бачыў, як цяжка яе перажываў рэктар Селькін. У гэтай сітуацыі ён прыняў рашэнне сысці ў адстаўку.


Пасаду рэктара Гомельскага ўніверсітэта я вырашыў прапанаваць дырэктару Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У. А. Белага, намесніку старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, члену-карэспандэнту, доктару тэхнічных навук, прафесару Юрыю Міхайлавічу Плескачэўскаму, які раней доўга працаваў у Гомелі. Але ці адпусціць яго старшыня Прэзідыума М. У. Мясніковіч? Мне патрэбен быў момант для перагавораў з Міхаілам Уладзіміравічам Мясніковічам з гэтай нагоды. І я яго знайшоў. Мы прыйшлі на нараду да Прэзідэнта, дзе Мясніковіч дакладваўся, а я толькі прысутнічаў. Перад пачаткам я максімальна наблізіўся да Міхаіла Уладзіміравіча:

— Мне патрэбен Плескачэўскі. Мясніковіч глыбока ўздыхнуў і крыху ад мяне адхіліўся:

— Навошта?

— Рэктарам Гомельскага ўніверсітэта.

Мясніковіч выдыхнуў:

— Не супраць.

Я яшчэ раз пераканаўся ў мудрасці і вопытнасці Міхаіла Уладзіміравіча — у гэтай сітуацыі ён усё ж здолеў узяць на развагі секундную паўзу — у час выдыху.

Але гэта прызначэнне ў мяне не атрымалася. Калі я пайшоў з ім у Адміністрацыю Прэзідэнта да першага намесніка Аляксандра Андрэевіча Папкова, ён мне
заявіў:

— Шукай на пасаду рэктара іншую кандыдатуру. Плескачэўскага мы плануем прызначыць старшынёю Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

Але гэта таксама было добрым рашэннем для рэктарскага корпуса. Камітэт размяркоўваў па навуковых установах заданні на даследаванні і адпаведнае фінансаванне. Асноўная барацьба за іх аб'ёмы заўсёды вялася паміж інстытутамі Акадэміі і ўніверсітэтамі Міністэрства адукацыі. Аднаму мне сапернічаць з Міхаілам Уладзіміравічам было цяжка, і падтрымка з боку старшыні камітэта па навуцы была як нельга дарэчы. У прафесары Плескачэўскім я не памыліўся — пасля прызначэння на гэтую пасаду пры рашэнні многіх пытанняў ён імкнуўся быць максімальна аб'ектыўным.

І губернатару А. С. Якабсону, і старшыні Савета рэктараў прафесару Шымаву, і мне бачылася, што ў сітуацыі, якая склалася вакол рэктара Гомельскага ўніверсітэта, трэба прызначыць падрыхтаванага да гэтай пасады чалавека з іншай ВНУ. Спынілі свой выбар на доктары хімічных навук, прафесары Аляксандры Уладзіміравічы Рагачове. Ён у гэты час працаваў прарэктарам па навуковай рабоце ў Беларускім універсітэце транспарту, пад кіраўніцтвам вопытнага рэктара прафесара Веніяміна Іванавіча Сянько, а ў свой час закончыў фізмат Гомельскага ўніверсітэта. Прэзідэнт пагадзіўся з нашай прапановай.

Аляксандр Уладзіміравіч таксама належаў да катэгорыі рэктараў прыярытэтна вучоных. Ён працягваў свае даследванні ў галіне фізічнай хіміі, яго выбралі членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук. Але і над развіццём універсітэта ён працаваў творча і грунтоўна. Мне, напрыклад, спадабаліся яго падыходы да ўсталявання навуковых і адукацыйных сувязяў з кітайскімі калегамі. Ён нават планаваў за кошт кітайскіх інвестыцый пабудаваць насупраць універсітэта культурна-адукацыйны цэнтр з гасцініцай для студэнтаў. Прыгожы праект, на жаль, не атрымаўся. Але Аляксандр Уладзіміравіч чалавек ініцыятыўны, з ім заўсёды было цікава. Кіраваў ён універсітэтам дванаццаць гадоў. Цяпер там працуе рэктарам таксама выпускнік гэтага самага ўніверсітэта, доктар фізіка- матэматычных навук, прафесар Сяргей Анатольевіч Хахомаў.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту (БелДУТ), знакаміты БІІЧТ, быў створаны ў 1953 годзе для падрыхтоўкі інжынераў чыгуначнага транспарту для ўсяго Савецкага Саюза. Выпускнікі інстытута размяркоўваліся па аддзяленнях чыгункі ад Брэста да Уладзівастока. Абслугоўвалі і развівалі чыгуначныя магістралі, займаліся навуковай працай, вырасталі па службе. І рэктар БелДУТ, а ў мой час гэта доктар тэхнічных навук, прафесар Веніямін Іванавіч Сянько, мала таго, што ведаў усіх сваіх знакамітых выпускнікоў, — ён узважана задзейнічаў іх у развіцці ўніверсітэта. Шмат каго з іх я бачыў, калі быў запрошаны на святкаванне 50-годдзя ВНУ.

