Вы тут

Новыя маршруты — ад непрафесіяналаў, нацыянальная кухня


Што робіцца ў Беларусі для папулярызацыі ўнутранага турызму? Сёння, як сцвярджаюць прадстаўнікі турыстычнай справы, якраз гэты кірунак выклікае найбольшую цікавасць. І менавіта на яго накіраваны шэраг сацыяльных праектаў, якія рэалізоўваюцца ў Беларусі. Адзін з такіх — рэспубліканскі конкурс сацыяльнай рэкламы «#Пазнай Беларусь», які праходзіў у маі — верасні гэтага года. Любы ахвотны мог даслаць на адрас журы сваю работу ў трох намінацыях: «Слоган», «Плакат», «Відэаролік», прысвечаныя любому кутку Беларусі. Што з гэтага атрымалася, расказалі прадстаўнікі аргкамітэта конкурсу.


Новыя маршруты — ад непрафесіяналаў

Бясспрэчна, што інфармацыйнае прасоўванне з'яўляецца адным з галоўных складнікаў у турызме. І найлепшыя работы конкурсу па сацыяльнай рэкламе якраз будуць выкарыстоўвацца для папулярызацыі маршрутаў па Беларусі.

— Нядаўна мы зацвердзілі новыя ролікі па розных відах турызму для дэманстрацыі і прасоўвання як унутры краіны, так і за мяжой. Але добра мець не толькі прафесійныя працы, якія мы выкарыстоўваем на канферэнцыях і сімпозіумах. Для нас важна, каб у стварэнні прынялі ўдзел беларусы — як прафесіяналы, так і непрафесіяналы. Нас парадавала, што ў конкурсе прыняла ўдзел вялікая колькасць дзяцей з розных навучальных устаноў, — адзначыла дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына ВАРАНОВІЧ.

Лічба ўдзельнікаў конкурсу сацыяльнай рэкламы таксама ўнушальная — пададзена больш за 500 заявак. Дарэчы, столькі ж удзельнікаў і ў рэспубліканскай акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». У конкурсах былі прадстаўлены ўсе рэгіёны Беларусі.

— І, як і летась, больш за ўсё заявак паступіла з Гродзенскай вобласці, другое месца займае Гомельшчына. Актыўнасць жыхароў гэтых рэгіёнаў вельмі высокая, — падкрэсліла Ірына Варановіч. — Ад іншых абласцей хацелася б такой жа актыўнасці. Магчыма, хтосьці яшчэ прыглядаецца да нашага конкурсу і прыме ўдзел на наступны год. Уразіла разнастайнасць падачы, асабліва ў дзяцей. Яны знаходзяць такія формы, якія здзіўляюць нават дарослых. Напрыклад, мы бачым у 9-гадовым хлопчыку ўсе задаткі прафесійнага экскурсавода.

Большасць слоганаў удзельнікі стварылі на беларускай мове. Сярод відэматэрыялаў палова таксама была на роднай мове.

— Работы пераможцаў мы мяркуем выкарыстоўваць: размесцім плакаты, прычым не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах, бузем трансліраваць відэаролікі — гэта важна для заахвочвання турыстаў падарожнічаць па сваёй краіне, — дадала Ірына Варановіч.

Акрамя таго, работы-пераможцы будуць размешчаны на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме і яго YouTube-канале, а таксама ў якасці сацыяльнай рэкламы на нацыянальным тэлебачанні. А некаторыя конкурсныя заяўкі стануць асновай для стварэння новых турыстычных маршрутаў.

Дэфіцыт інфармацыі пра малавядомыя мясціны

Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў, журы конкурсу было складана выбіраць паміж работамі дзяцей і прафесіяналаў з музейных устаноў ці прамысловых прадпрыемстваў. Пры гэтым адна справа — расказаць пра Мірскі ці Нясвіжкі замкі, Косаўскі палац, і зусім іншая — стварыць паўнавартасную работу пра невялічкі населены пункт, дзе не так шмат гісторыка-культурнай спадчыны.

Шэраг работ было ўдастоена спецыяльных прызоў, бо яны прысвечаны тэматыцы Года гістарычнай памяці.

— Такія работы і тэмы мы выкарыстаем на інфармацыйных шчытах, якія размяшчаюцца ў якасці сацыяльнай рэкламы для раскрыцця турыстычнага патэнцыялу таго ці іншага раёна горада. У Мінску існуе некалькі зацверджаных Нацыянальным агенцтвам па турызме маршрутаў: па тэрыторыі Мінскага гета, лагераў «Трасцянец» і «Масюкоўшчына». Было б нядрэнна адлюстраваць на сацыяльных плакатах па гэтых маршрутах і іншыя мясціны.

Намеснік начальніка ўпраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Галіна Гусакова звярнула ўвагу, што цяпер існуе вялікі попыт на інфармацыю па ўнутраным турызме.

— Перад выхаднымі назіраецца цікавасць да варыянтаў адпачынку, каб далёка не ехаць і паболей убачыць, асабліва летам і ў добрае надвор'е. Што датычыцца СМІ, ва ўсіх дзяржаўных маюцца адпаведныя раздзелы ці тэматычныя старонкі, прысвечаныя тэмам турызму. Спецыялізаваныя інтэрнэт-рэсурсы імкнуцца ахапіць усё больш і больш, але адчуваецца недахоп інфармацыі ў адносінах да малавядомых куткоў нашай краіны, — расказала Галіна Гусакова.

Шлях да сэрца госця — праз нацыянальную кухню

Адным з актуальных накірункаў турызму з'яўляецца гастранамічны. Пра яго развіццё ў нашай краіне расказаў начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і прымянення мер нетарыфнага рэгулявання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Яўген Бялоў.

Асноўнай мэтай гастранамічнага турызму з'яўляецца знаёмства з той ці іншай краінай праз нацыянальную кухню. У Беларусі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё і папулярызацыю беларускай нацыянальнай кухні, развіццё зон гастратурызму, фарміраванне турыстычных маршрутаў з гастранамічным складнікам, а таксама прасоўванне гастранамічнага патэнцыялу Беларусі, у тым ліку і праз удзел у міжнародных турыстычных выставах.

У краіне працуе 446 аб'ектаў гастратурызму, з іх 73 спецыялізуецца на страваў беларускай кухні. Сярод папулярных мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю гастранамічнага турызму, — «Мотальскія прысмакі» ў Іванаўскім раёне, «Бульба-фэст» у Віцебску, «Браслаўскія зарніцы», «Юраўскі карагод».

— Расце колькасць турыстычных маршрутаў з гастранамічным складнікам, цяпер іх 75, у тым ліку тры распрацавана леатсь. Ідзе работа па правядзенні дзён беларускай культуры, майстар-класаў па прыгатаванні беларускіх страў, развіцці рэстаранаў і сетак грамадскага харчавання з нацыянальным каларытам, такія як «Васількі», «Гараж», «Літвіны», — адзначыў Яўген Бялоў.

Распрацоўваюцца і рэгіянальныя мабільныя дадаткі. Пакуль іх чатыры: «Мой горад» у Оршы і Полацку, «Гродна-гід», «М-6», які дзейнічае на аднайменнай аўтадарозе. Хутка з'явяцца два новыя: «Гомель-трэвэл» для Гомельскай вобласці і «Гродна-Р» — для Гродзенскай.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.