Вы тут

Наўздагон лету


Зіма пакуль не спяшаецца заявіць свае правы, і гэта выдатна: можна паспець «даатрымаць» летнія (ну, або амаль летнія) уражанні. Напрыклад, у вольны час пакатацца на веласіпедзе.


Зразумела, што загарадныя маршруты, дзе няма асфальту, цяпер практычна недаступныя — грунтавыя дарогі размоклі ад дажджоў. Але там, дзе ёсць добраўпарадкаваныя велатрасы, яшчэ катаюцца веласіпедысты. «Электрасамакатчыкаў» па вечарах на вуліцах яшчэ дастаткова, а большасць велапракатаў пакуль сезон не закрылі. Так што калі халодны туман або дробны дожджык вас не палохае — цалкам можна пракаціцца з ветрыкам яшчэ ў гэтым годзе. Дададзім, што ў апошнія гады Мінск і абласныя цэнтры сталі выглядаць досыць прыязна да аматараў «зялёнага транспарту»: ёсць і веладарожкі, і трасы ў парках і скверах, і нават дзе-нідзе — спецыяльныя пераезды праезнай часткі для двухколавага транспарту. А таксама магчымасць арандаваць веласіпед або электрасамакат наўпрост на вуліцы, не заходзячы ў «пункт пракату», і пасля завяршэння паездкі пакінуць транспарт там, дзе зручна. Так што неабавязкова быць уладальнікам двухколавага «каня» — можна проста ўзяць яго напракат на пэўны час — гэта, дарэчы, вызваляе ад вырашэння такіх пытанняў, як захоўванне транспарту і яго тэхнічнае абслугоўванне. Хоць зімовае захоўванне асабістага двухколавага транспартнага сродку цяпер увогуле не праблема: такую паслугу актыўна прапануюць сэрвісы па пракаце і рамонце веласіпедаў, і каштуе яна ў сярэднім каля 30—50 рублёў за 3 месяцы за веласіпед (можна знайсці варыянт 50 рублёў за паўгода, 70 — разам з тэхабслугоўваннем «жалезнага каня»), і каля 100 рублёў за электрасамакат (125 — з ТО). Па веласіпедах прапануецца таксама варыянт 15 рублёў у месяц — калі надвор'е дазволіць завяршыць сезон пазней або вы захочаце забраць велік крыху раней.

Байкшэрынг

Піянерам бесстанцыйнага сэрвісу пракату веласіпедаў, электравеласіпедаў і электрасамакатаў некалькі гадоў таму стаў у Беларусі сэрвіс Колаbіke (ярка-жоўтыя веласіпеды і самакаты — ужо звыклая частка гарадскога пейзажу, прычым не толькі мінскага). Амаль адначасова з ім або крыху пазней з'явіліся іншыя — напрыклад, аранжавыя Velosmart, або сінія JET, або папулярны ў мінчан шэрынг электрасамакатаў Eleven. Ёсць такія сэрвісы і ў абласных цэнтрах. Сістэма арэнды простая: трэба спампаваць дадатак сэрвісу на свой тэлефон — ён пакажа, дзе знаходзяцца незанятыя «транспартныя сродкі». Знаходзіце той, што паблізу, аплачваеце паездку, прывязаўшы банкаўскую картку да дадатку — і наперад. Каб разблакіраваць абраны сродак, трэба ўвесці яго ІD. Калі карыстаецеся шэрынгам упершыню, і асабліва калі не належыце да пакалення «лічбавай моладзі», магчыма, спачатку прыйдзецца трохі напружыцца, каб зразумець, якія менавіта лічбы маюцца на ўвазе (падказка: не тыя, што буйна напісаны на раме). І далей пачынаецца адлік часу паездкі. Невялікая сума здымаецца за разблакіроўку, і потым тарыфікацыя ідзе кожныя паўгадзіны — але, калі вы не фанат веласпорту, наўрад ці здолееце пракатаць нашмат больш за дзясятку. Пасля завяршэння велапрагулкі важна «закрыць» рычаг электроннага замка і пераканацца, што дадатак перастаў лічыць час вашай паездкі. Калі нешта пайшло не так (час паездкі лічыць дадатак не перастўа, узніклі праблемы з аплатай і г. д.), варта адправіць паведамленне пра памылку.