У гэты дзень на ўрачыстым сходзе з дакладам пра сучасны стан і шляхі развіцця ўніверсітэта выступіў рэктар, выпускнік БІІЧТ, прафесар Сянько. Пасля пра дасягненні эканомікі сучаснай Беларусі расказаў прэм'ер-міністр, доктар тэхнічных навук, выпускнік таго самага БІІЧТ, Сяргей Сяргеевіч Сідорскі, далей пра гаспадарчыя і адукацыйныя поспехі ў Гомельскай вобласці сходу далажыў губернатар, выпускнік ізноў таго самага БІІЧТ Аляксандр Серафімавіч Якабсон. І ўсе яны гаварылі пра ўніверсітэт, гады сваёй вучобы, любімых выкладчыкаў. Пасля слова далі міністру адукацыі, і я адчуў, што гаварыць у гэтай аўдыторыі магу ўжо свабодна:

— У 1904 годзе ў Расіі была ўведзена ў эксплуатацыю чыгунка Санкт-Пецярбург — Адэса. Яна, у прыватнасці, прайшла па беларускіх гарадах Віцебск, Орша, Магілёў, Жлобін, Гомель. Тым самым у гэтыя і іншыя гарады прыйшла цывілізацыя. Але чыгунка абышла бокам старадаўні беларускі Мсціслаў. Гэты горад са старажытнымі храмамі і манастырамі быў здаўна апірышчам праваслаўнай веры на нашай зямлі, але з пачаткам інтэнсіўнага руху тавараў і людзей па чыгунцы ён пачаў чахнуць. Вярнуць яго ранейшую веліч у той час магчыма было толькі двума спосабамі — наблізіць да яго чыгунку ці адкрыць там педагагічнае вучылішча. Рашэнне па гэтым пытанні прымаў асабіста расійскі цар Мікалай ІІ. Чыгунку цягнуць да Мсціслава аказалася неймаверна дорага. Указам цара ў гэтым горадзе было адкрыта педагагічнае вучылішча. А вось Гомелю пашчасціла: у яго БІІЧТ два ў адным: і чыгунка, і навучальная ўстанова!

З рэктарамі БІІЧТ таксама пашчасціла з самага пачатку. Яго ўзначальвалі вядомыя вучоныя, буйныя кіраўнікі падраздзяленняў чыгункі, я іх усіх уяўляю па вобразе Сянько. Невысокі, каранасты, але заўсёды рухавы, энергічны, напоўнены ідэямі і нязломным жаданнем рэалізаваць іх без усялякага прамаруджвання. Прабіўны! У Мінск прыязджаў рэгулярна і па сваіх рэктарскіх справах перш за ўсё наведваў кіраўніцтва Беларускай чыгункі. Ён жа там працаваў, пастаўляў інжынерныя кадры, таму дамаўляўся пра фінансаванне перспектыўных навуковых даследаванняў, пастаўку лабараторнага абсталявання, аб прыёме студэнтаў на вытворчую практыку, аб месцы для працы яго выпускнікоў. Не ўсё і адразу вырашалася, але такія абходы рэктар рабіў рэгулярна. І аддача ад іх была прыкметная. Напрыклад, з дапамогай Беларускай чыгункі Веніямін Іванавіч абсталяваў ва ўніверсітэце выпрабавальны палігон для вагоннай гаспадаркі. Вучэбны, але абсталяваны так, што вагоны там выпрабоўвалі з усяе Беларускай чыгункі і нават з суседніх расійскіх рэгіёнаў. І Сянько на гэтым зарабляў для ўніверсітэта немалыя пазабюджэтныя грошы.

А перад тым, як зайсці да міністра адукацыі, Веніямін Іванавіч абавязкова наведваў выпускніка свайго ўніверсітэта прэм'ер-міністра С. С. Сідорскага. Але мяне да гэтага папярэджваў, што будзе ў яго для ўніверсітэта прасіць, каб я быў гатовы да магчымых даручэнняў. Так мы з рэктарам знайшлі сродкі для надбудовы двух паверхаў над яго старым вучэбным корпусам. Яны самі зрабілі разлікі дазволеных пры гэтым нагрузак на падмуркі і сцены.

Выкладчыкі і студэнты да свайго рэктара ставіліся з павагай. Папулярны і прыкметны ён быў і ў рэктарскім корпусе. За вочы многія ласкава называлі яго Веня. Гумар у яго быў прыродны, анекдоты яму былі не патрэбныя, з лішкам хапала каларытных расповедаў з жыцця.

Але карупцыйная ржа зачапіла і яго калектыў, не так глыбока, як суседнія ВНУ, але ўсё адно хваравіта. Рэктар не чакаў такіх праяў у сваёй роднай ВНУ, ад перажыванняў захварэў, паправіўся, працаваць імкнуўся ўсё гэтак жа актыўна, але наступствы хваробы сказваліся. У адстаўку сышоў у 2016 годзе. На яго месца прыйшоў доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Юрый Іванавіч Кулажанка. Ён выпускнік Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, але працаваў прарэктарам у БелДУТ і першым прарэктарам у сваім універсітэце. У Гомелі цікавы вопыт падрыхтоўкі рэктараў.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 19 лістапада.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.