Вы тут

У Азярцы адкрылася новая паліклініка


У аграгарадку Азярцо Мінскага раёна расчыніла дзверы новая паліклініка, разлічаная на 200 наведванняў у змену. Пры праектаванні і будаўніцтве медыцынскай установы выкарыстаны сучасныя падыходы да дызайну і адпаведныя будаўнічыя тэхналогіі, якія дазволілі стварыць спрыяльнае асяроддзе для пацыентаў. На першы погляд, трохпавярховы будынак не ўражвае маштабамі. Але ўнутры ўсё прадумана да драбніц: прасторна, утульна, кампактна размешчаны кабінеты.


— Вельмі ўдалы атрымаўся аб'ект. Адразу відаць, што добра папрацавала праектная арганізацыя, у ходзе будаўніцтва ўносіла карэктывы. З пункту гледжання функцыянальнасці, будынак блізкі да ідэальнага, — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця медыцынскай установы.

Аб новай паліклініцы жыхары аграгарадка марылі даўно. Населены пункт развіваецца, з кожным годам павялічваецца колькасць насельніцтва. У Азярцы працавала старая амбулаторыя, якая не магла прыняць усіх пацыентаў. Людзі вымушаны былі звяртацца па медыцынскую дапамогу ў Мінск або ў камерцыйныя медцэнтры.

— Паліклініка будзе аказваць пярвічную (урачы агульнай практыкі, педыятры) і спецыялізаваную медыцынскую дапамогу жыхарам 10 населеных пунктаў Шчомысліцкага і Хацежынскага сельскіх Саветаў. Тут пражывае больш чым шэсць тысяч чалавек, радыус абслугоўвання — 15 кі-
ламетраў, — распавяла загадчыца Азярцоўскай паліклінікі Кацярына Марціновіч. — Акрамя таго, будзем абслугоўваць пацыентаў, якія замацаваны за Навасельскай, а таксама Хацежынскай амбулаторыямі. А гэта ў агульнай колькасці 16 тысяч чалавек.

У новай паліклініцы пацыенты змогуць атрымаць кваліфікаваную меддапамогу па трынаццаці спецыяльнасцях. У тым ліку акушэрстве і гінекалогіі, афтальмалогіі, неўралогіі, хірургіі, атарыналарынгалогіі, стаматалогіі, педыятрыі. Змогуць прайсці таксама рэнтгеналагічную, ультрагукавую, лабараторную, функцыянальную дыягностыкі, фізіятэрапію.

Усе рабочыя месцы абсталяваны высокапрадукцыйнымі камп'ютарамі, аргтэхнікай, спецыялізаваным медыцынскім праграмным забеспячэннем. Укаранёны тэхналогіі электроннага рэцэпта і электроннай медыцынскай карты. Чалавек можа ўзяць таксама электронны талон да ўрача без звароту ў рэгістратуру. Створаны працэдурны кабінет і кабінет дзённага знаходжання. А для медперсаналу прадугледжана ўтульнае памяшканне для адпачынку, абсталяванае канапамі, трэнажорамі, настольнымі гульнямі.

Аляксандр Турчын уручыў загадчыцы паліклінікі сертыфікат на 20 тысяч рублёў.

Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна канстатаваў, што Мінскі раён — адзін з самых густанаселеных. Тут з кожным годам павялічвалася колькасць насельніцтва, паколькі інтэнсіўна будавалася жыллё. А вось інфраструктура ў сферы адукацыі, аховы здароўя адставала. «Цяпер наганяем: кожны год будуем школы, дзіцячыя сады. Неабходна, каб Мінскі раён набыў глянец прысталічнага рэгіёна. Для гэтага мы прыкладзём усе намаганні, каб дасягнуць намечанага ў максімальна сціслыя тэрміны, — запэўніў Аляксандр Турчын. — У найбліжэйшы час з'явіцца паліклініка ў Бараўлянах, новае прыёмнае аддзяленне ў Мінскай раённай цэнтральнай бальніцы, у наступным годзе — паліклініка ў Заслаўі. Мяркую, што ў 2023-м разам з горадам пачнём узвядзенне паліклінікі ў Смалявічах. Да таго ж будзем весці капітальны рамонт, набываць медыцынскае абсталяванне ў абласную і раённыя бальніцы».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.