Трэба сказаць, што веласіпеды, якія прапануе байкшэрынг, надзейныя і ад гэтага дастаткова цяжкія — па адчуваннях, парадку кілаграм 15. Нізкая рама зручная для дзяўчат. Напрыклад, калі вы не ў спартыўнай вопратцы, а, скажам, у спадніцы (дапусцім, спазняецеся і вам тэрмінова трэба кудысьці дабрацца, абыходзячы «пробкі»). На гэты выпадак веласіпед забяспечаны і кошыкам наперадзе: для сумкі. Зрэшты, зараз, глыбокай восенню, шэрынгавых веласіпедаў на вуліцах зусім мала, больш электрасамакатаў. Сістэма іх арэнды тая ж, кошт у розных сэрвісаў адрозніваецца, але ў цэлым — у межах 6—10 рублёў за ўмоўныя 10 кіламетраў. Дарэчы, падчас паездкі на электрасамакаце важна памятаць, што, згодна з новымі правіламі дарожнага руху, забараняецца перасоўвацца на сродках персанальнай мабільнасці з хуткасцю больш за 25 км/г.

Электравеласіпеды — яшчэ адзін від гарадскога транспарту, які можна ўзяць на пракат «аддалена». Невялікі электраматор дапамагае веласіпедысту рухацца хутчэй (веласіпед мае тры рэжымы магутнасці) і эканоміць сілы.

— Успамінаецца, як бацька вучыў катацца на двухколавым «дарослым» веласіпеды ў дзяцінстве — нібы нехта акуратна надае веласіпеду паскарэнне, падштурхоўваючы ззаду, — распавяла знаёмая, паспрабаваўшы гэты «транспарт» упершыню.

Сістэма «аддаленай» арэнды транспартнага сродку, безумоўна, зручная, і гэта сусветная практыка. Хоць многім — асабліва людзям больш сталым — усё ж бліжэй магчымасць непасрэдных зносін з супрацоўнікам сэрвісу. Паколькі аддаленае падпісанне дагавора пракату (то-бок, проста птушачка ў квадраціку) пры няўважлівым стаўленні (а ці многія на вуліцы стануць чытаць дагавор на экране тэлефона? Пагадзіцеся, мала хто) можа прывесці да штрафу. Напрыклад, дасведчаныя карыстальнікі шэрынгу рэкамендуюць перад паездкай сфатаграфаваць абранага «жалезнага каня» з усіх бакоў. Таму што гэта можа зрабіць наступны за вамі яздок, і калі сродак будзе мець пашкоджанні, цалкам магчыма, вінаватым у псаванні маёмасці палічаць карыстальніка папярэдняга, а гэта якраз вы. Таксама важна (і гэта ўказана ў дагаворы), што пакідаць сродак пасля паездкі можна ўсюды — але не ўсюды наогул. Напрыклад, у пад'ездзе — нельга. За гэта прадугледжаны штраф. Таксама нельга кідаць байк або самакат пад мостам, у падземным пераходзе — там, дзе не «ловіць» GPS. Ёсць і яшчэ некалькі нюансаў. Штрафы немаленькія, так што, калі карыстаецеся байкшэрынгам упершыню — усё ж прачытайце дагавор, перш чым ставіць птушачку, што «азнаёмленыя і згодныя».

І проста пракат

А наогул, для велапрагулак выхаднога дня многія лічаць падыходнымі больш «спартыўныя» мадэлі — так званыя «гібрыды», «фітнес-мадэлі» або непасрэдна спартыўныя веласіпеды. Па пасадцы веласіпеды, якія прапануюць сэрвісы байкшэрынгу (так званыя «гарадскія» або «прагулачныя») — з прамой спінай і высокім рулём. Шмат каму падаецца больш зручным і звыклым сядзець вышэй, з нахілам цела наперад. Ды і колы многім падабаюцца пабольш. За такім «велікам» у пракат прыйдзецца мэтанакіравана ісці (хоць многія пракаты прапануюць і дастаўку). Цэны адрозніваюцца, але ў сярэднім абыдзецца пракат 5-6 рублёў за гадзіну і 9 рублёў за 2 гадзіны. Суткі пракату будуць каштаваць парадку 20 рублёў, двое сутак — 25—30 рублёў, і яшчэ 5 рублёў — за кожны дзень «зверху». У сувязі з восеньскім падзеннем попыту можна адшукаць спецыяльныя прапановы — ад 2 рублёў гадзіна і ад 8 рублёў у суткі на пэўныя мадэлі.

— Хто бярэ цяпер веласіпеды напракат? Ды многія, — распавядае супрацоўнік сэрвісу пракату Сяргей. — Вось, напрыклад, мамы з дзецьмі бяруць: і летам, і восенню. Падлетку веласіпед купілі, а сабе мама вырашыла не купляць, бо якасная мадэль каштуе дорага, плюс яе трэба дзесьці захоўваць, да таго ж час ад часу патрэбен рамонт і абслугоўванне. Таму катаюцца на адным з дачкой або сынам — у розны час. А калі вырашылі пакатацца разам, бяруць другі напракат. Часта бяруць два напракат, для мамы і таты, калі запланавалі «сямейны выезд». Пенсіянеры — таксама нашы кліенты. Сучаснае пакаленне бабуль і дзядуль — у асноўным бабуль, вядома — актыўнае (іх нават бабулямі неяк язык не паварочваецца называць). Наогул, жанчын сярод нашых кліентаў значна больш, чым мужчын. Але ў пракатах каля велатрас па-іншаму: там шмат моладзі, і часцей веласіпеды бяруць напракат хлопцы. Для многіх, хто сур'ёзна «сябруе» са спортам (займаецца бодзі-білдынгам або адзінаборствамі), веласіпед — дадатковы від трэніроўкі.

А ў маленькіх сэрвісах, як правіла, распавёў суразмоўца, веласіпед бяруць на гадзіну або на дзве.

— Наш пракат знаходзіцца ў «спальным» раёне, і зразумела, што нашы пастаянныя кліенты — не спартсмены, а проста звычайныя людзі, якія час ад часу хочуць актыўнага адпачынку і псіхалагічнай разрадкі. Для гэтай мэты лепш за велапрагулку не прыдумаеш, асабліва ўвосень, калі актыўнасць паступова зніжаецца.

У сэрвіс прыйдзецца захапіць з сабой пашпарт для заключэння дагавора пракату, і, магчыма, вас папросяць пакінуць што-небудзь у заклад. Як правіла, вялікія пракаты размешчаны паблізу ад велатрас (у Мінску — каля Мінск-Арэны, у парках — Горкага, Лошыцкім; на набярэжнай Свіслачы, на Камсамольскім возеры і г. д.). Але досыць іх і ў дамах быту, рамонтных майстэрнях і на першых паверхах крам у так званых спальных раёнах. Ці танней там, чым у вялікіх пракатах? Наўрад. І выбар значна меншы. Затое ў такіх маленькіх сэрвісах пракату можна завесці «свайго» любімага «сябра» — пратэсціраваўшы ўсе, выбраць самы зручны менавіта для вас. А калі вы пастаянны кліент і, дапусцім, забыліся пашпарт, вам, цалкам магчыма, павераць на слова. Бо чалавечыя адносіны ніхто не адмяняў.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.